Ераміі 5 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«Бяжыце туды-сюды вуліцамі Ерузаліму, і паглядзіце, і выведайце, і шукайце на вуліцах яго: калі знойдзеце людзіну, калі там будзе, што паўніць суд, што шукае вернасьці, і Я дарую.
 
Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім.

І хоць яны кажуць: "Жыў СПАДАР!" але прысягаюць хвальшыва».
 
Калі яны кажуць: “Як жывы ГОСПАД!”, яны прысягаюць фальшыва.

СПАДАРУ, ці не на вернасьць зьвернены вочы Твае? Ты б’еш іх, але яны ня чуюць болю; Ты губіш іх, але яны адмаўляюцца прыняць навуку; закалянелі віды свае больш за скалу, адмаўляюцца навярнуцца.
 
ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня [зьвернуты] да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.

Затым я сказаў: «Напэўна гэта небаракі, яны дурныя, бо яны не ведаюць дарогі СПАДАРОВАЕ, ані суду Бога свайго;
 
І Я сказаў: “Толькі людзі простыя робяць неразважна, бо яны ня ведаюць шляху ГОСПАДА, суду Бога свайго

Пайду сабе да вялікіх людзёў і пагутару зь імі, бо яны ведаюць дарогу СПАДАРОВУ, суд Бога Свайго»; але гэтыя ўсі разам патрышчылі йго, разарвалі вязі.
 
Дык Я пайду да людзей вялікіх і прамоўлю да іх, бо яны ведаюць шлях ГОСПАДА, суд Бога свайго”. Але яны таксама паламалі ярмо і парвалі путы.

За тое леў зь лесу заб’ець іх, сьцепавы воўк паглабае іх, леопард цікуе на іх ля местаў; хто выйдзе зь іх, будзе разарваны, бо памножыліся адвярненьні іхныя, павялічылася ізрада іхная.
 
Дзеля гэтага зьнішчыць іх леў з лесу і воўк стэповы выгубіць іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іхніх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо шматлікія грахі іхнія, пашырыліся адступніцтвы іхнія.

«Як Імне дараваць табе гэта? Сынове твае пакінулі Мяне і прысягаюць тымі, каторыя не багі. Я ўзяў прысягу зь іх, а яны бязуляць і ў доме бязуліным зьбіраюцца гурбаю.
 
Навошта Я маю быць да цябе літасьцівы? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягалі на тых, якія ня богі. І Я насыціў іх, а яны чужаложылі і зьбіраліся ў доме чужаложніцы.

Яны — упашчаныя коні: рана ўстаючы, кажны ірзаў да жонкі суседа свайго.
 
Яны сталіся як коні незацугляныя, кожны іржэ да жонкі бліжняга свайго.

Ці ня маю даведацца да такіх? — агалашае СПАДАР, — і ці такому народу, як гэты, не памсьціць душа Мая?
 
Ці ж Я за гэта ня буду караць, кажа ГОСПАД, і ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?

Узыйдзіце на сьцены й бурайце, але зьнішчэньня не рабіце; ськіньце стаўпцы яе, бо яны не СПАДАРОВЫ;
 
Узыйдзіце на муры ягоныя і разбурайце іх, але поўнага зьнішчэньня не рабіце, зьнішчыце падпоры ягоныя, бо яны не для ГОСПАДА.

Бо чыста ізрадліва ўчынілі перад Імною дом Ізраеляў а дом Юдзін, — агалашае СПАДАР. —
 
Бо здраджваючы, здрадзіў Мне дом Ізраіля і дом Юды, кажа ГОСПАД.

Яны перачылі быцьцю СПАДАРА й казалі: "Няма Яго, і ня прыйдзе ліха на нас, і не абачым мы мяча ані галадові".
 
Яны выракліся ГОСПАДА і казалі: “Няма Яго. Ня прыйдзе на нас ліха, мы ня ўбачым ані мяча, ані голаду”.

Прарокі будуць як узьвей-вецер, і слова нямаш у іх; так станецца ім».
 
Прарокі будуць як вецер, і ня будзе ў іх слова. І гэтак ім станецца.

Затым гэтак кажа СПАДАР Бог войскаў: «За тое, што вы кажаце гэтае слова, вось, Я перакіну словы Мае ў цяпло ў роце тваім, а люд гэты ў дровы, і яно пажарэць іх.
 
Таму гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. За тое, што вы гаварылі слова гэтае, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дровамі, і [агонь] зжарэ іх.

Гля, прывяду народ здалеку на вас, доме Ізраеляў, — агалашае СПАДАР, — народ магучы, народ старавечны, народ, каторага мовы ты ня знаеш ані разумееш, што яны кажуць.
 
Вось, Я навяду на вас, дом Ізраіля, народ здалёк, кажа ГОСПАД, народ дужы, народ старадаўні, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і не разумееш, што ён гаворыць.

Сагайдак ягоны — як адчынены гроб; усі яны харобрыя.
 
Сагайдак ягоны — быццам труна адкрытая; усе яны — волаты.

І ён паесьць жніво твае, і хлеб твой яны паядуць; сыноў тваіх а дачкі твае ён ізьесьць, ізьесьць драбны й буйны статак твой, віны твае й фіґавыя дзервы твае; зголе мячом умацаваныя месты твае, на каторыя ты спадзяваўся.
 
І зьесьць ён жніво тваё і хлеб твой, зьесьць сыноў тваіх і дочак тваіх, зьесьць авечак тваіх і быдла тваё, зьесьць вінаграднікі твае і дрэвы фігавыя твае, зьнішчыць мячом умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяваўся.

Але й тых дзён, — агалашае СПАДАР, — ня выгублю вас супоўна.
 
Але ў тыя дні, кажа ГОСПАД, Я не зраблю, [што будзе] вам канец.

І будзе, калі скажуць вам: "За што СПАДАР, Бог наш, робе ўсе гэта нам?" тады адказуй ім: "Як вы пакінулі Мяне й служылі багом чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужаземцам у зямлі не сваёй".
 
І станецца, калі скажуць: “За што зрабіў нам усё гэта ГОСПАД, Бог наш?”, ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі багам чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужынцам у зямлі ня вашай”

Абясьціце гэта ў доме Якава і агаласіце ў Юдэі, кажучы:
 
Паведамце пра гэта дому Якуба, і абвясьціце гэта ў Юдзе, кажучы:

"Слухайце ж цяпер гэта, людзе дурны й бяз сэрца, што мае вочы, але ня бача, і мае вушы, але ня чуе:
 
“Паслухай гэта, прашу, народ бяз розуму і бяз сэрца, які мае вочы, і ня бачыць, мае вушы, і ня чуе.

Ці вы не баіцеся Мяне? — агалашае СПАДАР, — ці ня будзеце дрыжэць ад прытомнасьці Мае, Каторы палажыў пясок граніцаю мора, загадаю вечнаю, зь якое яно ня можа выступіць; і хоць хвалі кідаюцца, ня могуць, адылі, здолець; хоць яны равуць, ня могуць, адылі, перайсьці яго.
 
Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць [хвалі], але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць [мяжы].

А ў гэтага люду сэрца бунтоўнае а звадлівае; яны збунтаваліся й пайшлі.
 
А ў гэтага народу сэрца ўпартае і бунтаўнічае; яны адступіліся і адыйшлі,

І не сказалі ў сэрцу сваім: "Пабаімся ж СПАДАРА, Бога нашага, што даець дождж, раньні й позны ўпару, заховуе нам прызначаныя тыдні жніва’.
 
і не сказалі ў сэрцы сваім: “Мы будзем баяцца ГОСПАДА, Бога нашага, Які дае нам дождж у свой час, дождж раньні і позьні, Які захоўвае для нас вызначаныя тыдні жніва”.

Бяспраўі вашы адвярнулі гэта, і грахі вашыя запынілі ад вас добрае;
 
Беззаконьне вашае ўхіліла гэта, і грахі вашыя стрымалі даброцьці гэтыя,

Бо апынуліся сярод люду Майго нягоднікі, яны цікуюць, як становячыя загубу, ловяць людзёў.
 
бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць як птушкаловы, стаўляюць пасткі, ловяць людзей.

Як клетка поўная птушак, так дамы іхныя поўныя ашукі; затым яны сталі вялікія й забагацелі.
 
Як клетка поўная птушак, так дамы іхнія поўныя падману, і такім чынам яны становяцца слаўнымі і багатымі,

Яны ўеліся, лышчаць, перайшлі ўчынкі нягодных, ня судзяць справы, справы сіротаў; маюць, адылі, дасьпех, і справаў бедных ня судзяць.
 
сытымі і гладкімі, і перакрочваюць усякую меру зла. Яны ня судзяць справядліва справу сіраты, і маюць посьпех, і судовую [справу] ўбогіх не разглядаюць.

Ці ня маю даведацца да такіх? — агалашае СПАДАР, — ці такому народу, як гэты, не памсьціць душа Мая?"
 
Ці ж за гэта Я ня буду караць іх, кажа ГОСПАД, і ці ж народу такому не адпомсьціць душа Мая?

Зумяваючыя а страшныя справы дзеяліся на зямлі:
 
Дзіўнае і жудаснае дзеецца ў зямлі гэтай:

Прарокі праракаюць ману, і сьвятарове радзяць подле рук іхных, і люд Мой так любе гэта; але што зробяць наапошку?»
 
прарокі прарочаць ілжыва, сьвятары навучаюць як хочуць, і народ Мой любіць гэта. Але што вы будзеце рабіць, калі [прыйдзе] гэтаму канец?”