Ераміі 7 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Слова, што было да Ярэмы ад Спадара, кажучы:
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
«Стань у браме дому СПАДАРОВАГА, і агаласі там гэтае слова, і скажы: "Слухайце слова СПАДАРОВА, уся Юдэя, што ўходзіце ў гэтыя брамы кланяцца СПАДАРУ"».
«Стань у браме Дому ГОСПАДА і абвяшчай там слова гэтае, і кажы: “Слухайце слова ГОСПАДА, усе з Юды, якія ўваходзіце праз брамы гэтыя, каб пакланіцца ГОСПАДУ.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Палепшыце дарогі вашы а ўчынкі вашы, і Я прычыню, што вы будзеце жыць на месцу гэтым.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і Я дазволю вам жыць на месцы гэтым.
Не здавайцеся на манлівыя словы тых, што кажуць: "Сьвятыня СПАДАРОВА, сьвятліня СПАДАРОВА, сьвятыня СПАДАРОВА гэта".
Не спадзявайцеся на словы хлуслівыя, якія кажуць: “Сьвятыня ГОСПАДА, сьвятыня ГОСПАДА, сьвятыня ГОСПАДА!”
Але калі супоўна паправіце дарогі вашы а ўчынкі вашы; калі верна будзеце тарнаваць суд памеж людзіны й суседа ейнага;
Бо калі вы, выпраўляючы, выправіце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і калі, чынячы [суд], будзе чыніць суд адзін адносна другога,
Калі ня будзеце ўціскаць чужаземца, сіраты а ўдавы, і ня будзеце разьліваць нявіннае крыві на месцу гэтым ані хадзіць за чужымі багамі на шкоду сабе, —
калі ня будзеце крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву, і ня будзеце праліваць крыві нявіннай на месцы гэтым, і калі ня пойдзеце за іншымі багамі сабе на гора,
Тады Я пакіну вас жыць на месцу гэтым, на зямлі, што даў Я бацьком вашым на векі а векі.
Я дазволю вам жыць на месцы гэтым, у зямлі, якую Я даў бацькам вашым ад вякоў і на вякі.
Вось, вы спадзяіцеся на манлівыя словы, каторыя бескарысныя.
Вось, вы спадзяецеся на словы фальшывыя, якія не дапамагаюць.
Ці добра, што, крадучы, забіваючы а чужаложачы а хвальшыва прысягаючы а кадзячы Ваалу а ходзячы за чужымі багамі, каторых вы ня знаеце,
Вы будзеце красьці, забіваць, чужаложыць, прысягаць фальшыва, паліць кадзіла Баалу, хадзіць за іншымі багамі, якіх ня ведаеце,
І прыходзіце, і становіцеся перад Імною ў доме гэтым, каторы Я назваў імям Сваім, і кажаце: "Мы спасёны", каб рабіць усі гэтыя агіды?
а [потым] прыйдзеце і станеце перад абліччам Маім у Доме гэтым, над якім клічуць імя Маё, і скажаце: “Мы выратаваныя”, каб і далей рабіць усе гэтыя брыдоты?
Ціж пячораю разбойнікаў у ваччу вашым стаў дом гэты, каторы Я назваў імям Сваім? Гля, нават Я бачыў, — кажа СПАДАР.
Хіба пячорай разбойнікаў стаўся ў вачах вашых Дом гэты, над якім клічуць імя Маё? Але Я гэта бачу, кажа ГОСПАД.
Бо йдзіце ж на месца Мае, што ў Шыле, ідзе спачатку Я быў палажыўшы імя Свае, і глядзіце, што зрабіў Я яму за нягоднасьць люду Свайго Ізраеля.
Ідзіце, прашу, да месца Майго ў Шыло, дзе даўней выбраў Я сялібу для імя Майго, і паглядзіце, што Я зрабіў яму з прычыны ліхоцьця народу Майго, Ізраіля.
І цяпер, за тое, што вы рабілі ўсе гэта, — агалашае СПАДАР, — і казаў вам, устаючы нараніцы й кажучы, а вы ня слухалі, Я гукаў вас, а вы не адказавалі;
А цяпер, за тое, што вы ўчынілі ўсе справы гэтыя, кажа ГОСПАД, і Я прамаўляў да вас, прамаўляючы безупынна, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адгукаліся,
То ўчыню гэтаму дому, што завецца імям Маім, на каторы спадзяіцеся, і гэтаму месцу, што даў Я вам а бацьком вашым, як Я ўчыніў із Шылом.
Я зраблю Дому гэтаму, над якім клічуць імя Маё і на які вы спадзяецеся, і месцу гэтаму, якое Я даў вам і бацькам вашым, тое самае, што Я зрабіў з Шыло.
І адкіну вас ад віду Свайго, як адкінуў Я ўсіх братоў вашых, усе насеньне Яхрэмава.
І Я адкіну вас ад аблічча Майго, як Я адкінуў усіх братоў вашых, усё насеньне Эфраіма.
А ты не маліся за гэты люд, і ня ўзьнімай за іх галашэньня ані малітвы, ані прычыняйся ў Мяне; бо Я не пачую цябе.
А ты не маліся за народ гэты, і ня ўзнось просьбы і малітвы за іх, і не заступайся перада Мною, бо Я ня выслухаю цябе.
Хіба ты ня бачыш, што яны робяць у местах Юдэі і нават на вуліцах Ерузаліму?
Ці ты ня бачыш, што робіцца ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму?
Сынове зьбіраюць дровы, а бацькі кладуць цяпло, жонкі месяць цеста, каб зрабіць перапечкі караліцы неба, ільлюць выліваньні багом чужым, каб гнявіць Мяне.
Сыны зьбіраюць дровы, бацькі распальваюць агонь, а жанчыны месяць цеста, каб нарабіць аладак для “валадаркі нябеснай”, і выліваюць ахвяры вадкія для багоў чужых, каб абражаць Мяне.
Але ці Мяне гневяць? — агалашае СПАДАР; — ці ня дзеюць супроці сябе самых дзеля паганьбеньня віду свайго?»
Ці Мяне яны абражаюць, кажа ГОСПАД, ці больш сябе, на ганьбу абліччаў сваіх?
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Вось гнеў Мой і гарачы гнеў Мой на месца гэтае, на чалавека й на статак, на дзервы палявыя а на плады зямлі; ён узгарыцца і не пагасьне».
Таму гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, гнеў Мой і ярасьць Мая выліваецца на месца гэтае, на чалавека і на жывёлу, на дрэвы палявыя і на плады зямлі, ён гарыць і не затухае”.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Усепаленьні вашы дадайце да аброкаў вашых і ежча мяса;
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дадавайце цэласпаленьні вашыя да ахвяраў вашых і ешце мяса!”
Бо не казаў Я айцом вашым і не расказаў ім усепаленьні а аброкі таго дня, каторага вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае.
Бо Я не прамаўляў да бацькоў вашых і не загадваў ім у дзень, калі выводзіў іх з зямлі Эгіпецкай, адносна цэласпаленьняў і ахвяраў,
Я адно расказаў ім наступное, кажучы: "Слухайце голасу Майго, і Я буду вашым Богам, а вы будзеце Маім людам, і хадзіце па кажнай дарозе, па каторай Я расказаў вам хадзіць, каб вам было добра".
але загадаў ім слова гэтае, кажучы: “Слухайце голас Мой, і Я буду вам Богам, а вы будзеце Мне народам. Хадзіце ўсякім шляхам, якім Я загадаў вам [ісьці], каб вам добра было”.
Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але хадзілі подле радаў, подле ўпорліваеьці ліхога сэрца свайго, і пайшлі назад, а не наперад.
Але яны не паслухалі і не прыхілілі вуха сваё, і пайшлі паводле закамянеласьці сэрца свайго ліхога, і павярнуліся [да Мяне] плячыма, а не абліччам.
Адгэнуль, як бацькі вашыя вышлі ізь зямлі Ягіпецкае, аж дагэтуль пасылаў Я да вас усіх слугаў Сваіх — прарокаў, што дзень рана ўстаючы й пасылаючы;
Ад дня, калі бацькі вашыя выйшлі з зямлі Эгіпецкай аж да дня гэтага Я, пасылаючы, пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, штодня безупынна,
Але яны ня слухалі Мяне, не нахіналі вуха свайго, але закалянілі завыек свой, рабілі горш за айцоў сваіх.
але вы ня слухалі Мяне, і не прыхілілі вуха сваё, і зрабілі цьвёрдым карак свой, і сталіся горшымі, чым бацькі вашыя”.
Ты будзеш гукаць ім усі гэтыя словы, але яны не паслухаюць цябе; ты будзеш таксама гукаць іх, але яны не адкажуць табе.
І ты прамовіш да іх усе словы гэтыя, але яны не паслухаюць цябе, і будзеш клікаць іх, але яны не адгукнуцца.
Але ты скажаш ім: "Гэта народ, што ня слухае голасу СПАДАРА, Бога свайго, ня прыймае навукі; загінула вернасьць і адцята ад вуснаў іхных".
І ты скажаш ім: “Гэта народ, які не паслухаў голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і не прыняў настаўленьня”. Зьнікла праўда, счэзла з вуснаў іхніх!
Астрыжы валасы на галаве сваёй і кінь іх, і панясі на высокія месцы галашэльную песьню; бо адхінуў СПАДАР і пакінуў род гневу Свайго;
Абстрыжы валасы твае і адкінь [іх], і падымі лямант на вышынях, бо адкінуў ГОСПАД і пакінуў пакаленьне гневу Ягонага.
Бо сынове Юдзіны зьдзеялі ліха ў ваччу Маім, — агалашае СПАДАР: — у доме, каторы Я назваў імям Сваім, пастанавілі агіды, каб упаганіць яго;
Бо сыны Юды чыняць зло на вачах Маіх, кажа ГОСПАД, паставілі ідалаў сваіх у доме, над якім клічуць імя Маё, каб зьняважыць Яго.
І збудавалі вышыні Тофет, што ў даліне сына Гінномовага, каб паліць сыноў сваіх і дачкі свае ў цяпле, чаго Я не расказаў ані прыходзіла гэта ўдум Імне.
І пабудавалі ўзгорак Тафэт у лагчыне Бэн-Гінном, каб паліць у агні сыноў сваіх і дачок сваіх, а гэтага Я не загадваў ім, і не прыйшло гэта на сэрца Маё.
За тое, вось, прыходзяць дні, — агалашае СПАДАР, — што наперад ня будзе казацца Тофет ані даліна сына Гінномавага, але даліна забіўства, бо будуць хаваць у Тофеце, бо няма месца.
Дзеля гэтага прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць казаць пра Тафэт або пра лагчыну Бэн-Гінном, але пра Даліну забойства, і ў Тафэце будуць хаваць памёршых дзеля нястачы [іншага] месца.
І трупы гэтага люду будуць жырам птушкам нябёсным і зьвяром земным, і ніхто ня будзе пудзіць іх.
І стануцца трупы народу гэтага пажывай для птушак нябесных і для зьвяроў зямлі, і ніхто ня будзе адганяць [іх].
І Я прычыню, каб перастаў у местах Юдзіных і на вуліцах Ерузаліму голас радасьці а голас весялосьці, голас князя маладога а голас княгіні маладое; бо спустошаньням стане зямля.
І Я зраблю, што зьнікне ў гарадах Юды і ў Ерусаліме голас радасьці і голас вясёласьці, голас жаніха і голас нявесты, бо пусткай станецца зямля гэтая.