Езэкііля 1 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася трыццатага году, чацьвертага месяца, пятага дня месяца, як я быў меж палоненікаў ля ракі Хевар, што адчыніліся нябёсы, і я бачыў Божыя відзені.
І сталася ў трыццатым годзе, у чацьвёртым [месяцы], у пятым [дні] месяца, і я [стаяў] сярод выгнанцаў над ракою Кевар. Адкрыліся нябёсы, і я бачыў відзеж Божы.
Пятага дня месяца, каторы пятага году палону караля Егояхіна,
У пяты [дзень] месяца, а гэта быў пяты год палону валадара Егаякіма,
Выразьліва было слова СПАДАРОВА Езэкіелю Вузянку, сьвятару, у зямлі Хальдэйскай, ля ракі Хевар, і рука СПАДАРОВА была там на ім.
было слова ГОСПАДА да Эзэкіэля, сына Бузі, сьвятара, у зямлі Халдэйцаў над ракою Кевар. І была там над ім рука ГОСПАДА.
І бачыў я, і вось, буйны вецер веяў з поўначы, вялікі булак, і падаючы агонь ізь зіхценьням навокал яго, а ізь сярэдзіны яго штось бліскала, як бліскучы бруштын, ізь сярэдзіны цяпла.
І я ўбачыў, і вось, вецер гвалтоўны прыйшоў з поўначы, і хмара вялікая, і агонь палючы, і зьзяньне кругом, а ў сярэдзіне ягонай — нібыта бурштын, [які зьзяе] ў сярэдзіне агню.
Таксама ізь сярэдзіны яго вышла падобнасьць чатырох жывых стварэньняў, і такі быў выгляд іх: падобнасьць людзіны ў іх;
А ў сярэдзіне ягонай было падабенства чатырох [істотаў] жывых; і мелі яны выгляд чалавека.
і ў кажнага зь іх чатыры крылы;
І кожная мела чатыры абліччы, і кожная мела чатыры крылы.
І ногі іхныя — простыя ногі, і ступы ног іхных — як ступы нагі цяляці, і блішчэлі, як бліск паліраванае бронзы;
Ногі іхнія — ногі простыя, а стопы ног іхніх — як стопы ног цяляці; і блішчэлі яны, як медзь блішчастая.
І рукі людзкія пад крыламі на чатырох старанах іхных, чатыры віды а чатыры крылы ў вусіх чатырох;
Пад крыламі іхнімі [былі] рукі людзкія па чатырох баках іхніх. Абліччы і крылы [былі] ў-ва ўсіх чатырох.
Крылы іхныя датыкакаліся адно да аднаго; яны не абарачаліся, як яны йшлі; ішлі кажны проста наперад.
І крылы іхнія прылягалі адны да другіх, і яны не адварочваліся, калі ішлі; кожная [істота] ішла проста перад абліччам сваім.
Што да падобнасьці відаў іхных, то від чалавека й морда лява з права ў вусіх чатырох; і пыск вала зь лева ў вусіх чатырох; і ґлюґа арла таксама ў вусіх чатырох.
Абліччы іхнія выглядалі як аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку чатырох [істотаў], і як аблічча вала з левага боку чатырох [істотаў], і як аблічча арла ў чатырох [істотаў].
Гэткія былі віды іхныя. І віды іхныя, і крылы іхныя выцягненыя ўгару, два кажнага датыкаліся адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхныя.
Абліччы іхнія і крылы іхнія былі скіраваныя ўгару, два [крылы] прылягалі адзін да аднаго, а два акрывалі целы іхнія.
І йшлі кажны проста наперад; куды дух меў ісьці, туды яны йшлі; ідучы не абарачаліся.
І кожная [істота] ішла [проста] перад аблічча сваё, яны ішлі туды, куды іх Дух вёў, і ідучы, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
Што да падобнасьці жывых стварэньняў, то выгляд іх як жарыны, як выгляд палаючых сьветачаў, што хадзілі памеж жывых стварэньняў; цяпло блішчэла, і зь цяпла выходзіла маланка.
А выгляд тых [істотаў] жывых — быццам гарачыя вуглі распаленыя, падобныя да паходняў, якія рухаюцца між тымі [істотамі] жывымі. Агонь зьзяў, і з агню выходзілі маланкі.
І жывыя стварэньні беглі й зварачаліся, як выгляд бліску маланкі.
І [істоты] жывыя ішлі і варочаліся назад, нібы маланкі.
І як я глядзеў на жывыя стварэньне абачыў адно кола на зямлі каля жывых стварэньняў у чатырох выглядаў іх.
І я бачыў тыя [істоты] жывыя, а вось, адно кола на зямлі пры кожнай з тых чатырох [істотаў] жывых.
Што да выгляду колаў, то падобныя да колеру бэрылу, і падобнасьць адна ў вусіх чатырох; і выгляд іх і выраб іх, быццам было кола ў сярэдзіне кола.
Выгляд тых колаў і выраб іхні — як выгляд хрызаліту, і ўсе чатыры мелі той самы выгляд, і выгляд іхні і выраб, нібыта адно кола было ў другім.
Як яны йшлі, яны хадзілі на чатыры стараны свае; як яны йшлі, яны не абарачаліся.
Яны ішлі ў хадзе сваёй на чатыры бакі; а калі ішлі, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
Што да абадоў, то яны былі такія высокія, што былі страшныя; і ў вусіх чатырох абадоў было поўна ачоў навокал.
Абруч іхні быў велізарны; і выгляд іх і абручоў іхніх у-ва ўсіх чатырох быў поўны вачэй кругом.
І як ішлі жывыя стварэньне ішлі й колы ля іх; і як падыймаліся ізь зямлі жывыя стварэньні, падыймаліся й колы.
А калі ішлі гэтыя [істоты] жывыя, ішлі колы іхнія разам з імі. Калі [істоты] падымаліся з зямлі, падымаліся таксама колы.
Куды духу надабе было йсьці, яны йшлі туды; і колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
Куды кіраваў іх Дух, каб ішлі, яны ішлі туды, куды Дух [хацеў] ісьці, і колы падымаліся з імі, бо дух [істоты] жывой [быў] у колах.
Як ішлі гэныя, ішлі гэтыя; і як гэныя стаялі, стаялі гэтыя; і як гэныя падыймаліся ізь зямлі, колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
Калі рухаліся [істоты], рухаліся [колы], а калі спыняліся, і [колы] спыняліся; калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся, бо дух [істотаў] жывых [быў] у колах.
І падобнасьць над галавамі жывых стварэньняў — прасьцяг, як падобнасьць зумяваючага крышталю, прасьцягненага зьверху над галавамі ў іх.
Над галовамі гэтых [істотаў] жывых было штосьці, быццам прасьцяг неба, быццам крышталь, які ірдзее, раскінуты над галовамі іхнімі ўгары.
І пад прасьцягам былі крылы іхныя, проста адно ля аднаго; у кажнага два — пакрыцьце ім на целы іхныя.
А пад прасьцягам былі ўзьнятыя крылы іхнія, адно побач другога; і кожная [істота] мела па два [крылы], якімі закрывалі целы свае.
І як яны йшлі, чуў шум крылаў іхных, як шум вялікіх водаў, як голас Усемагучага, гом сумятні, гоман табару; як яны адзержаваліся — апушчалі крылы свае.
Калі яны ішлі, чуўся шум крылаў іхніх, як шум мноства водаў, як голас Усемагутнага, голас гоману, як гармідар табару [вайсковага]; а калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
І быў голас зьверху прасьцягу, каторы над галавамі іхнымі; як яны адзержаваліся, апушчалі крылы свае.
І быў голас па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі. А калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
І над прасьцягам, што над галавамі іхнымі, быў выгляд шафіру, падобнасьць пасаду; і на падобнасьці пасаду падобнасьць выгляду чалавека, зьверху над ім.
А па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі, было штосьці, падобнае да пасаду, што мела выгляд камяня шафіру, і на тым падабенстве пасаду — быццам постаць чалавека на ім угары.
І я бачыў падобнасьць бруштыну, як выгляд цяпла навокал яго ў ім, ад выгляду сьцёгнаў ягоных угару; і ад выгляду сьцёгнаў ягоных далоў я бачыў быццам выгляд цяпла, і было зьзяньне навокал яго.
І ўбачыў я нібыта бляск бурштыну і нібыта выгляд агню ўнутры яго наўкола, [пачынаючы] ад таго, што выглядала як сьцёгны, і вышэй. А ўніз ад таго, што выглядала як сьцёгны, бачыў я штосьці, як агонь, і бляск вакол яго.
Як выгляд вясёлкі, што ў булаку ў дзень дажджу, такі быў выгляд зьзяньня навокал. Гэта быў выгляд падобнасьці сьці СПАДАРОВАЕ. І як я абачыў, паў на від і чуў голас гукаючага,
Як зьяўленьне вясёлкі на воблаках у дзень дажджлівы, такі быў выгляд бляску таго наўкола. Ён [меў] выгляд, падобны да славы ГОСПАДА. І я ўбачыў яе, і ўпаў на аблічча маё, і пачуў голас, які прамаўляў.