Асіі 1 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Слова СПАДАРОВА, што было Госі Беронку за дзён Узі, Ёфама, Агаза, Гэзэкі, каралёў Юдэйскіх, і за дзён Еровоама Ёашонка, караля Ізраельскага.
Слова ГОСПАДА, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні Узіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, валадароў Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаша, валадара Ізраіля.
Пачатак слова СПАДАРОВАГА Госям. І сказаў СПАДАР Госі: «Ідзі, вазьмі сабе жонку зь бязуляў і дзеці зь бязулства, бо зямля надта бязулствавала, адыходзячы ад СПАДАРА».
Пачатак слова ГОСПАДА праз Осію. І сказаў ГОСПАД да Осіі: «Ідзі, вазьмі сабе жанчыну распусную і дзяцей распусты. Бо распустаю распусьнічае зямля гэтая перад ГОСПАДАМ».
І пайшоў ён, і ўзяў Ґомер Дыў-Лаімішку; і яна зачала, і нарадзіла яму сына.
І ён пайшоў, і ўзяў [за жонку] Гомэр, дачку Дыблаіма, і яна зачала, і нарадзіла яму сына.
І сказаў СПАДАР яму: «Назаві імя ягонае Езрэель, бо яшчэ крыху, і Я спаганю кроў Езрэеля на доме Егавым, і спыню каралеўства дому Ізраелявага.
І сказаў ГОСПАД да яго: «Назаві імя ягонае Езрээль, бо яшчэ трохі, і Я наведаю за кроў Езрээля дом Егу і спыню валадарства дому Ізраіля.
І станецца таго дня, што я патрышчу лук Ізраеляў у даліне Езрэелявай».
І станецца ў той дзень, што Я зламлю лук Ізраіля ў даліне Езрээль».
І зачала яна ізноў, і сказаў яму: «Назаві імя ейнае: Ло-Ругама, бо наперад Я ня буду спагадаць дому Ізраеляваму, каб, даруючы, дараваў ім.
І зачала яна зноў, і нарадзіла дачку. І сказаў [Госпад] да яго:«Назаві імя ейнае Лё-Рухама, бо ўжо не зьяўлю міласьці над домам Ізраіля, бо, узьнімаючыся, узьнімуся супраць яго.
А дом Юдзін я пажалею а выбаўлю іх СПАДАРОМ, Богам іхным, а ня выбаўлю іх лукам, ані мячом, ані бітвою, ані коньмі, ані коньнікамі».
Але дому Юды зьяўлю міласьць і збаўлю іх праз ГОСПАДА, Бога іхняга, але ня збаўлю іх ані лукам, ані мячом, ані вайною, ані канямі, ані вершнікамі».
Адвучыўшы Ло-Ругаму, яна зачала а нарадзіла сына.
І адлучыла ад грудзей Лё-Рухаму, і зачала, і нарадзіла сына.
І сказаў: «Назаві імя ягонае: Лоамі, бо вы ня люд Мой, і я ня буду вашым».
І сказаў [Госпад]: «Назаві імя ягонае Лё-Аммі, бо вы — не народ Мой, і Я ня буду [Богам] вашым».
яшчэ будзе лік сыноў Ізраелявых, як пясок морскі, каторага нельга памераць ані палічыць; і станецца, замест тога, што казалі ім: «Вы ня люд Мой», скажуць ім: «Вы сынове БОГА жывога».
І будзе лік сыноў Ізраіля як пясок марскі, якога нельга ані памераць, ані палічыць. І станецца, што ў месцы, у якім было сказана ім: «Вы — не народ Мой», будзе сказана ім: «Вы — сыны Бога Жывога».
І зьбяруцца разам, і прызначаць сабе аднаго за галаву, і ўзыйдуць ізь зямлі; бо вялікі дзень Езрэеляў.
І зьбяруцца сыны Юды і сыны Ізраіля разам, і паставяць сабе адну галаву, і ўздымуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрээля.