Асіі 12 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Яхрэм пасьвіць вецер і гоніцца за ўсходнім ветрам; што дзень множа ману а спустошаньне; робе змову з Асурам і аліву прынёс да Ягіпту.
 
Эфраім пасьвіць вецер і гоніцца за ветрам усходнім. Увесь дзень ён памнажае хлусьню і спусташэньне, і заключае запавет з Асірыяй, і выносіць алей у Эгіпет.

І ў СПАДАРА сьпярэчка зь Юдаю, і пакрые Якава подле дарогаў ягоных, подле ўчынкаў ягоных зьверне яму.
 
ГОСПАД мае справу судовую з Юдам і пакарае Якуба паводле шляхоў ягоных, паводле ўчынкаў ягоных верне [адплату] яму.

У жываце за пяту дзяржаў брата свайго і моцаю сваёю пакняску ставіўся да Бога.
 
Яшчэ ва ўлоньні ён ухапіў за пяту брата свайго і сілаю сваёю змагаўся з Богам.

Але, дужаўся з Ангілам — і здужаў, плакаў і маліў Яго; у Бэт-Элю знайшоў Яго і там гукаў з намі;
 
І змагаўся ён з анёлам, і перамог. Плакаў і прасіў ласкі ў Яго, у Бэтэлі знайшоў Яго, і там Ён размаўляў з намі.

А СПАДАР — Бог войскаў; СПАДАР памятка Ягоная.
 
Гэта ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, ГОСПАД — памятнае [імя] Ягонае.

Затым і ты навярніся да Бога свайго; заховуй міласэрдзе а суд і жджы Бога свайго кажначасна.
 
А ты вярніся да Бога твайго, захоўвай міласэрнасьць і суд, і заўсёды чакай на Бога твайго.

Канаанец, ашукная вага ў руццэ ягонай; ён любе ашукаць;
 
Ханаан у руцэ сваёй мае вагі фальшывыя, любіць прыгнёт.

І Яхрэм кажа: «Я забагацеў, я прыдбаў сабе маемасьць, у вусіх працах маіх ня знойдуць бяспраўя ў імне, што было б грэхам».
 
І сказаў Эфраім: «Але я ўзбагаціўся, знайшоў сілу для сябе. У-ва ўсіх высілках маіх ня знойдзена ў-ва мне няправасьці, якая б была грахом».

І Я, СПАДАР, Бог твой ад зямлі Ягіпецкае; яшчэ асялю цябе ў буданох, як за дзён прызначанага сьвята.
 
Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай. І Я зноў вярну цябе ў намёты, як у дні спатканьня [са Мною].

Гукаў Я таксама прарокамі, і мнажыў відзені, і ўжываў падобнасьці рукамі прарокаў.
 
І Я прамаўляў да прарокаў, і Я памнажаў відзежы, і праз прарокаў даваў прыповесьці.

Бяспраўе ў Ґілеадзе, напэўна яны марнасьць; абракаюць цяляты ў Ґілґале; нават аброчнікі іхныя як кучы ў барознах поля.
 
Калі ў Гілеадзе няправасьць, станецца [ўсё] марнотаю; [дарэмна] ў Гільгале валоў складаюць у ахвяру. Ахвярнікі іхнія — як крушня на разараным полі.

І Якаў ўцёк да поля арамскага, і Ізраель служыў за жонку, і сьцярог за жонку.
 
І ўцёк Якуб на палі Араму, і служыў Ізраіль за жонку, і за жонку пільнаваў [статак].

І прарокам вывеў СПАДАР Ізраеля зь Ягіпту, і прарокам Ён сьцярог яго.
 
І праз прарока ГОСПАД вывеў Ізраіля з Эгіпту, і праз прарока Ён захоўваў яго.

Горка квяліў Яхрэм да гневу, за тое кроў сваю пакіне на сабе, і ганьбу ягоную аберне СПАДАР на яго.
 
Але Эфраім упарта раздражняў [Бога], і Ён пакінуў на ім кроў ягоную, і ганьбу ягоную верне яму Госпад ягоны.