Асіі 14 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Самара будзе спустошана, бо яна паўстала супроці Бога: ад мяча паваляцца яны, дзецяняты іхныя будуць разьбіты, і цяжарныя іхныя будуць распораны.
 
Вінаватая Самарыя, бо збунтавалася супраць Бога свайго. Яны ўпадуць ад мяча, немаўляты іхнія будуць пабітыя [аб скалу], і цяжарныя іхнія будуць пасечаныя.

Навярніся, Ізраелю, да СПАДАРА, Бога свайго, бо ты спатыкнуўся з прычыны бяспраўя свайго.
 
Навярніся, Ізраілю, да ГОСПАДА, Бога твайго, бо ты спатыкнуўся ў беззаконьні тваім.

Вазьміце із сабою словы й навярніцеся да СПАДАРА; кажыце Яму: «Даруй кажнае бяспраўе й прыймі ласкава, дык мы заплацім цялём вуснаў нашых.
 
Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да ГОСПАДА. Скажыце Яму: «Даруй усе беззаконьні і прыймі тое, што добрае, і мы прынясем ахвяру вуснаў нашых.

Асур ня выбаве нас; мы ня будзем езьдзіць конна на конях і наперад ня скажам рабоце рук нашых: "Багове нашы", бо ў Цябе сірата знаходзе спагаду».
 
Асірыя ня збавіць нас. Ня будзем езьдзіць на конях і ня будзем казаць “божа наш” вырабу рук нашых. Бо ў Табе знойдзе міласьць сірата».

Вылячу адвярненьне іхнае, ахвотна буду любіць іх, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.
 
Я вылекую адступніцтва іхняе, палюблю іх ахвотна, бо гнеў Мой адвернецца ад іх

Я буду расою Ізраелю; ён заквіціць, як ліля, і пусьце карэньне сваё, як Лібан.
 
Я буду для Ізраіля як раса, ён заквітнее як лілея і пусьціць карані свае [як кедр] на Лібане.

Разрастуцца галузы ягоныя, і харашыня ягоная будзе, як аліўнага дзерва, і пах, як лібанскі.
 
Разрастуцца галіны ягоныя і станецца як у аліўкі хараство ягонае, і водар ягоны — як Лібан.

Зьвернуцца тыя, што жылі пад сьценям ягоным, ажывуць, як збожжа, і вырастуць, як віно, памятка ягоная будзе, як віна лібанскага.
 
Вернуцца яны і будуць сядзець у ценю ягоным, ажывуць, як збожжа, расквітнеюць, як лаза вінаградная, памяць іхняя — як віно Лібану.

Яхрэм скажа: «Што я маю рабіць із балванамі?» Я адказаў і назіраў яго; Я як зялёны кіпрыс; зь Мяне знойдзены плады твае.
 
Эфраім скажа: «Што мне ўжо да ідалаў?» Я адкажу табе і буду глядзець на цябе. Я — як кіпарыс зялёны, дзякуючы Мне ты знаходзіш плод твой.

Хто мудры і зразумее гэта? разумны і даведаецца? бо дарогі СПАДАРОВЫ правільныя, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, але выступнікі паваляцца на іх.
 
Хто мудры, няхай зразумее гэта, і хто разумны, няхай пазнае, бо простыя шляхі ГОСПАДА, і праведныя будуць хадзіць па іх, а адступнікі спатыкнуцца.