Амоса 1 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Словы Амосавы, што быў меж аўчароў фекойскіх, каторыя ён відзеў праз Ізраеля за дзён Узя, караля Юдэйскага, і за дзён Еровоама, караля Ізраельскага, два гады перад трасеньням зямлі.
Словы Амоса, што быў [адным] з гадоўцаў авечак у Тэкоа, якія ён бачыў пра Ізраіль у дні Узіі, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля, два [гады] перад землятрусам.
І сказаў ён: «СПАДАР загрыміць із Сыёну і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і сялібы пастускія будуць у жалобе, і высахне верх Кармілу».
І ён сказаў: «ГОСПАД зарыкае з Сыёну і дасьць голас Свой з Ерусаліму, і сялібы пастухоў будуць у жалобе, і высахне вяршыня Кармэлю.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Дамашку, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны малацілі зялезнымі снадзівамі Ґілеад;
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Дамаску, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны малацілі Гілеад зубцамі жалезнымі.
Але пашлю цяпло на дом Газаеляў, і зжарэць палацы Вен-Гададовы.
І Я спашлю агонь на дом Хазаэля, і ён зжарэ палацы Бэн-Гадада.
І патрышчу завалу Дамашку, і адатну жыхараў з даліны Авен і дзяржачага ськіпетру з дому Едэнавага, і люд арамскі пойдзе ў палон да Кіра», — кажа СПАДАР.
І Я разаб’ю засаўкі Дамаску, і вынішчу жыхароў з даліны Авэн і таго, хто трымае скіпетр у Бэт-Эдэне, і народ Сірыі пойдзе ў палон да Кіра, кажа ГОСПАД”.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Ґазы, нават за чатыры, не дарую ёй, бо яны завялі іх у палон, у палон супоўны, каб перадаць іх Едому.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Газы, нават за чатыры, не дарую ёй, бо яны ўсіх чыста бралі ў палон паланеньнем, каб выдаць іх Эдому.
І пашлю цяпло на сьцяну Ґазы, і яно зжарэць палацы яе.
І Я спашлю агонь на муры Газы, і ён зжарэ палацы ейныя.
І адатну жыхараў з Ашдоду і дзяржачага ськіпетру з Ашкелону, і зьвярну руку Сваю на Екрон, і загіне астача Пілішчан», — кажа Спадар СПАДАР.
І Я вынішчу жыхароў Ашдоду і таго, хто трымае скіпетр у Ашкелоне, і павярну руку Маю на Экрон, і загіне рэшта Філістынцаў, кажа Госпад ГОСПАД”.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Тыру, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны перадалі іх цэлым палонам Едому і ня ўспомнелі брацкае змовы;
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Тыру, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны перадалі іх усіх чыста паланеньнем Эдому і ня памяталі запавету братэрскага.
Але пашлю цяпло на сьцяну Тыру, і зжарэць палацы яго».
І Я спашлю агонь на муры Тыру, і ён зжарэ палацы ягоныя”.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Едому, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён перасьледаваў мячом брата свайго, здушыў у сябе спагадлівасьць, і кажначасна ірваўся ў гневе сваім, і вечна захаваў злосьць;
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Эдому, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён перасьледаваў мячом брата свайго, утаймаваў спагадлівасьць сваю, і няспынна разьдзіраў [яго] ў гневе сваім, і лютасьць ягоная трывала заўсёды.
Але пашлю цяпло на Феман, каторае пажарэць палацы Воцры».
І Я спашлю агонь на Тэман, і ён зжарэ палацы Боцры”.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы сыноў Амонавых, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны распоравалі цяжарных Ґілеаду, каб магчы пашырыць граніцу сваю;
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Амона, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны распорвалі цяжарных у Гілеадзе, каб пашырыць межы свае.
Але запалю цяпло на сьцяне Раўвы, і яно зжарэць палацы яе з крыкам у дзень бітвы, зь віхром у дзень буры.
І Я распалю агонь на мурах Раббы, і ён зжарэ палацы ейныя сярод крыку ў дзень бітвы, сярод віхуры ў дзень буры.
І кароль іхны пойдзе ў палон, ён а князі ягоныя разам», — кажа СПАДАР.
І валадар іхні пойдзе ў палон, ён і князі ягоныя разам [з ім], кажа ГОСПАД”.