Аўдзея 1 разьдзел

Кніга прарока Аўдзея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Відзень Аўдава. Гэтак кажа Спадар Едому: дзейкі мы чулі ад СПАДАРА, і пасол меж народаў пасланы: «Устаньце й станьма на бітву зь ім!
 
Відзеж Абадыі. Гэтак сказаў Госпад ГОСПАД да Эдому. Вестку мы пачулі ад ГОСПАДА, і пасол між народаў пасланы: «Устаньце, і станьма на вайну супраць яго!»

Вось, малым даў цябе меж народаў, цябе вельма ўлегцы замелі.
 
Вось, малым Я зраблю цябе сярод народаў, ты [будзеш] вельмі пагарджаны.

Гордасьць сэрца твайго зьвяла цябе, о жывучы ў раськепінах скалы, што на вышыні гаспода ягоная, што кажа ў сэрцу сваім: "Хто зьвядзець мяне на зямлю?"
 
Пыхлівасьць сэрца твайго зьвяла цябе, які жывеш у расколінах скалы, які на вышыні [маеш] сялібу і кажаш у сэрцы тваім: «Хто скіне мяне на зямлю?»

Калі ўзвышшыся, як арол, і калі меж гвездаў заўеш сабе гняздо, стуль Я зьвяду цябе», — агалашае СПАДАР.
 
Калі ўздымешся, як арол, і калі між зоркамі зробіш гняздо сваё, адтуль Я скіну цябе, кажа ГОСПАД.

«Калі б злодзеі прышлі да цябе, калі б ночныя глабаньнікі, дык як быў бы ты загублены? Ці ня ўкралі б яны, колькі ім даволі? Калі б абіраньнікі віна прышлі да цябе, то ці не пакінулі б яны недабіркі?
 
Калі б злодзеі прыйшлі да цябе, калі б рабаўнікі ўночы так панішчылі цябе, ці ня ўкралі б яны, колькі ім трэба? Калі б зьбіральнікі вінаграду прыйшлі да цябе, ці не пакінулі б яны недазьбіранае?

Як мы вышукалі Ісава, і як раскрыліся схаваныя ягоныя!
 
Як абшуканы Эзаў! Як перагледжаны сховы ягоныя!

Аж да граніцы прагналі цябе ўсі мужы змовы твае, ашукалі цябе, перамаглі цябе, каторыя былі ў міру з табою; тыя, што елі хлеб твой, расьцягнулі сеці пад табою, няма цямлівасьці ў яго.
 
Аж да мяжы прагналі цябе; усе мужы запавету твайго ашукалі цябе, перамаглі цябе мужы супакою твайго; тыя, што [елі] хлеб твой, паставілі пастку на цябе, [думаючы, што] няма разважлівасьці ў цябе.

Ці ня будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, што Я загублю мудрых ізь Едому і цямлівасьць ад гары Ісавовае?
 
Ці ня [станецца] ў той дзень, кажа ГОСПАД, што Я вынішчу мудрых з Эдому і разважлівасьць — з гары Эзава?

І зьлякаюцца дужасілы твае, Фемане, каб была адцята людзіна ад гары Ісавовае ўбіўствам.
 
І спалохаюцца волаты твае, Тэмане, каб быў зьнішчаны забіваньнем кожны [чалавек] з гары Эзава.

За ўсілства тваё да брата твайго Якава пакрые цябе сорам, і ты будзеш адцяты на векі.
 
За ліхадзейства супраць брата твайго Якуба пакрые цябе сорам, і ты будзеш зьнічшаны на вякі.

Таго дня, як ты стаяў насупроці, дня, як чужаземцы забралі ў палон маемасьць ягоную, і чужыя ўвыйшлі брамамі ягонымі і на Ерузалім кідалі на жэрабя, то й ты быў як адзін ізь іх.
 
У той дзень, калі ты стаяў супраць [яго], у дзень, калі чужынцы бралі ў палон багацьце ягонае і чужыя ўвайшлі ў брамы ягоныя і адносна Ерусаліму кідалі жэрабя, ты таксама [быў] як адзін з іх.

І ты ня бачыў у дзень брата свайго, у дзень, калі ён стаў чужым; і ты ня меў цешыцца із сыноў Юдзіных у дзень загубы іх, ты ня меў павялічыць роту свайго ў дзень бяды.
 
І ты глядзі на дзень брата твайго, на дзень няшчасьця ягонага; і ты ня цешся з сыноў Юды ў дзень бедства іхняга і не раскрывай вусны свае ў дзень загубы.

Ты ня меў увыйсьці ў брамы люду Майго ў дзень няшчасьця іхнага, ня меў і ты глядзець на ліха ягонае ў дзень няшчасьця ягонага, ты ня меў выцягнуць рукі свае па маемасьць ягоную ў дзень няшчасьця ягонага;
 
Не ўваходзь у брамы народу Майго ў дзень няшчасьця іхняга, таксама не глядзі на гора ягонае ў дзень няшчасьця ягонага, і не выцягвай [руку тваю] на багацьце ягонае ў дзень няшчасьця ягонага.

Ты ня меў стаяць на ростанях, каб заскочыць дарогу ўцекачом ягоным, Ты ня меў перадаваць засталых ягоных у дзень бяды;
 
І ня стой на скрыжаваньнях, каб забіваць уцекачоў ягоных, і не выдавай пазасталых ягоных у дзень нядолі.

Бо блізкі дзень СПАДАРОЎ на ўсі народы: як ты зрабіў, будзе зроблена табе, адплата зьвернецца на галаву тваю;
 
Бо блізкі дзень ГОСПАДА на ўсе народы. Як ты зрабіў, будзе зроблена табе. Аднагарода твая вернецца на галаву тваю.

Бо як вы п’янчыліся на сьвятой гары Маёй, так будуць заўсёды п’янчыцца ўсі народы і будуць піць а глытаць; і яны будуць, бы ня былі.
 
Бо як вы пілі на гары Маёй сьвятой, так будуць піць заўсёды ўсе народы. І будуць піць, і будуць хлябтаць; і стануцца яны, нібы іх не было.

А на гары Сыёне будзе прытулішча, і будзе сьвятая; і дом Якаваў адзяржыць спадак свой.
 
А на гары Сыён будзе выбаўленьне, і будзе яна сьвятая; і дом Якуба возьме ў спадчыну валоданьні іхнія.

І будзе дом Якаваў цяплом і дом Язэпаў — поламям, а дом Ісавоў — умецьцям: і запаляць іх, і пажаруць іх, і ня будзе астачы дому Ісавоваму», — бо СПАДАР кажа.
 
І станецца дом Якуба агнём, а дом Язэпа — полымем, а дом Эзава — саломай, і яны будуць палаць супраць іх, і ня будзе пазасталых у доме Эзава, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].

І спадзець паўднявым гара Ісавова, а даліне — Пілішчане; і спадзець поле Яхрэмскае й поле Самарскае, а Веняміну — Ґілеад.
 
І ўспадкаемяць [жыхары] Нэгеву гару Эзава, а [жыхары] Шэфэлі — Філістынцаў; і ўспадкаемяць поле Эфраіма і поле Самарыі, а Бэн’ямін [успадкаеміць] Гілеад.

І палону войска гэтага сыноў Ізраелявых спадуць Канааняне аж да Сарэфату, і палону Ерузаліму, што ў Сэфарадзе, спадуць месты паўднявыя.
 
І палонныя войска гэтага, сыны Ізраіля, [успадкаемяць] Хананейцаў аж да Царфату, і палонныя з Ерусаліму, якія ў Сэфарадзе, успадкаемяць гарады Нэгеву.

І ўзыйдуць ратаваньнікі на гару Сыён, каб судзіць гару Ісавову, і будзе СПАДАРУ каралеўства.
 
І ўзыйдуць вызваліцелі на гару Сыён, каб судзіць гару Эзава, і станецца валадарства ГОСПАДА.