Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І зышоў ён да Дэрвы а Лістры. І вось, быў там адзін вучанік, імям Цімох, сын Жыдзіцы верніцы, але бацька Грэк;
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.
Празь яго сьветчылі браты ў Лістры а Іконі.
Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Паўла зычыў, каб ён ішоў ізь ім; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Жыдоў, што былі ў тых месцах, бо ўсі ведалі, што бацька ягоны быў Грэк.
Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.
А як яны праходзілі па местах, перадавалі ім заховаваць пастановы, прызначаныя апосталамі а старшымі ў Ерузаліме.
Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.
Дык цэрквы мацніліся ў веры і што дня павялічаліся лікам.
А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.
Як прайшлі Фрыгу а Ґаляцкі край, забараніў ім Дух Сьвяты казаць слова ўв Азі.
Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.
Зышоўшы да Місі, прабавалі йсьці да Віфіні, але Дух Ісусаў не дазволіў ім.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.
Мінуўшы ж Місю, зышлі да Троады.
І, абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.
І зьявілася відзень Паўлу ночы: стаў адзін Македанянін, молячы яго й кажучы: «Перайшоўшы да Македоні, памажы нам».
І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».
І як ён відзеў відзень, зараз мы сілаваліся йсьці да Македоні, зрабіўшы вывад, што Бог пагукаў нас абяшчаць там дабравесьць.
Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.
Дык, адплыўшы ад Троады, проста прыбылі да Самотракі, а назаўтрае да Неаполю,
І, паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,
Скуль жа да Піліпаў, каторае першае места гэтае часьці Македоні, колёня. І заставаліся ў гэтым месьце колькі дзён.
і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.
У сыботні ж дзень вышлі за браму да ракі, ідзе бываў звычай маліцца; і, сеўшы, гукалі жанкам, што былі зьбершыся.
І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.
І адна жонка, імям Ліда, зь места Тыятыра, прадаўніца шкарлату, што сьціла Бога, слухала; і Спадар адчыніў сэрца ёй уважаць, што казаў Паўла.
І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.
Як жа яна ахрысьцілася а хатнія ейныя, яна прасіла, кажучы: «Калі вы ўважалі мяне за верную Спадару, увыйдзіце ў дом мой і пабудзьце». І яна прынучыла нас.
А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.
І прыгадзілася, як мы йшлі да месца малітвы, што стрэлася нам адна дзеўка, каторая мела духа вешчаваньня; яна давала гаспадаром сваім шмат прыбытку вешчаваньням.
Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.
Яна, ідучы за Паўлам а намі, крычэла, кажучы: «Гэтыя людзі слугі Навышняга Бога, каторыя абяшчаюць нам дарогу спасеньня».
Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»
А гэта яна рабіла шмат дзён. Паўла ж, парушыўшыся, абярнуўся й сказаў духу: «Імям Ісуса Хрыста расказую табе выйсьці зь яе». І вышаў тае ж гадзіны.
А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.
І бачачы гаспадары ейныя, што шчэзла надзея прыбытку іхнага, нялі Паўлу а Сілу і пацягнулі на рынак да ўраднікаў.
А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.
І, прывёўшы іх да прэтораў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы Жыдамі, парушаюць места нашае
І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,
І агалашаюць звычаі, каторых мы Рымляне ня маем права прыймаць або паўніць.
і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».
І груд таксама паўстаў на іх; і прэторы, зьняўшы зь іх адзецьце, далі загаду сьцёбаць.
І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.
І, даўшы ім шмат вытняў, укінулі ў вязьніцу, расказаўшы вязьнічнаму вартаўніку моцна сьцерагчы іх;
І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.
Каторы, адзяржаўшы такое расказаньне, укінуў іх у нутраную вязьніцу і ногі іхныя замкнуў у калодкі.
Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.
І а поўначы Паўла а Сіла, молячыся, хвалілі Бога пяцьцём, і вязьні слухалі іх.
Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.
І разам было вялікае траееньне зямлі, ажно поды вязьніцы затрэсьліся, і ўсі дзьверы якга рашчыніліся, і путы ўсіх распуталіся.
Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.
А вартаўнік, прачхнуўшыся й абачыўшы, што дзьверы вязьніцы рашчыненыя, агаліў меч і вось, вось, гатоў быў забіцца, думаючы, што вязьні ўцяклі.
Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
Але Паўла выгукнуў вялікім голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсі мы тут!»
А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»
І, папрасіўшы сьветла, ён убег і, калоцячыся, паў перад Паўлам а Сілаю.
Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,
І, вывеўшы іх вонкі, сказаў: «Спадарове, што імне належа рабіць, каб спасьціся?»
і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»
Яны ж сказалі: «Вер у Спадара Ісуса, і спасешся ты а дом твой».
А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».
І гукалі яму слова Спадарова і ўсім, што былі ў доме ягоным.
І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.
І ўзяў іх тае ж гадзіны ночы, і абмыў раны іхныя, і без адвалокі хрысьціўся ён і ўсі ягоныя.
І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.
І, прывёўшы іх да дому свайго, заслаў стол і цешыўся з усім домам сваім, што ўверыў у Бога.
І, завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.
Як разаднела, прэторы паслалі паслугачых сказаць: «Выпусьці гэных людзёў».
А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».
Вартаўнік жа паведаміў гэтыя словы Паўлу: «Прэторы прыслалі, каб вы былі вывальнены; дык выйдзіце цяпер і йдзіце ў супакою».
Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».
Але Паўла сказаў ім: «Нас, Рымлян, незасуджаных прынародна білі і ўкінулі нас у вязьніцу, а цяпер тойма? Не, няхай самы прыйдуць і вывядуць нас».
А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».
Паслугачыя паведамілі гэтыя словы прэторам, і тыя спалохаліся, як пачулі, што яны Рымляне.
Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.
І, прышоўшы, малілі, і, вывеўшы, прасілі выйсьці зь места.
І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
Вышаўшы зь вязьніцы, яны прышлі да Ліды, і, абачыўшы братоў, дамянілі ім, і адышлі.
Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.