Адкрыцьцё 13 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І стаў я на пяску морскім, і абачыў выходзячага з мора зьвера зь дзесяцьма рагамі й сяма галавамі; на рогах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галавах ягоных імёны блявузґальныя.
І стаў я на пяску марскім; і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў; і на рагах ягоных — дзесяць дыядэмаў, і на галовах ягоных — імя блюзьнерскае.
І зьвер, каторага я бачыў, быў падобны да рыся; ногі ў яго — як у медзьвядзя, а ляпа ў яго — як ляпа ў лява; і даў яму смок магутнасьць сваю і пасад свой і вялікую ўладу.
І зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да рыся, і ногі ягоныя — як у мядзьведзя, і пашча ягоная — як пашча ільвіная. І даў яму цмок моц сваю, і пасад свой, і ўладу вялікую.
І бачыў я, што адна з галоў ягоных быццам зьбіта была на сьмерць, але гэтая сьмяротная рана выгаілася. І дзівавалася ўся зямля, сочачы зьвера;
І ўбачыў я, [што] адна з галоваў ягоных, быццам на сьмерць забітая, і рана яе сьмяротная аздаравілася, і зьдзіўлялася ўся зямля ззаду за зьверам,
І пакланіліся смоку, бо ён даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: «Хто падобны да зьвера гэтага? і хто можа ваяваць ізь ім?»
і пакланіліся цмоку, які даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: «Хто падобны да гэтага зьвера? Хто можа ваяваць з ім?»
І дана была яму ляпа, што гукала вялічча а блявузґаньні, і дана яму ўлада дзеяць сорак два месяцы.
І дадзены яму вусны, якія гавораць вялікае і блюзьнерскае, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
І разявіў ён ляпу да блявузґаньня на Бога, блявузґаць на імя Ягонае, і на вітальню Ягоную, і на жыхарачых на небе.
І ён расчыніў вусны свае дзеля блюзьнерства супраць Бога, каб блюзьніць на імя Ягонае, і намёт Ягоны, і тых, якія жывуць у небе.
І дана было яму ваяваць ізь сьвятымі і перамагчы іх; і дана была яму ўлада над кажным племям а людам а моваю а народам.
І дадзена яму весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму ўлада над усякім каленам, і моваю, і народам.
І паклоняцца яму ўсі жывучыя на зямлі, каторых імёны не напісаныя ў кнізе жыцьця ў Баранчыка, забітага ад закладзінаў сьвету.
І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця Ягняці, забітага ад заснаваньня сьвету.
Хто мае вуха, няхай чуе.
Калі хто мае вуха, няхай слухае.
Хто вядзець у палон, тый ідзець у палон; хто мячом забівае, тый мае быць забіты мячом. Тут трывалкосьць і вера сьвятых.
Калі хто вядзе ў палон, у палон пойдзе; калі хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
І бачыў я другога зьвера, што выходзіў ізь зямлі; ён меў два рагі, падобныя да Баранчыкавых, і гукаў як смок.
І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў з зямлі, і меў ён два рогі, падобныя да ягнячых, і гаварыў, як цмок.
І ён дзее з усёй уладаю першага зьвера перад ім, і чыне, што зямля і жывучыя на ёй кланяюцца першаму зьверу, у каторага сьмяротная рана выгаілася.
І ўсю ўладу першага зьвера ён зьдзяйсьняе перад ім, і робіць, каб зямля і жыхары яе пакланяліся першаму зьверу, у якога аздароўлена сьмяротная рана ягоная.
І чыне вялікія знакі, ажно агонь зводзе зь неба на зямлю перад людзьмі.
І робіць знакі вялікія, і агонь робіць, каб зыходзіў з неба на зямлю перад людзьмі,
І зводзе жывучых на зямлі знакамі, каторыя дана яму чыніць перад зьверам, кажучы жывучым на зямлі зрабіць абраз зьвера, што мае рану ад мяча, але ажыў.
і падманвае жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі зрабіць вобраз зьвера, што мае рану ад мяча і жывы.
І дана было яму даць дух у вабраз зьвера, каб абраз зьвераў гукаў і чыніў так, каб кажны, хто ня будзе кланяцца абразу зьвера, быў забіваны.
І дадзена яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто не паклоніцца вобразу зьвера, былі забітыя.
І ён учыне, што ўсім — малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і нявольнікам — зроблены быў знак на правай руццэ іхнай альбо на чале іхным,
І робіць, каб усім: малым, і вялікім, і багатым, і ўбогім, і свабодным, і слугам — была дадзена пазнака на правую руку іхнюю або на лоб іхні,
І што нікому ня можна будзе купляць альбо прадаваць, апрача тога, хто мае знак імені зьвярынага альбо лік імёнаў ягоных.
і каб ніхто ня мог ані купляць, ані продаць, акрамя тых, якія маюць пазнаку, або імя зьвера, або лічбу імя ягонага.
Тут мудрасьць. Хто мае розум, палічы лік зьвера, бо гэта лік людзкі. Лік ягоны шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.
Вось тут мудрасьць. Хто мае розум, няхай аблічыць лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека, і лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.