Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І бачыў я ў правіцы Седзячага на пасадзе сувой, запісаны ўнутры й звонку, запячатаваны сяма пячацьмі.
І ўбачыў я ў правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і зьверху, запячатаную сямю пячаткамі.
І бачыў я дужога ангіла, што агалашаў вялікім голасам: «Хто годны разьвіць гэты сувой і пакволіць пячаці яго?»
І ўбачыў я дужага анёла, які абвяшчаў голасам вялікім: «Хто годны разгарнуць кнігу і зьняць пячаткі яе?»
І ніхто ня мог на небе ані на зямлі, ані пад зямлёю разьвіць гэты сувой альбо глянуць у яго.
І ніхто ня мог ані ў небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і паглядзець у яе.
І я шмат плакаў, што нікога не знайшлося годнага разьвіць сувой або глянуць у яго.
І я шмат плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу ці паглядзець у яе.
І адзін із старшых кажа імне: «Ня плач; вось, леў з плямені Юдзінага, карэнь Давідаў, перамог, каб разьвіць гэты сувой і пакволіць сем пячацяў яго».
І адзін са старостаў кажа мне: «Ня плач! Вось, Леў, Які з калена Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць кнігу і зьняць сем пячатак яе».
І глянуў я, і вось, сярод пасаду, і чатырох жывых стварэньняў, і сярод старых стаіць Баранчык бы зарэзаны, Каторы мае сем рогаў і сем ачоў, каторыя — сямёх духоў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І я ўбачыў, і вось, пасярод пасаду і чатырох жывёлаў, і пасярод старостаў Ягня стаіць, быццам забітае, Які мае сем рагоў і сем вачэй, што ёсьць сем духаў Божых, якія пасланыя на ўсю зямлю.
І Ён прышоў, і ўзяў з правіцы Седзячага на пасадзе.
І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе.
І як Ён узяў сувой, чатыры жывыя стварэньні і дваццаць чатырох старых палі перад Баранчыкам, маючы кажны гарпу і залатыя чары, поўныя кадзіла, каторыя — малітвы святых.
І калі ўзяў Ён кнігу, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старосты ўпалі прад Ягнём, маючы кожны гусьлі і чары залатыя, поўныя фіміяму, які ёсьць малітвы сьвятых,
І пяюць новую песьню, кажучы: «Ты годны ўзяць сувой расьпячатаваць яго, бо Ты быў зарэзаны, і крывёю сваёй выкупіў Богу з кажнага. плямені, і мовы, і люду, і народу,
і сьпяваюць новы сьпеў, кажучы: «Ты годны ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо Ты быў забіты, і Ты Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з кожнага калена, і мовы, і племені, і народу,
І ўчыніў іх гаспадарамі й сьвятарамі Богу нашаму; і яны будуць гаспадарстваваць на зямлі».
і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі».
І я бачыў, і чуў голас шмат ангілаў навокал пасаду і жывых стварэньняў і старых; і лік іх быў дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў і тысячы тысячаў,
І я ўбачыў і пачуў голас мноства анёлаў вакол пасаду, і жывёлаў, і старостаў; і лік іхні быў дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў і тысячы тысячаў,
Каторыя казалі вялікім голасам: «Годны Баранчык зарэзаны прыняць сілу а багацьце а мудрасьць а моц а чэсьць а славу а дабраславенства!»
якія гаварылі голасам вялікім: «Годны Ягня забіты ўзяць моц, і багацьце, і мудрасьць, і магутнасьць, і пашану, і славу, і дабраслаўленьне».
І кажнае стварэньне, што на небе і на зямлі, і пад зямлёю, і на мору, і ўсе, што ў іх, я чуў, казала: «Седзячаму на пасадзе а Баранчыку дабраславенства а чэсьць а слава а моц на векі вякоў».
І ўсякае стварэньне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, і ўсё, што ў іх, я чуў, як казала: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці — дабраслаўленьне, і пашана, і слава, і ўлада на вякі вякоў».
І чатыры жывыя стварэньні сказалі: «Амін». І старыя палі й пакланіліся.
І чатыры жывёлы казалі: «Амэн». І дваццаць чатыры старосты ўпалі і пакланіліся Таму, Які жыве на вякі вякоў.