3 царстваў 4 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І быў кароль Салямон каралём над усім Ізраелям,
 

І гэта князі, каторыя былі ў яго: Азара, сын Садока сьвятара;
 

Елігорэф а Агія Шышанкі — пісары; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік;
 

Веная Ёгоядзёнак — над войскам; Садок а Авафар — сьвятары.
 

Азара Нафанёнак — над ураднікамі, і Завуд Нафанёнак сьвятар, прыяцель каралеўскі.
 

Агішар — над дамоваю, і Адонірам Аўдзянок — над падачкамі.
 

І меў Салямон двананцацёх ураднікаў над усім Ізраелям, каторыя жывілі караля й дамову ягоную; месяц у годзе належыў кажнаму жывіць.
 

І гэта ймёны іхныя: Гуранок — на гары Яхрэмавай;
 

Дэкеронак — у Макацу а ў Шаалбіме, у Веф-Шэмешу а ў Елоне а ў Веф-Ганане;
 

Гэсэдзёнак — ув Арубофе, да яго ж належыў Сохог а ўся зямля Гэфер;
 

Авінадавёнак — у вусім Нафаф-Дору, Тафаф Салямонішка была ягонаю жонкаю;
 

Ваана Агілудзёнак — у Таанасе а Меґідзе а ў вусім Веф-Шэане, каторы ля Царэтана ніжэй Езрэеля, ад Веф-Шэану аж да Абел-Меголы, і нават за Ёкмеам;
 

Ґеверонак — у Рамофе Ґілеадзкім; у яго местачкі Яіровы, сына Манасавага, каторыя ў Ґілеадзе; у яго таксама аколіца Арґоў, каторая ў Вашане, шасьцьдзясят вялікіх местаў ізь сьценамі й мядзянымі заваламі;
 

Агінадаў Ідзянок — у Маганаіме;
 

Агімаас — у зямлі Нефалімовай, таксама ён узяў сабе за жонку Васэмафу Салямонішку;
 

Ваана Гушаёнак — у зямлі Ашэравай а ў Беалофе;
 

Ясапат Паруажонак — у Іссасхару;
 

Шымей Елянок — у Веняміна;
 

Ґевер Уранок — у зямлі Ґілеадзкай, у зямлі Сыгона, караля Аморэйскага, і Оґа, караля Вашанскага; і ён адзіны ўраднік, каторы ў гэтай зямлі.
 

Юда а Ізраель, шмат іх, як пясок ля мора чысьленыя, елі, пілі а весяліліся.
 

І Салямон дзяржаў усі гаспадарствы ад тае Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту. Яны прыносілі дары й служылі Салямону ўсі дні жыцьця ягонага.
 

Еміну Салямонаву на кажны дзень складалі: трыццаць карцоў мукі пшоннае і шасьцьдзясят карцоў мукі,
 

Дзесяць буйнога статку кормнага, і дваццаць буйнога статку з пасты, і сто драбнога статку, апрача аленяў а сэрнаў а дарагое дзічыны а кормных птушак;
 

Бо ён панаваў над усім гэтым бокам Ракі, ад Тыпсагу да Ґазы, над усімі каралямі на гэтым баку ракі, і быў у яго мір з усіх бакоў навокал.
 

І жылі Юда а Ізраель бясьпечна, кажны пад сваім вінным а пад сваім фіґавым дзервам, ад Дану аж да Веер-Шэвы, усі дні Салямонавы.
 

І меў Салямон сорак тысячаў стайняў коні цялежкавых і двананцаць тысячаў коньнікаў.
 

І ўраднікі дастаўлялі еміну каралю Салямону а ўсім, што прыходзілі да столу караля Салямона, кажны ў сваім месяцу; яны не дапушчалі нястачы.
 

І ячмень а салому коням а мулам яны дастаўлялі на месца, ідзе былі, кажны подле павіннасьці свае.
 

І даў Бог Салямону мудрасьць, і вельмі шмат розуму, і шырыню сэрца, як пясок, што на беразе мора.
 

І мудрасьць Салямонава пераходзіла мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Ягіпцян.
 

Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзёў, за Ефана Езражаніна, Гэмана а Калкола а Дарду Магалёнкаў, і імя ягонае было ў вусіх народаў наўкола.
 

І злажыў ён тры тысячы прыказяў, і песьняў ягоных было тысяча а пяць.
 

І гукаў ён празь дзервы, ад кедры, каторы ў Лібане, аж да гізопу, што расьцець ізь сьцяны; гукаў таксама празь зьвяры а птушкі а паўзуны а рыбу.
 

І прыходзілі з усіх людаў паслухаць мудрасьці Салямонавае, ад усіх каралёў земных, каторыя чулі праз мудрасьць ягоную.