Ераміі 28 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І сталася таго ж году, на пачатку дзяржавы Сэдэкі, караля Юдэйскага, чацьвертага году, пятага месяца, казаў імне ў доме СПАДАРОВЫМ Гананя Азуронак, прарока з Ґівеону, у прытомнасьці сьвятароў а ўсяго люду, кажучы:
 

«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, кажучы: "Я патрышчыў іго караля Бабілёнскага;
 

За два гады Я зьвярну на гэтае месца ўвесь спрат дому СПАДАРОВАГА, каторы Навухаднецар, кароль Бабілёнскі, забраў з гэтага месца, і прывёз яго да Бабілёну.
 

І Ехоню Егоякіменка, караля Юдэйскага, з усім палонам Юдэйскім, што пайшлі да Бабілёну, Я зьвярну на гэтае месца, — кажа СПАДАР, — бо Я патрышчу йго караля Бабілёнскага"».
 

І сказаў Ярэма прарока Ганані прароку ў прытомнасьці сьвятароў а ў прытомнасьці ўсяго люду, што стаяў у доме СПАДАРОВЫМ, —
 

І Ярэма прарока сказаў: «Амін! няхай СПАДАР зробе так, няхай здойсьне СПАДАР словы твае, што ты праракаў, зьвярнуць спрат дому СПАДАРОВАГА й прывесьці палоненікаў з Бабілёну на гэтае месца.
 

Паслухай жа, адылі, слова, што я скажу ў вушы твае а ў вушы ўсяго люду:
 

Прарокі, што былі перад імною і перад табою ад веку, таксама праракалі шмат якім землям і вялікім гаспадарствам вайну а ліха а ліпучку.
 

Прарока, што праракае супакой, тады будзе ведамы як прарока, каторага запраўды паслаў СПАДАР, калі слова прарокава спраўдзіцца».
 

І зьняў прарока Гананя йго із шыі прарокі Ярэмы, і зламіў яго.
 

І сказаў Гананя ў прытомнасьці ўсяго люду, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтак зламлю за два гады йго Невухаднецара, караля Бабілёнскага, із шыі ўсіх народаў"». І пашоў Ярэма прарока дарогаю сваёю.
 

І просьле тога, як Гананя прарока зламіў іго із шыі прарокі Ярэмы, было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:
 

«Пайдзі й скажы Ганані, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Го дзярвянае ты зламіў, але замест яго зробіш іго зялезнае’;
 

Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Зялезнае йго Я ўзлажу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны служылі Невухаднецару, каралю Бабілёнскаму, і яны будуць служыць яму; і таксама зьвераняты палявыя Я даў яму’"».
 

Тады сказаў прарока Ярэма Гананю прароку: «Паслухай жа, Гананя! СПАДАР не паслаў цябе, а ты завяраеш люд гэты ў мане;
 

Затым гэтак кажа СПАДАР: "Вось, Я ськіну цябе зь віду зямлі; гэтага ж году ты памрэш за тое, што ты падвучаў да бунту супроці СПАДАРА"».
 

І памер Гананя прарока таго ж году сёмага месяца.