Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І некэтрыя, зышоўшы зь Юдэі, навучалі братоў: «Калі не абрэжацеся подле абычаю Масеявага, ня можаце спасьціся».
 
Некаторыя, паходзячыя з Юдэі, навучалі братоў: "Калі ня будзеце абрэзаныя па звычаю Майсея, ня можаце быць збаўлены".

А як Паўла а Варнава мелі немалую нязгоду а сьпярэчку зь імі, Паўла а Варнава і некатрыя іншыя былі прызначаны йсьці ў гэтай справе да Ерузаліму да апосталаў а старшых.
 
Дзеля таго ўзьнікла шмат немалых спрэчак і звадак паміж імі ды Паўлам і Барнабай, так што вырашылі, каб Павал і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старшых.

Дык, будучы прапушчаныя царквою, ішлі перазь Фініку а Самару, драбязна павядаючы праз навярненьне паган, і прычыніліся да вялікае радасьці ўсіх братоў.
 
Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навярненьне паганў, чым выклікалі ў братоў вялікую радасьць.

Прыбыўшы ж да Ерузаліму, яны былі прыняты царквою а апосталамі а старшымі, і здалі лічбу з усяго, што Бог учыніў імі.
 
Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя царквою і апосталамі ды старшымі, і расказалі ім, як Бог дзейнічаў праз іх.

І паўсталі некатрыя з памеж тых, што, будучы з гэрэсі фарысэйскае, уверылі, і казалі, што маюць абразаць іх і расказаць ім дзяржаць закон Масеяў.
 
Але некаторыя навернутыя з герэзіі фарысэйскай супрацівіліся і сказалі: "Трэба абрэзаць іх і загадаць берагчы закон Майсея!"

І зьберліся апосталы а сьвятарове разгледзіць гэтую справу.
 
Дык сабраліся апосталы і старшыя разгледзець гэтую справу.

Па вялікай сьпярэчцы, Пётра, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! вы разумееце, што ад найраньшых дзён Бог з памеж вас абраў мяне, каб із вуснаў маіх пагане чулі слова дабравесьці і ўверылі;
 
Калі па гэтым узьнікла вялікая спрэчка, тады ўстаў Пётар і сказаў ім: "Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўных дзён выбраў з нас, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Эвангельля ды ўверылі.

І Бог, ведамец сэрца, даў ім сьветчаньне, даючы Духа Сьвятога, як і нам;
 
І Бог, што ведае сэрцы, засьведчыў гэта, даючы ім Духа Сьвятога, як і нам,

І ня ўчыніў розьніцы памеж нас і іх, ачысьціўшы сэрцы іхныя вераю.
 
і не зрабіў ніякай розьніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іхнія верай.

Цяпер жа, нашто вы спробуеце Спадара, кладучы йго на шыю вучанікаў, каторага не маглі панесьці айцове нашы ані мы?
 
Дык чаму цяпер спакушаеце Бога, ускладаючы на вучняў ярмо, каторага ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць?

Але мы верым, што спасемся ласкаю Спадара Ісуса, тэю самаю сьцежкаю, як і яны».
 
Мы аднак верым, што праз ласку Госпада Езуса будзем збаўлены, як і яны".

І ўся множасьць маўчэла, і слухалі Варнаву а Паўлу, што павядалі праз знакі а чудосы, якія Бог учыніў імі паганам.
 
І замоўкла ўся грамада, і слухалі аповед Барнабы і Паўла пра многасьць цудаў і знакаў, учыненых Богам праз іх сярод паганаў.

А як яны змоўклі, адказаў Якаў, кажучы: «Браты, паслухайце мяне!
 
І калі яны перасталі расказваць, адказваючы, Якуб сказаў: "Мужы браты, паслухайце мяне.

Сымон паведаў, як Бог найперш даведаўся, каб узяць із паган люд да імені Свайго.
 
Сымон расказаў, як Бог сам выбраў сабе з-паміж паганаў народ для імя свайго,

І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
 
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

"Потым зьвярнуся, і адбудую ўпалы будан Давідаў, і адбудую разьвярненьні яго, і пастанаўлю яго,
 
"Потым вярнуся і адбудую ўпаўшую палатку Давіда, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

Каб шукалі Спадара засталыя людзі і ўсі народы, над якімі гукана імя Мае, кажа Спадар, што чыне гэта.
 
каб рэшта людзей шукала Госпада, ды ўсе народы, над каторымі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, каторы робіць

Ведамныя Богу ад вечнасьці ўсі працы Ягоныя".
 
прадказаныя спрадвеку падзеі".

Затым я пастанавіў не задаваць клопату тым, што з паган наварачаюцца да Бога,
 
Таму лічу, што ня трэба непакоіць тых, каторыя з паганаў навярнуліся да Бога,

А напісаць ім, каб узьдзержаваліея ад забрудзяненьня балванамі і ад бязулства, і ад задушанага, і ад крыві, і не рабілі іншым таго, чаго ня хочуць сабе.
 
але напісаць ім, каб сьцерагліся ежы, ахвяраванай балванам, распусты, і ўсяго задушанага, і крыві.

Бо Масей ад старавечных пакаленьняў мае ў кажным месьце тых, што абяшчаюць яго, чытаны ў бажніцах кажнае сыботы».
 
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленьняў мае такіх, што ў паасобных гарадах абвяшчаюць яго ў сынагогах, у кожную суботу чытаючы яго".

Тады бачылася добрым апосталам а сьвятаром із усёй царквою, паслаць абраных з памеж сябе з Паўлам а Варнаваю да Антыёхі: Юду, званага Варсава, а Сілу, мужоў-правадыроў памеж братоў.
 
Тады апосталы і старшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў першых з-паміж братоў, Юду, званага Барсабай, і Сілу, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабай і Паўлам,

Напісаўшы пераз рукі іхныя: «Апосталы а старшыя а браты братом, што з памеж паган ув Антыёсе а Сыры а Кіліццы: здарованьне!
 
паслаўшы праз іх ліст: "Апосталы, і старшыя, і браты, тым, што жывуць у Антыёхіі, Сырыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітаньне!

З тае прычыны, што мы пачулі, што некатрыя, прышлыя ад нас, задалі вам клопату словамі, захістаўшы душы вашы, кажучы, што маеце быць абразаны й дзяржаць Закон, чаго мы ім не паручалі;
 
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэньня занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашыя.

Дык бачылася добрым нам, дайшоўшы да адназгоднага рассудку, паслаць абраных мужоў да вас із нашымі любовымі Варнаваю а Паўлам,
 
Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабай і Паўлам,

Мужамі, што далі жыцьцё свае дзеля імені Спадара нашага. Ісуса Хрыста.
 
людзьмі, каторыя для імя Госпада нашага Езуса Хрыста аддалі жыцьцё сваё.

Дык мы паслалі Юду а Сілу, каторыя самы скажуць вам і словамі тое самае.
 
Дык пасылаем Юду і Сілу, каторыя перакажуць словамі тое самае.

Бо бачылася Духу Сьвятому й нам не накладаць на вас большага цяжару, апрача гэтага канечне патрэбнага:
 
Бо Дуxу Сьвятому і нам надумалася справядлівым не накладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

Узьдзержавацца ад абраканага балваном і ад крыві, і ад задушанага, і ад бязулства. Дзержачы гэта, добра зробіце. Бывайце здаровы!»
 
паўстрымацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце".

Дык яны, будучы выпраўленыя, зышлі да Антыёхі і, зьбершы множасьць, даручылі ліст.
 
Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію, і, сабраўшы народ, аддалі яму ліст.

І, прачытаўшы ліст, яны цешыліся з даменьня гэтага.
 
Калі яго прачыталі, усьцешыліся з яго пацяшаючага зьместу.

Юда ж а Сіла, будучы самы прарокамі, дамянялі братом чысьленымі гутаркамі і ўмацавалі іх.
 
А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

Як яны пабылі там якісь час, яны ў супакою былі адпушчаны братамі да тых, што іх паслалі.
 
Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаньнем міру да тых, каторыя іх паслалі.

Сілу, адылі, бачылася застацца там, а Юда зьвярнуўся да Ерузаліму.
 
Але Сіла вырашыў застацца тамака.

Паўла ж а Варнава заставаліся ўв Антыёсе, вучачы а абяшчаючы слова Спадарова із шмат якімі іншымі.
 
А Павал і Барнаба жылі ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі іншымі слова Госпадава.

За колькі ж дзён Паўла сказаў Варнаве: «Зьвярнімася й даведаймася да братоў у кажным месьце, ідзе мы абяшчалі слова Спадарова, як яны маюцца».
 
Па нейкім часе Павал сказаў Барнабе: "Вернемся і наведаем братоў ва усіх гарадах, у якіх мы вясьцілі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца".

Варнава ж пазычыў узяць із сабою таксама Яана, званага Маркам;
 
Барнаба хацеў ўзяць з сабой Яна, званага Маркам,

Але Паўла думаў, што ня добра браць із сабою таго, каторы адышоў ад іх із Памфілі і ня йшоў зь імі да тае працы.
 
але Павал судзіў, што за тое, што ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не хацеў працаваць з імі, не належыцца браць яго.

І паўстала войстрая сьпярэчка, ажно яны разлучыліся адзін із адным; Варнава ўзяў Марку із сабою і паплыў да Кіпры;
 
І дайшло да сваркі, так што разьдзяліліся, і Барнаба ўзяў Марка, і паплыў на Кіпр,

А Паўла, абраўшы Сілу, пайшоў, будучы паручаны братамі ласцы Божай.
 
Павал жа выбраў Сілу і пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.

І праходзіў Сыру а Кіліку, мацуючы цэрквы.
 
І праxодзіў праз Сырыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.