1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І я, прыходзячы да вас, браты, прыходзіў ня з выборнай моваю або мудрасьцяй, абяшчаючы вам сьветчаньне Божае,
 
І я, калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў не каб захапляць вас словам ці мудрасьцю, але вясьціць вам таямніцы Божыя.

Бо я пастанавіў быць у вас няведаючым нічога, апрача Ісуса Хрыста, дый укрыжаванага;
 
Бо ня думаў я вас вучыць чаго іншага, як адно (толькі) Езуса Хрыста ды ўкрыжаванага.

І быў я ў вас у млявасьці а ў страху а ў вялікай дрыгоце.
 
І явіўся я ў вас у немачы, са страхам і з дрыжаньнем вялікім,

І слова мае, і казань мая не ў пераконуючых словах мудрасьці, але ў паказе Духа а сілы,
 
і слова маё, і навучаньне маё не вызначалася пераканаўчасьцю і мудрасьцю, словаў але выяўленьнем Духа і моцы,

Каб вера вашая стаяла не на мудрасьці людзкой, але на сіле Божай.
 
каб вера ваша не абапіралася на мудрасьць людзей, але на магутнасьць Божую.

Мудрасьць жа гукаем памеж дасканальных, але мудрасьць ня гэтага веку ані князёў гэтага веку мінучых;
 
Мы ж вясьцім мудрасьць сярод, разумеючых, але мудрасьць ня гэтага веку, не валадароў гэтага веку, каторыя счазаюць,

Але гукаем мудрасьць Божую, тайную, каторую Бог наканаваў перад вякамі да славы нашае,
 
але гаворым мудрасьць Божую, у таямніцы схаваную, каторую Бог прызначыў перад вякамі на хвалу нашую,

Каторай ніхто з князёў гэтага веку не пазнаў; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Спадара славы.
 
каторай ніводзін з валадароў гэтага веку не пазнаў, бо калі б пазналі, ніколі не ўкрыжавалі б Госпада хвалы.

Але, як напісана: «Ня бачыла таго вока, і ня чула вуха, і ня прыходзіла тое на сэрца людзіне, як шмат прыгатаваў Бог тым, што мілуюць Яго».
 
Але як напісана: "Чаго вока не аглядала, ані вуха ня чула, ані сэрца чалавечае не прадчувала, тое Бог прыгатаваў тым, каторыя любяць Яго".

А нам Бог аб’явіў Духам, бо Дух усе дасьлядуе, нават глыбіні Божыя.
 
Нам жа аб'явіў Бог праз Духа. Дух бо ўсё пранікае, нават глыбіні Божыя.

Бо хто зь людзёў ведае, што ёсьць у чалавеку, апрача духа людзкога, каторы ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.
 
Хто вось з-паміж людзей ведае, што ў чалавеку, калі ня дух, які ў чалавеку? Таксама і таго што Божае, ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.

Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа ад Бога, каб ведаць, чым Бог дараваў нас,
 
А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа Бога, для веданьня таго, што нам Богам надаравана.

Што й гукаем ня людзкой мудрасьцяй навучанымі словамі, але навучаныя Духам, раўнуючы духоўнае да духоўнага.
 
Таму і вясьцім гэта не вучонымі словамі чалавечай мудрасьці, але словамі, якіх навучыў Дух, духовымі словамі, выясьняючы духовыя справы.

Але душэўная людзіна ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо яно дурнота яму; і ня можа цяміць, бо яно духоўна адрозьнюецца.
 
Душэўны ж чалавек не прыймае таго, што ёсьць ад Духа Божага, бо дурасьцю яму здаецца гэта, і ня можа гэтага ўцяміць, бо гэта толькі духам разважаецца.

Але духоўны адрозьнюе ўсе, сам жа не адрозьнюецца нікім.
 
Духовы ж (чалавек) судзіць усё, а ён нікім не разуметы.

«Бо хто пазнаў розум Спадароў, хто Яго вучыць будзе?» Але мы маем розум Хрыстоў.
 
Хто ж можа пазнаць розум Госпадаў, ды хто Яго можа павучаць? Мы ж маем розум Хрыстовы.