Быццё 17 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І было Абраму дзевяцьдзясят год, і зьявіўся СПАДАР Абраму і сказаў яму: «Я Эль-Шадай (БОГ Усемагучы); хадзі перад відам Маім і будзь беззаганны;
 
А калі Абрам меў дзевяноста дзевяць гадоў, явіўся яму Госпад і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перада Мной і будзь беззаганны.

І дам змову Сваю меж Сабою й табою, і размножу цябе вельмі а вельмі».
 
Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой і павялічу цябе вельмі-вельмі».

І паў Абрам ніцма на від свой, і гутарыў Бог ізь ім, кажучы:
 
Абрам упаў вобліч, а Бог казаў яму:

«Я — во змова Мая з табою: і ты будзеш айцом множасьці народаў.
 
«Вось угода Мая з табой. Ты будзеш бацькам многіх народаў.

І наперад ня будзе звацца імя твае Абрам; але будзе табе імя: Абрагам; бо айцом шмат народаў учыню цябе;
 
Ня будзеш называцца Абрамам, але Абрагам будзе імя тваё. Устанавіў бо Я цябе бацькам многіх народаў.

І распладжу ж цябе вельмі, вельмі, і пашыру цябе ў народы, і каралі зь цябе выйдуць;
 
Я дам табе разрастацца вельмі хутка, і выведу ад цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе каралі.

І ўстанаўлю змову Сваю меж Імною й табою і меж насеньням тваім просьле цябе ў родах ягоных, на змову вечную, каб быць табе Богам і насеньню твайму просьле цябе;
 
І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і патомствам тваім па табе як запавет вечны, каб Я быў Богам тваім і па табе Богам патомства твайго.

І дам табе і насеньню твайму просьле цябе зямлю падарожжаваньня твайго, усю зямлю Канаанскую, у дзяржаньне вечнае; і буду ім Богам».
 
І Я дам табе і патомству твайму па табе зямлю пілігрымаваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».

І сказаў Бог Абрагаму: «І ты змову маю дзяржы, ты й насеньне твае просьле цябе ў родах сваіх.
 
І зноў прамовіў Бог да Абрагама: «Ты вось беражы запавет Мой, ты і патомства тваё па табе з пакаленьня ў пакаленьне.

Гэта ёсьць змова Мая, каторую вы будзеце дзяржаць памеж Імною і памеж вамі і памеж насеньням тваім просьле цябе: няхай будзе абрэзаны ў вас кажны мужчына.
 
Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і патомствам тваім па табе. Хай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.

І абрэжча канцавую скурку плоці вашае, і будзе знакам змовы памеж Імною й вамі.
 
Вы будзеце абразаць крайнюю часьць плоці вашай, каб было гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.

І асьмёх дзён няхай будзе абрэзаны кажны мужчына ў родах вашых, народжаны ў дамове і куплены за срэбра ў вусякага чужаземца, каторы не з насеньня твайго.
 
У восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас дзіця мужчынскага роду з пакаленьня ў пакаленьне, і слуга, народжаны ў вашым доме або куплены за грошы, і кожны чужынец, каторы ня ёсьць тваім патомкам.

Канечне няхай будзе абрэзаны народжаны ў дамове тваёй і куплены за срэбра твае, і будзе змова Мая на целе вашым на змову вечную.
 
Мае быць абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за грошы; вось гэтакі будзе запавет Мой на целе вашым, запавет вечны.

А неабрэзаны мужчына, каторы не абрэжа канцавое скуркі плоці свае, і будзе выгублена душа тая з народу свайго; бо ён змову Маю ўзрушыў».
 
Неабрэзаны ж мужчынскага роду, каторы не абрэжа крайняй плоці сваёй (у восьмы дзень), хай будзе вылучана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».

І сказаў Бог Абрагаму: «Сорай, жонку сваю, не заві імя яе Сорай; але Сорра імя ейнае.
 
І сказаў яшчэ Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш называць Сарай, але Сара будзе імя яе.

Я дабраслаўлю яе і таксама дам ад яе табе сына; і дабраслаўлю яе, і будзе ў народы, і каралёве людаў зь яе будуць".
 
І Я буду дабраславіць ёй, і дам зь яе табе сына. Я буду дабраславіць ёй, і будзе яна маткай народаў, і зь яе паўстануць каралі народаў».

І паў Абрагам на від свой, і сьміяўся, і сказаў у сэрцу сваім: «Нягож стагодняму народзіцца, і Сорра дзевяцьдзясятгодняя нягож народзе?»
 
Абрагам упаў вобліч, і ўсьміхнуўся, і падумаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму чалавеку можа нарадзіцца сын? Або дзевяностагадовая Сара ці можа радзіць?»

І сказаў Абрагам Богу: «О, хоць бы Ізмайла быў жыў перад відам Тваім».
 
І сказаў Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад воблікам Тваім!»

І сказаў Бог: «А вось, Сорра, жонка твая, народзе табе сына, і ты назавеш імя яго: Ісак; і ўстанаўлю змову Сваю зь ім на змову вечную, насеньню ягонаму просьле яго.
 
А Бог кажа яму: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яго Ізаак; і Я заключу запавет Мой зь ім як запавет вечны і з патомствам яго па табе.

І праз Ізмайлу Я пачуў цябе, і вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і размножу вельмі а вельмі; двананцацёх князёў народзе; і Я ўчыню яго народам вялікім.
 
Таксама адносна Ізмаэля Я выслухаў цябе: вось жа Я буду багаславіць яму, і дам расьці, і размножу яго вельмі; ён будзе мець дванаццаць князёў, і Я разрашчу яго ў вялікі народ.

Але змову Сваю ўстанаўлю з Ісаком, каторага народзе табе Сорра гэтай самай парою на налецьце».
 
Але ўстанаўлю запавет Мой зь Ізаакам, каторага народзіць табе Сара ў гэты час у наступным годзе».

І скончыў мовіць ізь ім, і ўзьняўся Бог над Абрагамом.
 
І перастаў зь ім гаварыць, і адыйшоў Бог ад Абрагама.

І ўзяў Абрагам Ізмайлу, сына свайго, і ўсіх народжаных у дамове сваёй, і ўсіх купленых за срэбра свае, кажнага мужчыну зь людзёў дамовы Абрагамовае; і абрэзаў цела скуркі іх таго самага дня, як гутарыў зь ім Бог.
 
Дык узяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх ураджэнцаў дому свайго, і ўсіх купленых, і ўсіх хатнікаў мужчынскага роду, і яшчэ таго самага дня абрэзаў крайнюю плоць іх, як загадаў яму Бог.

Абрагаму было дзевяцьдзясят дзевяць год, як была абрэзана скурка плоці ягонае.
 
Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абразаў плоць цела свайго,

А Ізмайлу, сыну ягонаму, было трынанцаць год, як была абрэзана канцавая скурка плоці ягонае.
 
а Ізмаэль, сын яго, меў трынаццаць гадоў, калі была абрэзана плоць яго.

Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам а Ізмайла, сын ягоны;
 
Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і сын яго Ізмаэль,

І ўсі людзі дамовы ягонае, народжаныя ў дамове й купленыя за срэбра ў чужаземцаў былі абрэзаны зь ім.
 
а разам зь імі былі абрэзаны ўсе яго хатнія, слугі, народжаныя ў яго доме, або чужыя, купленыя за грошы.