Быццё 18 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І зьявіўся яму СПАДАР у дуброве Мамрэ, а ён сядзеў ля ўходу да будана ў дзянны вад.
 
І явіўся Госпад Абрагаму каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую сьпякоту дня.

Ён узьняў вочы свае, і глянуў, і во, тры мужы стаяць перад ім. І абачыў, і пабег ад уходу да будана наўпярэймы ім, і пакланіўся да зямлі.
 
Калі ён падняў вочы, убачыў: вось,тры чалавекі стаяць насупраць яго. Калі ён ўбачыў іх, то пасьпяшаўся ад дзьвярэй палаткі сваёй на спатканьне ім. І, пакланіўшыся ім да зямлі,

І сказаў: «Спадару! калі ж я знайшоў ласку ў ваччу Тваім, калі ласка, ня мінай слугі Свайго.
 
сказаў: «О, Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку на віду ў Цябе, не мінай слугі Свайго.

І возьмуць троху вады, і абмыюць ногі вашыя; і прыхініцеся пад гэтым дзервам.
 
Прынясуць крыху вады, і абмыеце ногі вашыя ды адпачніцё пад дрэвам.

А я вазьму лусту хлеба, і вы пасілкуеце сэрцы вашыя; потым пройдзеце; бо дзеля гэтага вы прайшлі міма слугі вашага». Яны сказалі: «Рабі так, як казаў».
 
А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца вашае, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да слугі свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».

І пабарзьдзіў Абрагам да будана, да Сорры, і сказаў: «Барзьдзей тры меркі мукі найлепшае рашчыні, і сьпячы сачнёў».
 
І пасьпяшаў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і напячы бондачак хлеба».

І да стады пабег Абрагам, і ўзяў цялё кунежнае а добрае, і даў малцу, і пабарзьдзіў прыгатаваць яго.
 
А сам пабег да статку і адтуль выбраў найсыцейшае цялё, і даў яго слузе, каб ён хутка сьпёк яго.

І ўзяў масла а малака, і цялё, якое прыгатаваў, і пастанавіў перад імі, і сам стаяў ля іх пад дзервам. І яны елі.
 
І прынёс таксама масла і малака, і цялё, якое сьпёк, і даў ім, а калі яны елі, стаяў перад імі пад дрэвам.

І сказалі яму: «Ідзе Сорра, жонка твая?» Ён адказаў: «Тут, у будане».
 
І папыталіся ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».

І сказаў: «Я напэўна зьвярнуся да цябе згодна з парою жыцьця, і во, сын у Сорры, жонкі твае». А Сорра слухала ля ўходу да будана, а гэта было адзаду яго.
 
І сказаў (адзін зь іх): «Калі ў гэты час за год зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара, стоячы за імі ля ўваходу ў палатку, засьмяялася.

Абрагам жа й Сорра былі старыя, увыйшлі ў гады; перастала быць у Сорры звычайнае жаноцкае.
 
Бо былі абое старыя падошлай старасьці, і звычайныя аб'явы ў жанчыны спыніліся.

І сьміялася Сорра ў нутру, кажучы: «Просьле тога, як я зьвяла, будзе імне любата? і спадар мой стары».
 
Усьміхнулася яна ўнезаметку, думаючы: «Калі ўжо я састарэлася, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»

І сказаў СПАДАР Абрагаму: «Чаму сьміялася Сорра, сказаўшы: "Нягож я запраўды нараджу — а я ж старая?"
 
І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго сьмяецца Сара і кажа: ці сапраўды магу нарадзіць старая?

Ці ё што цяжкое СПАДАРУ? У прызначаным часе Я зьвярнуся да цябе подле пары жыцьця, і ў Сорры сын».
 
Ці ж Госпаду ёсьць што немагчымае? Калі наведаю цябе за год у гэты час, Сара будзе мець сына».

І заперачыла Сорра, кажучы: «Я ня сьміялася», бо яна лякалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьміялася».
 
А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не сьмяялася,» бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, сьмяялася!»

І ўсталі стуль тыя мужы, і глядзелі на від Содомы. Абрагам жа пайшоў ізь імі, каб прапусьціць іх.
 
Дык тыя людзі падняліся і накіравалі вочы свае на Садому, а Абрагам разам пайшоў, праводзячы іх.

І СПАДАР сказаў: «Ці схаваю Я ад Абрагама, што Я раблю?
 
І сказаў Госпад: «Ці ж магу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць?

І Абрагам запраўды стане народам вялікім а магутным, і будуць дабраславёныя ў ім усі народы зямлі;
 
Ён бо станецца народам вялікім і магутным, і ў ім атрымаюць дабраславенства ўсе народы на зямлі.

Бо Я знаю яго, што раскажа ён дзяцём сваім і дамове сваёй просьле сябе, і будуць дзяржаць дарогу СПАДАРОВУ, чыніць справядлівасьць а суд, каб мог здойсьніць СПАДАР Абрагаму, што гукаў празь яго».
 
Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасьць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».

І сказаў СПАДАР: «Во крык Содомы а Ґоморы, бо вялікі ён, і грахі іхныя, бо вельмі яны цяжкія.
 
І сказаў Госпад: «Скарга на Садому і на Гамору павялічылася, і грэх іхні надта цяжкі.

Зыйду ж а пагляджу, ці згодна з крыкам, каторы прыходзе да Мяне, учынілі яны супоўна, а калі ня так, дык буду ведаць».
 
Дык зыйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на дзеі, ці не?»

І абярнуліся мужы адгэнуль, і пайшлі да Содомы. Абрагам жа яшчэ стаяў перад СПАДАРОМ.
 
І павярнулі тыя людзі, і накіраваліся ў Садому. А Абрагам ўсё стаяў перад Госпадам.

І дабліжыўся Абрагам, і сказаў: «Нягож Ты загубіш справядлівага зь нявернікам?
 
І, падыйшоўшы да Яго, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам зь бязбожным?

Можа ё пяцьдзясят справядлівых сярод места? Нягож Ты загубіш, і не даруеш месту дзеля пяцьдзясят справядлівых, што ўнутры ў яго?
 
Калі б прыпадкам у горадзе было пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі б у ім былі?

Крый Божа, каб Ты ўчыніў такі ўчынак, каб Ты зрабіў сьмерць справядліваму зь нявернікам, і будзе як справядлівы так і няверны: Крый Божа! Ціж Судзьдзя ўсяе зямлі ня ўчыне суду?»
 
Не рабі так, каб загубіў Ты справядлівага ды зь бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж судзьдзя ўсёй зямлі паступіць несправядліва?»

І СПАДАР сказаў: «Калі я знайду ў Содоме пяцьдзясят справядлівых унутры места, то Я дарую ўсяму месцу дзеля іх».
 
Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».

І адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа я быў адважыўшыся гукаць Валадару, а я — пыл а попел.
 
І зноў Абрагам прамовіў: «Вось жа пачаў я прасіць Госпада майго, хоць я пыл і парахно.

Можа ня стане пяцёх да пяцьдзясят справядлівых, нягож Ты выгубіш дзеля пяцёх усё места?» Ён сказаў: «Ня выгублю, калі знайду там сараку пяцёх».
 
А што, а калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» Бог кажа: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць».

І далей яшчэ гукае да Яго, і сказаў: «Можа знойдзецца там сорак». Ён сказаў: «Ня ўчыню і дзеля сараку».
 
Зноў зьвярнуўся Абрагам у гэтыя словы: «Калі б прыпадкам было там толькі сорак?» Кажа Бог: «Ня зьнішчу дзеля сарака».

І сказаў: «Няхай ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць: можа знойдзецца там трыццацёх». Ён сказаў: «Ня ўчыню, калі знайду там трыццацёх».
 
«Ня гневайся на мяне, прашу, Госпадзе, калі папытаюся: Калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу, калі знайду тамака трыццаць».

І сказаў: «Вось жа, я важыўся гукаць Валадару: можа знойдзецца там дваццацёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дваццацёх».
 
«Дазволь, — кажа, — Госпадзе, зноў спытацца. Можа часам знайшлося там дваццаць?» Бог кажа: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці».

І сказаў: «Няхай жа ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць яшчэ адно гэты раз: можа знойдзецца там дзесяцёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дзесяцёх».
 
«Вось жа, — кажа, — хай ня гневаецца Госпад мой, калі папытаюся яшчэ раз. Можа часам знайшлося б там дзесяць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці».

І адышоў СПАДАР, скончыўшы гутарыць із Абрагамом, і Абрагам зьвярнуўся на свае месца.
 
І скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца.