Быццё 42 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І даведаўся Якаў, што ё збожжа ў Ягіпце, і сказаў Якаў сыном сваім: «Чаго вы глядзіце?»
Калі пачуў Якуб, што збожжа прадаецца ў Эгіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на другога?
І сказаў: «Вось, я чуў, што ё збожжа ў Ягіпце; зыйдзіце туды і купіце нам стуль, і будзем жыць і не памрэм».
Я чуў, што ў Эгіпце прадаюць пшаніцу. Выберыцеся і купіце сабе што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з голаду».
І зышлі дзесяцёх братоў Язэпавых купіць збожжа ў Ягіпту;
І дзесяць братоў Язэпа выбраліся ў Эгіпет купляць збожжа.
А Веняміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: «Каб не прылучылася зь ім няшчасьце».
А Бэн'яміна, брата Язэпа, Якуб затрымаў дома, кажучы ягоным братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».
І прышлі сынове Ізраелявы купляць збожжа, сярод іншых прыбылых; бо была галадоў у зямлі Канаанскай.
Калі сыны Ізраэля прыбылі зь іншымі ў зямлю Эгіпецкую, каб купіць збожжа, бо голад панаваў у зямлі Ханаан,
А Язэп быў найвышшы валадар тае зямлі. Ён прадаваў збожжа ўсяму люду зямлі. І прышлі браты Язэпавы, і білі яму чалом да зямлі.
Язэп быў правіцелем у зямлі Эгіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. Браты Язэпа, прыбыўшы да яго, пакланіліся аж да зямлі.
І абачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх; і прыдаўся чужым ім, і гукаў зь імі стродка, і сказаў ім: «Скуль вы прышлі?» І яны сказалі: «Ізь зямлі Канаанскае купіць збожжа».
І ён пазанаў іх, і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «Зь зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцьця».
І пазнаў Язэп братоў сваіх, але яны не пазналі яго.
І ён пазнаў братоў, але імі ня быў пазнаны.
І ўспомнеў Язэп сны, што ён сьніў празь іх; і сказаў ім: «Узьведнікі вы, абачыць голасьць зямлі прышлі вы».
І, прыпомніўшы сны, якія калісьці сьніў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»
І сказалі яны яму: «Не, спадару наш; і твае слугі прышлі купіць еміны.
Яны адказалі: «Не, пане, мы — слугі твае, прыбылі, каб купіць харчоў.
Усі мы сынове аднаго чалавека; пасьцівыя мы. Ня бывалі слугі твае ўзьведнікамі».
Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога слугі твае ня думаюць благога».
Ён сказаў ім: «Не, толькі голасьць зямлі прышлі вы выглядзець».
Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы ў неўмацаваныя месцы, каб гэтую зямлю агледзець!»
Яны сказалі: «Двананцацёх слугаў тваіх братоў; мы сынове аднаго чалавека ў зямлі Канаанскай, і вось, малы сядні з айцом нашым, а аднаго няма».
А яны сказалі: «Было нас дванаццаць братоў, слугаў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».
І сказаў ім Язэп: «Гэта самае я й казаў вам, сказаўшы: "Узьведнікі вы".
Язэп сказаў ім: «Так ёсьць, як я вам сказаў: вы шпіёны!
Гэтым будзеце выпрабаваны: жыў Фараон! вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды малы брат ваш.
Таму праверым вас. На жыцьцё фараона! Ня выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы ваш брат!
Пашліце аднаго з вас, і няхай возьме ён брата вашага; а вы будзеце ўвязьнены. І выпрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша; і калі не, жыў Фараон! узьведнікі вы».
Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застаніцёся ў вязьніцы, пакуль высьветліцца, што вы гаварылі ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, на жыцьцё фараона, шпіёны вы!»
І забраў іх пад нагляд на тры дні.
І аддаў іх пад варту на тры дні.
І сказаў ім Язэп на трэйці дзень: «Гэта зрабіце, і застаніцеся жывы; Бога я баюся.
На трэці дзень, вывеўшы іх зь вязьніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.
Калі пасьцівыя вы, няхай адзін із вашых братоў застанецца ўвязьнены ў доме нагляду вашага, а вы йдзіце й адвязіце збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых.
Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязьніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, каторае купілі, да дамоў вашых,
І брата вашага малога прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і не памрыце». І зрабілі яны так.
а брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памрыцё». І яны зрабілі, як ён загадаў,
І казалі яны кажны брату свайму: «Запраўды мы вінны ўзглядам брата нашага, што мы бачылі бедаваньне душы ягонае, як ён маліў нас, але не паслухалі, і за тое й прышла на нас бяда гэта».
і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы ня выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».
І адказаў Рувін ім, кажучы: «Ці не казаў я вам, кажучы: "Не грашыце супроці дзецяняці", і не паслухалі вы; і во, кроў ягоная спаганяецца».
А Рубэн казаў: «Ці не казаў я вам: «Не грашыце супраць хлопца?» І не паслухалі мяне. Кроў ягоная помсьціцца».
А яны ня ведалі, што Язэп цяме, бо памеж іх быў перакладнік.
І ня ведалі яны, што Язэп разумее, бо зь імі размаўляў празь перакладчыка.
І адвярнуўся ад іх, і плакаў. І зьвярнуўся да іх, і гукаў ізь імі, і ўзяў зь іх Сымона, зьвязаў яго перад ачыма іхнымі.
І адыйшоўшыся ад іх, расплакаўся (Язэп). Потым вярнуўся і, размаўляючы зь імі, адлучыў ад іх Сымона, і ў іх прысутнасьці загадаў яго зьвязаць.
І загадаў Язэп, і напоўнілі судзіны іхныя збожжам, і зьвярнуць срэбра іхнае кажнаму ў мех ягоны, і даць ім еміны на дарогу. І зрабілі ім гэтак.
І загадаў напоўніць мяшкі іх збожжам, і каб ў кожным мяшку былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.
Яны паднялі збожжа свае на аслы свае і пайшлі стуль.
І яны, усклаўшы сваё збожжа на аслоў, падаліся ў дарогу.
І разьвязаў адзін мех свой, каб даць аслу свайму на папасе; і абачыў срэбра свае, і вось, яно ў вадтуліне мяха ягонага.
Калі адзін зь іх адкрыў мяшок свой, каб пакарміць асла ў заезьдзе, убачыў грошы наверсе ў мяшку,
І сказаў братом сваім: «Срэбла імне зьвярнулі; і яно ў мяху ў мяне». І затрывожылася сэрца іхнае, і яны задрыжэлі, адзін перад адным, кажучы: «Што гэта Бог учыніў нам?»
і сказаў братам сваім: «Зьвярнулі мне грошы, вось яны ляжаць у мяшку!» Яны зьдзівіліся і стрывожыліся запар, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»
І прышлі яны да Якава, айца свайго, да зямлі Канаанскае, і паведалі яму ўсе, што прыгадзілася зь імі, кажучы:
І вярнуліся яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што зь імі было ў Эгіпце, кажучы:
«Гукаў тый чалавек, спадар зямлі тае, з намі стродка і меў нас за ўзьведнікаў у тэй зямлі.
«Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы — шпіёны ў гэтай правінцыі.
І сказалі мы яму: «Пасьцівыя мы, мы ня бывалі ўзьведнікамі;
Мы яму адказалі: Мы чэсныя, і ня маем намеру рабіць ніякіх подступаў,
Нас двананцацёх братоў, сыноў у вайца нашага; аднаго няма, а малы сядні з айцом нашым у зямлі Канаанскай».
дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым ў зямлі Ханаан.
І сказаў тый чалавек, спадар зямлі тае: «З гэтага я пазнаю, ці пасьцівыя вы: застаўце ў мяне аднаго брата з вас, а вы збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых вазьміце й пайдзіце;
Дык сказаў нам правіцель зямлі: Вось праверу, ці вы чэсныя: аднаго брата вашага пакіньце і адпраўляйцеся.
І прывядзіце да мяне малога брата вашага; і даведаюся, што вы ня ўзьведнікі, але пасьцівыя вы, аддам вам брата вашага, і вы зможаце таргаваць у гэтай зямлі».
Брата вашага найменьшага дастаўце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, аддам вам, і далей будзеце мець дазваленьне хадзіць па гэтай зямлі».
І было: як яны паражнілі мяхі свае, і во, у кажнага зьвязак срэбла ягонага ў мяху ягоным. І бачылі яны зьвязкі срэбла свайго, яны і ацец іхны, і баяліся.
Па гэтай размове, калі апаражнілі яны мяхі, кожны знайшоў у сваім мяшку капшук з грашыма. І ўсе разам надта спалохаліся.
І сказаў ім Якаў, айцец іхны: «Вы спабылі мяне дзяцей: Язэпа няма; і Сымона няма; Веняміна ўзяць хочаце, — усе гэта на мяне!»
І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што мы застанёмся безь дзяцей: Язэпа няма, Сымон у вязьніцы, Бэн'яміна забіраеце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».
І сказаў Рувін айцу свайму: «Забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на маю руку, і я зьвярну яго табе».
А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».
А ён сказаў: «Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памер, і ён адзінотным застаўся! Калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у каторую вы пойдзеце, дык зьвядзіце вы сівізну маю із смуткам да шэолю».
А Якуб адказаў: «Ня пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у адхлань».