Эздры 5 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І праракалі прароцтвы празь Юдэяў, што ў Юдэі а ў Ерузаліме, Гаґей прарока а Захара Ідзянок, у імя Бога Ізраелявага.
Тады ўсталі Зэрувавэль Шэалфеленак а Ешуа Ёсадачонак і пачалі станавіць дом Божы ў Ерузаліме, і зь імі прарокі Божыя, памагаючы ім.
Таго часу прышоў да іх Фафнай, вайвода гэтага боку ракі, а Шэфар-Бознай а сяброве іхныя, і гэтак сказалі ім: «Хто даў вам дазвол станавіць дом гэты й дарабляць сьцены гэтыя?»
Тады мы сказалі ім імёны тых людзёў, каторыя становяць гэту будоўлю.
Але над старцамі Юдэйскімі было вока Бога іхнага, тыя не баранілі ім, пакуль справу не паслалі Дару, і пакуль ня прышоў рассудак у гэтай справе.
Во адпіс лісту, каторы паслаў Фафнай, вайводца на гэтым баку ракі, і Шэфар-Бознай ізь сябрамі сваімі — Афарсахеямі, каторыя за ракою, каралю Дару.
У лісьце, каторы яны паслалі яму, было напісана гэтак: «Дару каралю — супакой у вусім!
Хай будзе ведама каралю, што мы хадзілі да Юдэйскае краіны, да дому Бога вялікага; і становяць яго зь вялікіх камянёў, і дзерва ўкладаюць у сьцены; і работа іхная йдзець спорна і з дасьпехам у руках іхных.
Тады мы папыталіся ў старцоў тых і гэтак сказалі ім: "Хто даў вам дазвол станавіць дом гэты й сьцены гэтыя дарабляць?"
І звыш тога празь імёны іхныя мы папыталіся ў іх, наказаць табе й напісаць імёны тых людзёў, каторыя галоўныя ў іх.
І яны адказалі нам гэткімі словамі: "Мы — слугі Бога неба й зямлі, і становім дом, каторы быў пастаноўлены за шмат год да гэтага, і вялікі кароль у Ізраелю станавіў і скончыў яго.
А як бацькі нашыя загневалі Бога нябёснага Ён аддаў іх у рукý Невухаднецара, караля Бабілёнскага, Хальдэяніна; і дом гэты ён разбурыў, і люд перасяліў да Бабілёну.
Але першага году Кіра, караля Бабілёнскага, кароль Кір даў дазвол пастанавіць гэты дом Божы;
Дый судзьдзе дому Божага, залатое а срэбнае, каторае Невухаднецар выняў ізь сьвятыні ў Ерузаліме й завёз яго да сьвятыні Бабілёнскае, гэны Кір кароль выняў ізь сьвятыні Бабілёнскае, і яно было прывезена таму, наторага імя Шэмбацар, каторага ён прызначыў за вайводу,
І сказаў яму: "Вазьмі гэтае судзьдзе, пайдзі, завязі яго да сьвятыні, каторая ў Ерузаліме, і няхай дом Божы становіцца на сваім месцу’.
Тады прышоў тый самы Шэшбацар і палажыў под дому Божага, каторы ў Ерузаліме; адгэнуль аж дагэтуль ён будуецца і яшчэ ня скончаны".
Дык калі гэта здасца каралю добрым, няхай пашукаюць у доме каралеўскіх скарбаў, там у Бабілёне, ці запраўды кароль Кір даў дазвол станавіць гэты дом Божы ў Ерузаліме; і каралеўскую волю праз гэта хай прышлюць нам».