Ёва 10 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Абрыдала душы маёй жыцьцё мае; аддамся нараканьню свайму; буду гукаць у немарасьці душы свае.
 

Скажу Богу: ня вінуй мяне; азнаймі імне, чаму Ты з імною ходаешся?
 

І здаецца добрым Табе ўціскаць, грэбаваць гарапашнасьцю рук Сваіх і на радзе нягодных зьзяць?
 

Ціж у Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
 

Ці дні Твае, як дні чалавека, альбо гады Твае, як дні мужа,
 

Што Ты шукаеш бяспраўя майго і сочыш грэх мой,
 

Дарма што ведаеш, што я ня вінны, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Твае?
 

Рукі Твае хармавалі мяне і ўчынілі ўсяго мяне навокал, — і Ты губіш мяне?
 

Успомні ж, што Ты, як гліну, вырабіў мяне, і ў пыл абарачаеш мяне?
 

Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як твораг, згусьціў мяне?
 

Скураю а целам апрануў мяне, косьцьмі а жыламі ўмацаваў мяне;
 

Жыцьцё й міласэрдзе ўчыніў з імною, і апека Твая крыла дух мой.
 

Але й тое схаваў Ты ў сэрцу Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, —
 

Што, калі я ізграшыў, і Ты крыеш мяне, але зь бяспраўя майго не аправіш мяне.
 

Калі я нягодны, бяда імне! калі я справядлівы, я не магу ўзьняць галавы свае, бо я чыста зганьбены; і глянь на гароту маю.
 

І калі я падыймаюся, Ты жанешся, як леў, за імною і ўзноў зумяваеш мяне.
 

Аднаўляеш сьветкі Свае супроці мяне, і павялічаеш гнеў Свой на мяне, адмены войска супроці мяне.
 

І нашто Ты вывеў мяне зь дзетніцы? хай бы я сканаў, і вока ня бачыла мяне;
 

І хай бы я быў, як нябылы, з улоньня да гробу перанесены!
 

Ці не малыя дні мае? Пакінь, адступі ад мяне, каб я троху пасіліўся,
 

Пакуль не адыйду, — і ўжо не зьвярнуся, — да краю цемрадзі й смяротнага сьценю,
 

Краю цемрадзі, падобнага да цемні сьмяротнага сьценю, ідзе няма парадкаў і йдзе асьвячэньне, як глыбокая цемнь».