Ёва 19 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
«Пакуль будзеце немарасьціць душу маю і крышыць мяне словамі?
Вось, дзесяць разоў вы высьміялі й не сароміцеся, чураецеся мяне.
І нават калі я запраўды абмыліўся, абмыла мая з імною застаецца.
Калі ж запраўды вы вяльмуецеся каля мяне і ўпікаеце імне маёю ганьбаю,
То ведайце, што Бог скрывіў мяне й абклаў мяне Сваёй сецьцю.
Вось, я крычу: «Ґвалт!» і не адказуюць; галашу, няма суду.
Ён загарадзіў імне гасьцінец, і не магу прайсьці, і на сьцежкі мае паклаў цемнь.
Славу маю сьцягнуў зь мяне й вянок зьняў з галавы мае.
Навокал спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дзерва, Ён вырваў надзею маю.
Запалаў на мяне гневам Сваім, і ўважае мяне памеж варагоў Сваіх.
Разам прышлі вяткі Ягоныя, яны праклалі дарогі свае супроці мяне й разьлягліся табарам навокал будану майго.
Братоў маіх Ён аддаліў ад мяне, і знаючыя мяне ўсяляк чураюцца мяне.
Узьдзержуюцца ад мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забыліся мяне.
Жывучыя ў доме маім і служэбкі мае маюць мяне за чужніка; я стаў чужніком у вачох іх.
Гукаю слугу свайго, і ён не адгукаецца; вуснамі сваімі я маю маліць яго.
Дыханьня майго чураецца жонка мая і ўздыханьня дзяцей улоньня майго.
Нават дзеці грэбуюць імною; падыймаюся, і яны гукаюць супроці мяне.
Брыдзяцца імною ўсі людзі даверу майго; і тыя, каторых я любіў, зьвярнуліся супроці мяне.
Косьці мае прыліплі да скуры мае а цела майго, і я ўратаваўся адно із скураю каля зубоў сваіх.
Зьмілуйцеся над імною, зьмілуйцеся над імною вы, прыяцелі мае, бо рука Божая даткнулася да мяне.
Чаму вы перасьлядуеце мяне, як Бог? І целам маім ня можаце насыціцца?
О, каб мовы мае былі запісаны! каб яны былі нарысаваны ў кнізе!
Пяром зялезным а волавам на векі ў скале яны былі высечаны!
Але я ведаю, што Адкупіцель мой жывець, і наапошку Ён стане на пыле;
Просьле тога, як гэта скура мая зьнішчыцца, у целе сваім я буду мець відзень Бога;
Я абачу Яго сам, і мае вочы абачаць, а ня чужыя. Нутр мой нішчыцца ў вулоньню маім.
Вам належыла б сказаць: "Нашто мы перасьлядуем яго?" Бо карэнь ліха знойдзены ў імне.
Бойцеся мяча, бо меч ё помсьнік няпраўды, і ведайце, што ё суд».