Ёва 20 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І адказаў Софар Наамацянін, і сказаў:
«Затым думкі мае сіляць мяне адказаць, бо пасьпех мой у імне.
Упікі, мяне ганьбячыя, я чую, і дух розуму майго адказуе імне.
Ці ня ведаеш ты, што ад веку, адгэнуль, як чалавек быў памешчаны на зямлі,
Што весялосьць нягодных малачасная, і радасьць лісьлівых на часіну?
Хоць бы ўзышла да неба вялікасьць ягоная, і галава ягоная датыкалася да булакоў;
Як кал ягоны, на векі гіне ён; тыя, што бачылі яго, скажуць: "Ідзе ён?"
Як сон, паляціць, і ня знойдуць яго; і, як ночная здань, будзе хістацца.
Вока, што бачыла яго, наперад не абача яго; і ўжо ня ўгледзе яго месца ягонае.
Сыны ягоныя будуць шукаць зычлівасьці ўбогіх, і рукі ягоныя зьвернуць маемасьць ягоную.
Косьці ягоныя напоўнены маладосьцю ягонаю, і зь ім лягуць яны ў пыл.
Хоць нягоднасьць салодкая ў роце ягоным, хоць ён хавае яе пад языком сваім,
Хоць ён жалее яе, і не пакідае яе, і дзяржыць яе ля паднябеньня свайго;
Ежа ягоная, адылі, зьменіцца ў нутру ягоным, яна жоўць найатрутнейшых гадаў у ім.
Ён глытае багацьце, і вырывае яго: Бог выганяе яго із жывата ягонага.
Ён сьсець атруту найатрутнейшых гадаў; заб’ець яго язык гадавы.
Ня бачыць яму ручаёў, рэкаў, мёдам а маслам цякучых!
Прыдбанае працаю зьверне і не праглынець; подле меньня ягонага мена ягоная, а ён не пацешыцца;
Бо ён уціскаў, пакідаў бедных; глабаў дамы, а не станавіў;
Ня знаў супакою ў жываце сваім; і ў жаданьню сваім не жалеў нічога.
Нічога не засталося ад яды ягонае; за тое дабрабыт ягоны ня будзе трывалкі.
У паўніні дастатку ён будзе ў цясноце; кажная стамаваная рука прыйдзе на яго.
Каб напоўніць жывот ягоны, Бог пашлець палкі гнеў свой на яго, ды дасьць дождж на яго ў часе яды ягонае.
Калі ўцячэць ён ад зброі зялезнае, — пратнець яго лук мядзяны;
Выцягне, — і ён выйдзе зь цела, зіхцячае із жоўці ягонае выйдзе; жахі нойдуць на яго!
Усе цемнае схавана ў сховах ягоных; будзе жэрці яго цяпло, не разьдзьмуханае; ліха засталаму ў будане ягоным.
Неба адкрые бяспраўе ягонае, і зямля паўстане супроці яго.
Маемасьць дому ягонага шчэзьне, расплывецца ў дзень гневу Ягонага.
Гэта дзель ад Бога нягоднаму чалавеку, спадак прызвачаны яму Богам».