Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пагукаўшы двананцацёх вучанікаў Сваіх, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, выганяць іх, і ўздараўляць усялякую хваробу і ўсялякае няўздоленьне.
 

Вось жа двананцацёх апосталаў імёны гэткія: першы Сымон, званы Пётрам, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зэведэяў а Яан, брат ягоны,
 

Піліп а Варфаламей, Хама а Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў а Леўвей, каторага мянушка была Хвадзей,
 

Сымон Каноянін а Юда Іскарыёт, што й ізрадзіў Яго.
 

Гэтых двананцацёх паслаў Ісус і расказаў ім, кажучы: «На дарогу да паган не хадзіце і да места Самарскага ня ўходзьце;
 

Але валей ідзіце да загінулых авец дому Ізраелявага.
 

І ходзячы, абяшчайце, кажучы: ’Дабліжылася гаспадарства нябёснае’.
 

Хворых уздараўляйце, пракажаных ачышчайце, мертвых ускрышайце, нячысьцікаў выганяйце; дарма адзяржалі, дарма давайце.
 

Не бярыце із сабою ані золата, ані срэбла, ані медзі ў чарэслы свае,
 

Ані хатуля ў дарогу, ані дзьвюх сарочкаў, ані вобую, ані посаха, бо працавень варты еміны свае.
 

Да якога места альбо селішча ня ўвыйшлі б вы, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
 

А ўходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: ’Супакой дому гэтаму’;
 

І калі дом будзе годны, то супакой ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе годны, то супакой ваш да вас зьвернецца.
 

А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому альбо зь места таго, атрасіце пыл із ног сваіх.
 

Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай а Ґоморскай у дзень суду, чымся месту таму.
 

«Вось, я пасылаю вас, як авечкі сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як гады, і нявінныя, як галубы.
 

Сьцеражыцеся ж людзёў, бо яны будуць выдаваць вас радам і ў бажніцах сваіх будуць біць вас.
 

І павядуць вас да правадыроў а каралёў за Мяне, на сьветчаньне ім а паганам.
 

Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся, як або што казаць; бо ў тым часе дана будзе вам, што сказаць;
 

Бо ня вы будзеце гукаць, але Дух Айца вашага будзе гукаць у вас.
 

«І выдасьць брат брата на сьмерць, і айцец — дзяцё; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
 

І будуць усі ненавідзіць вас за імя Мае, але хто вытрывае да канца, спасецца.
 

«Калі ж вас будуць гнаць у вадным месьце, бяжыце да другога. Бо запраўды кажу вам: не пасьпееце абыйсьці местаў Ізраелявых, як прыйдзе Сын Людзкі.
 

Вучанік не пераходзе вучыцеля, ані слуга — гаспадара свайго.
 

Досыць вучаніку, каб ён быў, як вучыццель ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі ж гаспадара дому назвалі вельзэвулам, пагатове — хатніх ягоных.
 

Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і тайнага, праз што не даведаліся б.
 

Што кажу вам у цямноце, кажыце ў сьвятліні; і што чуеце на вуха, разгалашайце на стрэхах.
 

«І ня бойцеся забіваючых цела, а душы ня могучых забіць; а валей бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле.
 

Хіба двух вераб’ёў не прадаюць за пенязь, і ні водзін ізь іх ня зваліцца на зямлю бяз волі Айца вашага;
 

У вас жа й валасы на галаве ўсі палічаны;
 

Дык ня бойцеся ж, бо вы пераходзіце шмат вераб’ёў.
 

Дык кажнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю й Я перад Айцом Маім, што ў нябёсах;
 

А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся й Я перад Айцом Сваім, што ў нябёсах.
 

«Ня думайце, што Я прышоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прышоў Я прынесьці, але меч;
 

Бо Я прышоў пастанавіць чалавека супроці айца ягонага, і дачку супроці маткі ейнае, і нявестку супроці сьвякрыві ейнае.
 

І непрыяцелі людзіны хатнія яе.
 

Хто любе айца альбо маці балей за Мяне, ня годны Мяне; і хто любе сына альбо дачку балей за Мяне, ня годны Мяне.
 

І хто не бярэць крыжа свайго і ня йдзець за Імною, тый ня годны Мяне.
 

Хто знойдзе жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
 

Хто прыйме вас, прыймае Мяне; а хто прыймае Мяне, прыймае таго, хто паслаў Мяне.
 

Хто прыймае прароку ў імя прарокі, адзяржыць нагароду прароцкую; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, адзяржыць нагароду справядлівага.
 

І хто дасьць піць аднаму з малых гэтых коўню сьцюдзёнае вады ў імя вучаніка, запраўды кажу вам аніяк ня згубе нагароды свае».