Эздры 8 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Гэта галавы айцоў сваіх і радавод тых, што ўзышлі з імною з Бабілёну за дзяржавы караля Артаксэркса:
 
Такім чынам, вось кіраўнікі пакаленняў і радаводы тых, хто ў валадаранне цара Артаксэркса выйшаў са мною з Бабілона:

Із сыноў Фінегасавых — Ґіршом; із сыноў Іфамаровых — Данель; із сыноў Давідавых — Гаттуш;
 
З сыноў Пінхаса: Гэрсом. З сыноў Ітамара: Даніэль. З сыноў Давіда — Гатус, сын Сэхэніі.

Із сыноў Шэханіных; із сыноў Паронавых — Захара, і зь ім запісаных у радаводзе мужчынаў сто пяцьдзясят;
 
З сыноў Пароса: Захарыя, і з ім палічана было сто пяцьдзесят чалавек.

Із сыноў Пагаф-Моававых — Ілегоенай Зэражонак, і ізь ім дзьвесьце мужчынаў;
 
З сыноў Пагатмааба: Эліёэнай, сын Зараі, і з ім дзвесце чалавек.

Із сыноў Шэханіных — сын Ягазеля, і зь ім трыста мужчынаў;
 
З сыноў Зэта: Сахэнія, сын Яхазіэля, і з ім трыста чалавек.

Із сыноў Адынавых — Евед Ёнафаненак, і зь ім пяцьдзясят мужчынаў;
 
З сыноў Адзіна: Абэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзесят чалавек.

Із сыноў Еламовых — Есая Афалёнак, і зь ім семдзясят мужчынаў;
 
З сыноў Элама: Есая, сын Аталіі, і з ім семдзесят чалавек.

Із сыноў Шэфаціных — Зэвада Міхайлёнак, і зь ім асьмідзясят мужчынаў;
 
З сыноў Сафаціі: Забадзія, сын Міхаэля, і з ім восемдзесят чалавек.

Із сыноў Ёавовых — Овада Егіеленак, і зь ім дзьвесьце асьмінанцацёх мужчынаў;
 
З сыноў Ёаба: Абдзія, сын Ягіэля, і з ім дзвесце васемнаццаць чалавек.

Із сыноў Шэломіфавых — Бані Ёсыфёнак, і зь ім сто шасьцьдзясят мужчынаў;
 
З сыноў Бані: Сэламіт, сын Ёсфіі, і з ім сто шэсцьдзесят чалавек.

Із сыноў Бевая — Захара Беваёнак, і зь ім дваццаць асьмёх мужчынаў;
 
З сыноў Бэбая: Захарыя, сын Бэбая, і з ім дваццаць восем чалавек.

Із сыноў Азґадовых — Ёганан Гакатаненак, і зь ім сто дзесяцёх мужчынаў;
 
З сыноў Азгада: Ёханан, сын Экцэтана, і з ім сто дзесяць чалавек.

І апошнія із сыноў Адонікамовых, каторых імёны гэткія: Еліфелет, Еель а Шэмая, і зь імі шасьцьдзясят мужчынаў;
 
З сыноў Аданікама прыйшлі малодшыя, і вось іх імёны: Эліпалет, і Егіэль, і Сямэя, і з імі шэсцьдзесят чалавек.

Із сыноў Біґваёвых — Уфай а Завуд, і зь імі семдзясят мужчынаў.
 
З сыноў Бэгвая: Утай, сын Закхура, і з ім семдзесят чалавек.

Я зьбер іх ля ракі, што ўв Агаву ўцякае, і мы прастоілі там тры дні; і як я агледзеў люд а сьвятароў, то із сыноў Левавых там не знайшоў.
 
Сабраў жа я іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы там затрымаліся на тры дні. Я агледзеў народ і святароў; і не знайшоў там сыноў Леві.

І паслаў я па Елезэра, па Арэля, па Шэмаю а па Елнафана а па Ярыва а па Елнафана а па Нафана а па Захару а па Мешулама — галоўных; таксама па Ёярыва а па Елнафана — кемных;
 
Дзеля таго выправіў я Эліязэра, і Арыэля, і Сямэю, і Ёярыба, і Эльнатана, і Натана, і Захарыю, і Масалу, — мудрых кіраўнікоў.

І паслаў іх із загадаю да Ідды, галоўнага ў мясцовасьці Касыфа, і казаў ім сказаць Ідду а братом ягоным нефінеям, каб яны прывялі нам службітоў да дому Бога нашага.
 
І паслаў іх затым да Эда, кіраўніка ў мясцовасці Хасфіі, і праз іх вусны загадаў, што маюць сказаць Эду і братам яго, каб прывялі яны нам паслугачоў для дома Бога нашага.

І з помачай Божай прывялі яны нам мужа разумнага із сыноў Маглевых, Левянка Ізраеляніна, наймя Шэрэву, із сынамі ягонымі а братамі ягонымі, асьмінанцацёх,
 
І прывялі яны нам праз руку Бога нашага, добрага да нас, мужа самага мудрага спаміж сыноў Махалі, сына Леві, сына Ізраэля, на імя Сэрэбія, ды сыноў яго і братоў яго лікам васемнаццаць,

І Гашаву, і зь ім Ешаю із сыноў Мераравых, братоў ягоных а сыноў ягоных, дваццацёх;
 
і Гасабію, і з ім Есая з сыноў Мэрары, ды сыноў яго і братоў яго лікам дваццаць,

І зь нефінеяў, каторых даў Давід а князі на паслугу Левітам, дзьвесьце дваццацёх нефінеяў, усі былі выменаваны.
 
і паміж нявольнікаў, якіх Давід і князі далі на службу левітам, — дзвесце дваццаць чалавек; усе яны запісаны па імёнах.

Тады я абясьціў там пост, ля ракі Агавы, каб мы ўкарыліся перад Богам нашым, шукаць у Яго простае дарогі сабе а дзецянятам сваім а ўсёй маемасьці нашай;
 
І там, каля ракі Агавы, абвясціў я пост, каб упакорыліся мы перад Богам нашым і папрасілі ў Яго шчаслівую дарогу нам, і дзецям нашым, і ўсёй уласнасці нашай.

Бо імне сорамна было прасіць у караля войска а коньнікаў на абарону нам ад ворага ў дарозе, бо мы, гукаючы з каралём, сказалі: «Рука Бога нашага на дабро да ўсіх, у Яго просячых, а магутнасьць а гнеў Ягоны — на ўсіх пакідаючых Яго».
 
Пасаромеўся бо я прасіць у цара войска і конніцу, каб баранілі яны нас у дарозе ад непрыяцеля, бо мы сказалі цару: «Рука Бога нашага будзе сцерагчы ўсіх, хто просіць Яго ласкавасці, і моц Яго, і сіла Яго — супраць усіх, хто ад Яго адварочваецца».

Дык мы поставалі й прасілі Бога нашага гэтага; і Ён даўся нам упрасіць.
 
І пасцілі мы, і прасілі Бога нашага пра гэта, і Ён пачуў нас.

І я аддзяліў двананцацёх із начэльнікаў над сьвятарамі: Шэрэву, Гашаву і дзесяцёх братоў іхных ізь імі;
 
І выбраў я паміж кіраўнікоў святароў дванаццаць: Сэрэбію, Гасабію, і з імі дзесяць братоў іх,

І адважыў ім срэбра а золата а судзьдзе, падараванае да дому Бога нашага, каторае падаравалі кароль а райцы ягоныя а князі ягоныя а ўсі Ізраяляне, што там апынуліся.
 
і адважыў я ім срэбра, і золата, і пасудзіны — ахвяры для дома Бога нашага, што прынёс цар, і дарадчыкі яго, і кіраўнікі яго, і ўсе з Ізраэля тыя, хто быў там.

Я адважыў на рукі ім шасьцьсот пяцьдзясят таланяў срэбра і срэбнага судзьдзя на сто таланяў, золата — сто таланяў;
 
І адважыў у рукі іх шэсцьсот пяцьдзесят талентаў срэбра і сто срэбраных пасудзін, якія каштавалі сто талентаў золата

Таксама дваццаць чараў залатых на тысяча драхмаў, і дзьве судзіны з бліскучае медзі, дарагое як золата.
 
і дваццаць залатых келіхаў, якія каштавалі па тысячы драхм, і дзве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі цаною, як золата.

І сказаў я ім: «Вы — сьвятасьць СПАДАРУ і судзьдзе сьвятое, а срэбра а золата — самахотныя аброкі СПАДАРУ, Богу айцоў вашых.
 
І сказаў я ім: «Вы пасвячоны Госпаду, і пасудзіны гэтыя святыя: і срэбра, і золата пасвячоны Госпаду, Богу бацькоў вашых;

Будзьце чукавыя і ўсьцеражыце, аж пакуль адважыце перад начэльнікамі сьвятароў а Левітаў і перад начэльнікамі бацькоў Ізраеля ў Ерузаліме, у залях дому СПАДАРОВАГА».
 
пільнуйце і сцеражыце гэта, аж пакуль не адважыце гэта перад кіраўнікамі святароў і левітаў, а таксама перад галовамі пакаленняў Ізраэля ў Ерузаліме, у сховішчах дома Госпадава».

Дык узялі сьвятарове а Левітаве важанае срэбра а золата а судзьдзе, каб прывезьці да Ерузаліму, да дому Бога нашага.
 
А святары і левіты ўзялі адважаныя срэбра, і золата, і пасудзіны, каб занесці іх у Ерузалім, у дом Бога нашага.

І крануліся мы ад ракі Агавы на двананцаты дзень першага месяца, каб ісьці да Ерузаліму; І рука Бога нашага была над намі, і ўратавала нас ад рукі ворага й ад цікуючых на нас на дарозе.
 
І выправіліся мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб дабрацца ў Ерузалім; і рука Бога нашага супачыла на нас, і Ён вызваліў нас у дарозе ад рукі ворага і таго, хто схаваўся ў падкопах,

І прышлі мы да Ерузаліму, і пабылі там тры дні;
 
і прыбылі мы ў Ерузалім, і затрымаліся там на тры дні.

Чацьвертага дня адважылі срэбра а золата а судзьдзе да дому Бога нашага на руку Мерэмофа Уранка, сьвятара, і зь ім Елеазару Фінегасёнку, і зь імі Ёзаваду Ешуонку а Ноадзе Віннуёнку, Левітам,
 
А на чацвёрты дзень у доме Бога нашага адважылі мы ўсё па ліку і вазе: срэбра, і золата, і пасудзіны — на рукі Мэрамота, сына Урыі, святара, і з ім быў Элеязэр, сын Пінхаса, і з імі былі Ёзабад, сын Ешуа, і Наадзія, сын Бэнуя, — левіты;

Усе лікам а вагою. І ўсе зважанае запісана ў тым жа часе.
 
і была запісана вага ўсяго адважанага.

Прышлыя з палону сынове Ізраелявы, каторыя былі пераселеныя, абраклі на ўсепаленьне Богу Ізраеляваму двананцаць цялят-бычкоў за ўсяго Ізраеля, дзевяцьдзясят шэсьць бараноў, семдзясят сем баранчыкаў і двананцаць казлоў на аброк за грэх, — усе на ўсепаленьне СПАДАРУ.
 
У той час тыя, хто прыйшоў з няволі, сыны перасялення, прынеслі Богу Ізраэля ахвяры цэласпалення: дванаццаць цялят за ўвесь народ Ізраэля, дзевяноста шэсць бараноў, семдзесят два ягняці, дванаццаць казлоў за грэх, — усё гэта ў цэласпаленне Госпаду.

І яны аддалі каралеўскае паручэньне каралеўскім цівуном а вайводцам на гэтым баку Ракі, і яны памагалі люду а дому Божаму.
 
А аддалі царскія распараджэнні сатрапам цара і кіраўнікам за ракою, і тыя дапамаглі народу і дому Божаму.