Ёва 30 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
А цяпер сьмяюцца зь мяне малодшыя за мяне гадамі, тыя, каторых бацькоў я брыдзіўся памясьціць із сабакамі стадаў сваіх.
Цяпер жа смяюцца з мяне маладзейшыя за мяне гадамі, бацькоў якіх не лічыў я годнымі паставіць побач з сабакамі стада майго;
І сіла рук іхных нашто імне? Людзі, каторых сіла мінула.
сіла рук іх мне была не патрэбная, і сіла іх юнацкая ўся звялася.
Нястачаю а галадоўю змораныя, яны ўцякаюць да сьцепу бязводнага, здаўна марнага а запусьцелага;
Бядой і голадам спустошаныя, яны марнелі ў пустыні, у позні час былі віхура і спусташэнне [для іх];
Шчыкаюць мальву а лісты кустоў, карэньне дроку ежа іхная.
і жывіліся яны травой і карою дрэў, ежай іх быў корань ядлоўцу.
З грамады выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў.
Са свайго асяродка іх выкідалі, крычалі на іх, як на злодзеяў.
У жахлівых далінах яны мусяць жыць, у ямах зямлі а скалаў.
І пражывалі яны на берагах рэк ды ў пячорах зямных і каменных.
Равуць памеж кустоў, туляцца пад церням.
Раўлі яны між кустоў і збіраліся пад цернямі.
Сыны дурных, таксама сыноў бязь імені, яны былі зьбітыя ізь зямлі.
Сыны неразумных і подлых, і выгнаныя прэч з зямлі.
А цяпер песьняю іх я стаў, і прыказяю ім.
Цяпер абярнуўся я песенькай іх і зрабіўся ім у прыказку.
Яны брыдзяцца імною, здаляюцца ад мяне, і перад відам маім ня ўзьдзержуюцца пліваць;
Ненавідзяць яны мяне, і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромяцца пляваць мне ў твар,
Бо Ён скволіў паварозку маю і паніжыў мяне, яны ськінулі аброць у маёй прытомнасьці.
бо Ён раскрыў калчан Свой, і паразіў мяне, і акілзаў вусны мае.
З правага боку лотва паўстаець, сьпіхаюць ногі мае, насыпалі супроці мяне свае гасьцінцы зьнішчэньня;
З правага боку паўсталі яны, збілі мяне з ног і нарыхтавалі супраць мяне сцежкі згубы.
А маю сьцежку папсавалі; з майго няшчасьця яны карыстаюць, ня маючы памачніка.
Заблыталі яны дарогі мае, паставілі пасткі на мяне і адужалі, не было ніводнага, хто б прынёс дапамогу.
Як выламам шырокім прышлі яны; пад разьвярненьням качаліся.
Як праз вылам і адтуліну мура, напалі на мяне і з-пад руінаў рынуліся.
Жахі абярнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася кунежнасьць мая, і, як булак, мінула спасеньне мае.
Жахі павярнуліся да мяне; як вецер, прамінае веліч мая; і шчасце маё праляцела, як воблака.
І цяпер выліваецца душа мая ў імне, абыймаюць мяне дні немарасьці.
І цяпер выліваецца ўва мне душа мая і дні гора апанавалі мяне.
Ночы косьці мае праколены ў імне, і жылы мае не супачываюць.
Ноччу косці мае свідруюцца пакутамі, і тыя, што ядуць мяне, не спяць.
Зь вялікаю сілаю здыймаецца зь мяне адзецьце мае; як край сарочкі мае, яно папяразуе мяне.
З сілаю дуба трымаецца адзенне маё, і, быццам карсетам, кашуляй аперазалі мяне.
Ён кінуў мяне ў гліну, і я стаў падобны да пылу а попелу.
Кінуў Ён мяне ў балота, і стаўся я падобны да пылу і попелу.
Я гукаю да Цябе, а Ты не адказуеш імне; стаю, а Ты аглядаеш мяне.
Я клічу Цябе, але Ты не чуеш мяне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне.
Ты абярнуўся неміласьціўным да мяне; сілаю рукі Свае Ты ненавідзіш мяне.
І перамяніўся Ты для мяне ў жорсткага, і ў апантанасці рукі Сваёй варагуеш са мною.
Ты ўзьняў мяне на вецер, і вазіў мяне, і распусьціў істу маю.
Ты падняў мяне і, пусціўшы, быццам вецер, спустошыў мяне.
Але, я ведаю: да сьмерці Ты зьвядзеш мяне і да дому збору ўсяго жывучага.
Ведаю, што Ты выдасі мяне на смерць, дзе ўсталяваны дом кожнаму жывому.
А не да кучы Ты выцягнеш руку, дарма што ў зьнішчэньню сваім яны крычаць.
Ды ўсё ж не на знішчэнне Ён працягвае руку, і ў Яго зыходзе будзе збаўленне.
Ці ня плакаў я па няшчасных? ці ня смуцілася душа мая па бедных?
Ці не плакаў я калісьці над тым, хто пакрыўджаны быў, і ці душа мая не спагадала ўбогаму?
Як дабра я спадзяваўся, прышло ліха; як я чакаў сьвятліні, прышла цемра.
Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і чакаў святла, але прыйшла цемра.
Нутр мой кіпіць і не маўчыць; стрэлі мяне дні смутку.
Нутро маё кіпіць несупынна; нахлынулі на мяне дні пакуты.
Я хаджу шчарнелы, але не ад сонца; устаю ў грамадзе й крычу.
Хадзіў я з агідным абліччам, без суцяшэння, падымаючыся ў грамадзе, крычаў.
Я стаў братам шакалам і прыяцелям стравусянятам.
Стаўся я братам драконам і сябрам страусам.
Скура мая пачарнела на імне, і косьці мае абгарэлі ад палу.
Мая скура пачарнела на мне, і косці мае высахлі ад спякоты.
Абярнулася ў жалобу гарпа мая, і жалейка мая — у голас плачучых.
Перамянілася ў жалобны лямант цытра мая, і дуда мая — у голас плачлівага.