Ісаі 58 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

«Гукай горлам, не адзержуйся; як труба, узьнімі голас свой і абясьці люду Майму выступы ягоныя і дому Якававаму — грахі ягоныя;
 
«Крычы моцна, не пераставай! Як трубу, падымі голас свой і абвясці народу майму злачынствы іх і дому Якуба — грахі іх.

Бо кажны дзень яны шукаюць Мяне й зычаць пазнаць дарогі Мае, бы народ, што чыніў справядлівасьць і суду Бога свайго не пакідае; яны пытаюцца ў Мяне праз загады справядлівасьці й зычаць дабліжыцца да Бога:
 
Мяне шукаюць з дня на дзень і хочуць ведаць дарогі Мае, быццам народ, які справядлівасць чыніць і не пакідае закону Бога свайго. Просяць Мяне аб справядлівым судзе, хочуць наблізіцца да Бога.

"Чаму мы постуем, а Ты ня бачыш, мучым душы свае, а Ты ня ведаеш?" Вось, у дзень посту свайго вы шукаеце сабе прыемнасьці і да ўсіх работаў сваіх стродка прыганяеце.
 
“Чаго посцілі мы, а Ты не бачыў? Упакорвалі душу нашу, а Ты не ведаеш?” Вось жа, у дзень посту вашага вы робіце [свае] справы, і прыціскаеце ўсіх працаўнікоў вашых.

Вось, вы постуеце, каб сьперачацца а вадзіцца і біць вашым нягодным кулаком; наперад ня постуйце, як цяпер, каб пачуты быў на вышынях голас ваш.
 
Вось, вы посціце для звадак і спрэчак ды чыніце бязбожную бойку. Не посціце, як сёння, каб чуўся на вышыні голас ваш.

Хіба такі мае быць пост, каторы Я абраў, дзень, каторага чалавек муча душу сваю, сьхінае, як трысьціну, галаву сваю, і зрэб’е а попел падсьцілае? ці гэта завеш ты постам і часам прыемным СПАДАРУ?
 
Ці ж гэта такі пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю? Ці хіліць галаву сваю, як трысціна, або ў мех адзяваецца і попелам пасыпаецца? Ці ж гэта назавеш ты постам і днём мілым Госпаду?

Ці ня гэта пост, што Я абраў, каб разьвязаць вязі нягоднаеьці, разьвязаць вязі йга, і пусьціць на волю ўцісьненых, і каб ты разарваў кажнае йго?
 
Ці ж не гэта сапраўдны пост, што Я выбраў, каб зняць путы правіннасці, развязаць вяроўкі ярма, адпусціць на свабоду тых, якія прыгнечаны, і зламаць усякае ярмо?

Ці ня ў тым, — каб ты адламіў галоднаму хлеба свайго, увёў у дом хадзякаў ўбогіх? калі ты абачыш голага, адзень яго й не хавайся ад свайго цела.
 
Ці ж не тое, каб падзяліцца хлебам тваім з галодным ды ўбогіх і бяздомных прыняць у дом свой? Калі пабачыш голага — адзень яго, а родным сваім не пагарджай.

Тады выбухне, як зара, сьвятло твае, і ўздараўленьне твае борзда вырасьце, і пойдзе перад табою справядлівасьць твая, чэсьць СПАДАРОВА зьбярэць цябе.
 
Тады зазіхаціць святло тваё, быццам зара, і аздараўленне тваё хутчэй пачнецца, а справядлівасць твая пойдзе перад абліччам тваім, а слава Госпада наблізіцца да цябе.

Тады ты пагукаеш, і СПАДАР адкажа; будзеш гукаць, і Ён скажа: "Тут Я!" Калі ты аддаліш з пасярод сябе ўсе йго а паказаваньне палцам а гуканьне бяспраўя,
 
Тады будзеш прасіць — і Госпад выслухае, будзеш прызываць — і скажа: “Вось, Я тут!” Калі прымеш спаміж сябе ярмо і перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць пераваротна,

Калі ты аддасі галоднаму душу сваю і душу гаротніка насыціш; тады зазьзяе ў цемні сьвятліня твая, і цемрадзь твая будзе як паўдня;
 
калі адкрыеш душу сваю перад галодным, а душу засмучаную ўмацуеш, тады зазіхаціць святло тваё ў цемры і цемра твая стане поўднем.

І будзе вадзіць цябе СПАДАР кажначасна, і насыце ў сухменю душу тваю, і косьці твае ўмацуе, і ты будзеш як добра наводнены гарод, як жарало вады, каторага воды ніколі не высыхаюць.
 
І будзе весці цябе Госпад заўсёды, і насыціць душу тваю ў месцах засушлівых, і косці твае ўмацуе; і будзеш ты, як сад паліваны і як крыніца, воды якой не высыхаюць.

І тыя, што зь цябе, адбудуюць вечныя разьвярненьні, поды пакаленьня а пакаленьня ты адбудуеш, і назавуць цябе папраўнікам разьвярненьняў, аднавіцелям сьцежак, жыць у іх.
 
Ды адбудуе народ твой старажытныя руіны, адновіш ты родавыя падмуркі многіх пакаленняў: і назавуць цябе аднавіцелем руінаў, выправіцелем дарог, каб можна было жыць.

Калі ты адвернеш нагу сваю ў сыботу, каб ня дойсьніць зычаньняў сваіх сьвятога дня Майго, і назавеш сыботу любатою, пасьвячанаю СПАДАРУ, пачэсьліваю, і ўсьціш яе, ня дойсьнячы дарогаў сваіх, і не знаходзячы сабе прыемнасьць і ня гукаючы пустых словаў;
 
Калі адвядзеш нагу сваю ў шабат, каб не рабіць працы ў дзень Мой святы, і назавеш шабат асалодаю і слаўным святым днём для Госпада, і калі ўшануеш яго, адклаўшы падарожжы свае, справы свае і размовы свае,

Тады будзеш мець любату ў СПАДАРУ, і Я прычыню, што ты будзеш ехаць на вышыні зямлі, і буду жывіць ця спадкам Якава, айца твайго; бо вусны СПАДАРОВЫ казалі гэта».
 
тады будзеш захапляцца Госпадам, і зраблю так, што ты ўздымешся на вышыні зямныя, і карміць буду цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго», — вусны Госпада сказалі гэта.