Езэкііля 9 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І загукаў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: «Дабліжчася, спраўцы кары над местам, кажны із снадзівам бураньня ў руццэ сваёй!»
 
І я пачуў, як закрычаў Ён моцным голасам, кажучы: «Наблізіліся выпрабаванні да горада, і хай кожны мае ў руцэ сваёй зброю».

І гля! шасьцёх чалавекаў прышло з дарогі вышняе брамы, што зьвернена на поўнач, і кажны із снадзівам бураньня ў руццэ сваёй, і сярод іх адзін, адзеўшыся ў палотны, зь пісарскаю чарнянкаю ля сьцёгнаў сваіх. Яны ўвыйшлі й сталі ля мядзянага аброчніка.
 
І вось, прыбыло шэсць мужоў дарогай ад Верхняе брамы, што глядзіць на поўнач, і кожны са зброяй у сваёй руцэ; між імі таксама быў адзін чалавек, апрануты ў ільняныя шаты і з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх; і ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам медным.

І слава Бога Ізраелявага паднялася ад херува, на каторым была, да парогу дому. І гукнуў Ён чалавека, што быў адзеўшыся ў палотны, у каторага была пісарская чарнянка ля сьцёгнаў.
 
І слава Бога Ізраэля паднялася з-над херубінам, на якім знаходзілася, да парога дома; і, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняныя шаты, які меў пісарскую прыладу на сцёгнах сваіх,

І сказаў СПАДАР яму: «Прайдзі пасярод места, пасярод Ерузаліму, і таўруй літару таў на чолах людзёў, каторыя ўздыхаюць а якочуць над усімі агідамі, што дзеюцца ў сярэдзіне яго».
 
Госпад сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну горада, праз сярэдзіну Ерузаліма, і напішы “таў” на лбах мужчын, якія ўздыхаюць і бядуюць дзеля ўсіх агіднасцей, што ў ім адбываюцца».

А гэным сказаў уголас імне: «Прайдзіце за ім па месьце й біце; няхай не шкадуе вока вашае, і ня майце жаласьці.
 
І да іншых сказаў так, што я пачуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце; хай вока ваша не шкадуе, ані не спачувайце:

Біце на загубу старога, маладога, дзеўкі а дзецяняты а жонкі; але ня бліжчася да ніякіх людзёў, на каторых таў; і ад Мае сьвятыні пачніце». І яны пачалі ад людзёў старых, што былі перад домам.
 
старога, юнака, і дзяўчыну, і не-маўля, і жанчын забівайце ўшчэнт; не дакранайцеся, аднак, да ніводнага чалавека, на якім убачыце “таў”. І пачынайце ад Маёй святыні». І пачалі яны ад тых старцаў, якія стаялі перад домам.

І сказаў ім: «Сплюгаўце дом, і напоўніце панадворкі забітымі, і выйдзіце». І яны вышлі, і забівалі ў месьце.
 
Потым сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама дом, панадворкі яго закідайце трупамі! Выходзьце». І выйшлі яны ды забівалі тых, хто быў у горадзе.

І сталася, як яны забівалі, а я застаўся, што я паў на від свой і загаласіў, і сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ, ці Ты выгубіш усіх засталых із Ізраеля, выліваючы абурэньне Свае на Ерузалім?»
 
І калі забойства скончылася, я застаўся сам, і ўпаў на твар свой, і так маліўся ўголас: «О Божа, Госпадзе! Ці хочаш такім чынам вынішчыць усю рэшту Ізраэля, выліваючы Сваё абурэнне на Ерузалім?»

І сказаў Ён імне: «Бяспраўе дому Ізраелявага а Юдзінага вельмі, вельмі вялікае, і зямля поўная крыві, і месты поўныя крыўды, бо яны казалі: "Спадар пакінуў зямлю, і Спадар ня бача".
 
І сказаў Ён мне: «Злачыннасць дому Ізраэля і Юды занадта вялікая; і зямля напоўнілася крывёю, і горад напоўніўся несправядлівасцю. Кажуць бо яны: “Госпад пакінуў гэтую зямлю. Госпад не бачыць”.

І што да Мяне, то вока Мае не пашчаджае, і Я ня буду меці міласьці, абярну дарогі іхныя на галавы іхныя».
 
Дык і Маё вока не пашкадуе, і не злітуюся: адказнасць за іх паводзіны Я ўскладу на іх галовы».

І вось, муж, што адзеўшыся ў палотны, у каторага чарнянка ля сьцёгнаў, паведаміў, кажучы: «Я зрабіў, як Ты расказаў імне».
 
І вось той чалавек, які быў апрануты ў ільняныя шаты, з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх, паведаміў у адказ: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».