Агея 2 разьдзел
Кніга прарока Агея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Сёмага месяца, дваццаць першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы:
Дваццаць першага дня сёмага месяца прамовіў Госпад праз Агея прарока гэтыя словы:
«Скажы цяпер Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, а астачы люду, кажучы:
«Скажы Зарабабэлю, сыну Салаціэля, кіраўніку Юды, і першасвятару Ешуа, сыну Ёсэдэка, а таксама астатку народа:
"Хто застаўся меж вас, што бачылі дом гэты ў першай яго славе? і якім вы бачыце яго цяпер? ці ня ё ён у вачох вашых супроці таго як нішто?
“Ці застаўся хто ў вас, хто бачыў той дом у ранейшай яго славе? І як вы ўяўляеце яго цяпер? Ці не ёсць так, што ён у вачах вашых, як быццам нішто?
Цяпер, адылі, будзь дуж, Зэрувавелю, — агалашае СПАДАР, — і будзь дуж Ігошуа Егосадачонку, найвышшы сьвятару, і будзь дуж увесь люд зямлі, — агалашае СПАДАР, — і рабіце; бо Я з вамі, — агалашае СПАДАР войскаў. —
Але вось цяпер набярыся сілы, Зарабабэлю, — кажа Госпад, — набярыся сілы, першасвятару Ешуа, сыне Ёсэдэка, набярыцеся сілы, увесь народзе зямлі, — кажа Госпад Магуццяў, — ды вазьміцеся за працу, бо Я з вамі, — кажа Госпад Магуццяў, —
Подле слова, каторым Я ўмовіўся з вамі, як вы вышлі зь Ягіпту, дух Мой меж вас: ня бойцеся";
прымірэнне, якое заключыў з вамі, калі выходзілі вы з зямлі Егіпта, і Дух Мой прабываў сярод вас: дык не бойцеся!”
Во гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ раз, ды неўзабаве, і Я патрасу нябёсы й зямлю, мора й сушу;
Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ адна хвілінка, і Я ўзварухну неба, і зямлю, і мора, і сухмень.
І патрасу ўсі народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню дом гэты славаю, — кажа СПАДАР войскаў. —
І страсяну ўсе народы, і прыйдуць мноствы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты хвалою, — кажа Госпад Магуццяў.
Маё срэбра й Маё золата, — агалашае СПАДАР войскаў.
Маё срэбра і Маё золата, — кажа Госпад Магуццяў.
Большая будзе слава гэтага дому апошняга за першага, — кажа СПАДАР войскаў; — і на гэтым месцу Я дам супакой", — агалашае СПАДАР войскаў».
Большай будзе слава дома гэтага новага, чым першага, — кажа Госпад Магуццяў, — і ў гэтым месцы дам Я супакой,” — кажа Госпад Магуццяў».
Дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, сёмага году Дара, было слова СПАДАРОВА Гаґею прароку, кажучы:
У дваццаць чацвёрты дзень дзевятага месяца, у другі год валадарання Дарыя прамовіў Госпад да прарока Агея, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Папытайся цяпер у сьвятароў праз Закон, кажучы:
гэта кажа Госпад Магуццяў: «Спытайся ў святароў пра закон і кажы:
’Калі хто нёс пасьвячанае мяса ў крысе адзецьця свайго і даткнуўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алівы, да якое-колечы ежы, ці будуць яны пасьвячаныя?’"» І сьвятарове адказалі: «Не».
“Калі будзе несці чалавек асвячонае мяса ў крысе адзення свайго і краем яго дакранецца да хлеба, або да чаго-небудзь варанага, або да віна, або да алею, або да якой-небудзь ежы, ці тады будзе асвячоны?”» На гэта ж святары адказалі: «Не».
І сказаў Гагей: «Калі даткнецца нячыстае да чаго-колечы з гэтых, ці сплюгавяцца яны?» І адказалі сьвятарове, і сказалі: «Яны сплюгавяцца».
Ды Агей запытаўся далей: «Калі апаганены трупам дакранецца да якой з гэтых рэчаў, ці будуць яны апаганены?» І святары адказалі і сказалі: «Будзе гэта нячыстым!»
І адказаў Гаґей, і сказаў: «Так гэты люд, і так гэты народ перад Імною, кажа СПАДАР, і так кажная работа рук іхных; і што яны абракаюць там — нячыстае.
І адказаў Агей, і казаў: «Такі гэта народ, і такое гэта племя перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — і такая ўся дзейнасць рук іх, і ўсё, што складаюць там у ахвяру, апаганена».
І цяпер зьвярніце ж сэрцы вашыя адгэтуль і наперад перш чымся пакладзены камень на каменю ў палацу СПАДАРОВЫМ.
І зараз разважце ў сэрцах вашых ад гэтага дня і далей: перш чым пакласці камень на камень у святыні Госпада, чым вы былі?
Бывала, як хто прыходзіў да груду дваццацёх мераў, было там дзесяць; як хто прыходзіў да таўчэльні ўтачыць пяцьдзясят судзінаў з таўчэльню, было там дваццаць.
Калі прыходзілі да стога, што мог прыносіць дваццаць мер, было толькі дзесяць; калі прыходзілі да выціскальні, каб выціснуць пяцьдзесят мер, было дваццаць.
Разіў Я вас сухмянём а іржою а градам усю работу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, — агалашае СПАДАР. —
«Гэта Я гарачым ветрам, і засухай, і градам пакараў вас і ўсю працу рук вашых, і не знайшоўся ні адзін з вас, хто б навярнуўся да Мяне, — кажа Госпад.
Зьвярніце ж сэрцы вашы адгэтуль і наперад, ад дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, ад дня, каторага под палацу СПАДАРОВАГА закладзены, зьвярніце сэрцы вашы:
Разважце ў сэрцах вашых час ад гэтага дня і на будучыню, ад дваццаць чацвёртага дня дзевятага месяца, ад дня, калі быў пакладзены падмурак святыні Госпада; разважце ў сэрцах вашых.
Ці ё яшчэ сяўба ў сьвірне? і яшчэ віно а фіґа а гранатовае дзерва а аліўнае дзерва, каторыя не далі плоду; ад гэтага дня Я падабраслаўлю».
Ці ёсць яшчэ насенне ў свірнах? І ці ёсць яшчэ вінаград; і дрэва фігавае, і дрэва гранатавае, і дрэва аліўкавае ці далі плод? Ад гэтага дня буду Я дабраслаўляць!»
І было слова СПАДАРОВА ўдругава Гаґею дваццаць чацьвертага дня месяца, кажучы:
І другі раз прамовіў Госпад да Агея ў дваццаць чацвёрты дзень месяца, кажучы:
«Кажы Зэрувавелю, вайводзе Юдэі, кажучы: "Я страсану нябёсы й зямлю;
«Скажы Зарабабэлю, правіцелю Юды, кажучы: “Я ўстрасу неба і разам зямлю,
Я абярну пасад каралеўстваў і выгублю сілу каралеўстваў народаў, і вывярну цялежкі й тых, што едуць у іх, і паваляцца коні й коньнікі іх, кажны мячом брата свайго.
і перавярну пасад царстваў, і сатру магутнасць царстваў народаў, і перавярну калясніцу і яе вершнікаў; і ўпадуць коні і іх коннікі, кожны пакараны мечам брата свайго.
Таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я вазьму цябе, Зэрувавелю Шэалфіеленку, слуга Мой, — агалашае СПАДАР, — і зраблю цябе, як пячаць, бо цябе Я абраў"», — агалашае СПАДАР войскаў.
У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — вазьму цябе, слуга Мой Зарабабэлю, сыне Салаціэля, — кажа Госпад, — і зраблю з цябе як бы пячаць, бо выбраў цябе”, — кажа Госпад Магуццяў».