Судзьдзяў 12 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І згукаліся Ехрамляне, і перайшлі на поўнач, і сказалі Еффагу: «Чаму ты перайшоў ваяваць із сынамі Амонавымі, а нас не пагукаў ісьці із сабою? Дом твой мы спалім табе цяплом».
 
І вось пакліканыя мужчыны Эфраіма прыйшлі на поўнач і сказалі Яфтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не захацеў нас паклікаць, каб ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою».

І сказаў Еффаг ім: «Чалавекам сьпярэчкі вялікае быў я а люд мой із сынамі Амонавымі; я гукаў вас, але вы ня выбавілі мяне ад рукі іхнае.
 
Ён адказаў ім: «Я і народ мой мелі вялікае змаганне з сынамі Амона, і клікаў я вас, каб вы мне дапамаглі, але вы не пажадалі зрабіць гэта.

І я абачыў, што ты не вьтбаўляеш, я ўзяў душу сваю ў даланю сваю, і перайшоў супроці сыноў Амонавых, і аддаў іх СПАДАР у руку маю. Дык нашто ж вы ўзышлі цяпер ваяваць з імною?»
 
Бачачы гэта, аддаў я жыццё сваё ва ўласныя рукі і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх Госпад у рукі мае. Чым я заслужыў, што сёння вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?»

І зьбер Еффаг усіх людзёў Ґілеадзкіх, і ваяваў ізь Яхрэмам, і пабілі людзі Ґілеадзкія Яхрэма, бо яны казалі: «Уцекачы Яхрэмавы вы, Ґілеад жа пасярод Яхрэма, пасярод Манаса».
 
І, сабраўшы да сябе ўсіх мужчын Галаада, ён ваяваў супраць Эфраіма. І пабілі мужчыны галаадскія Эфраім, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма; Галаад жыве пасярод Эфраіма і Манасы».

І захапілі Ґілеадзяне броды Ёрданскія перад Ехрамлянмі, і было, што як мовілі ўцекачы Яхрэмскія: «Перайду», то казалі яму Ґілеадзяне: «Ці ты не Ехрамлянін?» І ён казаў: «Не».
 
І занялі галаадцы броды на Ярдане, якімі эфраімцы маглі вярнуцца. І калі да броду прыбываў хто з ліку Эфраіма і казаў: «Прашу, дазвольце мне прайсці», — то галаадцы казалі яму: «Ці ты эфраімец?» Калі той казаў: «Не»,

Яны казалі яму: «Скажы ж: "Шыбболет"»; а ён казаў: «Сібболет», і ня мог вымавіць так. І схапілі яго, і зарэзалі ля броду Ёрданскага. І пала ў тым часе зь Ехрамлян сорак дзьве тысячы.
 
пыталіся ў яго: «Тады скажы: “Шыбалет”», і ён адказваў: «Сібалет», бо не мог правільна вымавіць. І адразу ж бралі яго і забівалі каля самага броду на Ярдане. І загінула ў той час у Эфраіма сорак дзве тысячы.

І судзіў Еффаг Ізраеля шэсьць год, і памер Еффаг Ґілеадзянін, і пахаваны ў вадным ізь местаў Ґілеадзкіх.
 
І Яфтах Галаадзец судзіў Ізраэль шэсць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў сваім горадзе ў Галаадзе.

І судзіў просьле яго Ізраеля Іўцан із Бэтлеему.
 
Пасля яго судзіў Ізраэль Абэсан з Бэтлехэма.

У яго было трыццацёх сыноў, і трыццаць дачок ён паслаў вонкі, а трыццаць дачок прывёў сыном сваім звонку, і судзіў Ізраеля сем год.
 
Ён меў трыццаць сыноў і столькі ж дачок, і пааддаваў іх замуж за свае межы; а адтуль прывёў трыццаць жонак для сваіх сыноў. Ён судзіў Ізраэль сем гадоў;

І памер Іўцан, і пахаваны ў Бэтлееме.
 
і памёр, і быў пахаваны ў Бэтлехэме.

І судзіў просьле яго Ізраеля Елон, Завулонянін, і судзіў Ізраеля дзесяць год.
 
Па ім судзіў Ізраэль Аялон Забулонец, і судзіў ён Ізраэль дзесяць гадоў;

І памер Елон, Завулонянін, і пахаваны ўв Айялоне, у зямлі Завулонавай.
 
і памёр ён, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Забулона.

І судзіў просьле яго Ізраеля Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін.
 
Па ім судзіў Ізраэль Абдон, сын Ілеля з Паратона.

У яго было сараку сыноў і трыццацёх унукаў, што езьдзілі конна на семдзясят маладых аслох, і ён судзіў Ізраеля восьмі год.
 
Ён меў сорак сыноў і ад іх трыццаць унукаў, якія ездзілі на сямідзесяці маладых аслах. І судзіў ён Ізраэль восем гадоў;

І памер Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін, і пахаваны ў Пірафоне ў зямлі Яхрэмавай, на гары Амаліковай.
 
і памёр ён, і пахаваны быў у Паратоне, у зямлі Эфраім на гары Амалека.