Выхад 19 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Першага дня трэйцяга месяца па выхадзе сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае, таго дня прышлі на пустыню Сынай.
 

І крануліся яны з Рэфідыму, і прышлі на пустыню Сынайскую, і разьлягліся на пустыні; і разьлёгся там Ізраель супроці гары.
 

А Масей узышоў да Бога, і Бог гукнуў яго з гары, кажучы: «Гэтак скажы дому Якававаму і азнаймі сыном Ізраелявым:
 

Вы бачылі, што Я ўчыніў Ягіпцянам, і насіў вас на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе,
 

Дык, калі вы будзеце запраўды слухаць голасу Майго і дзяржаць змову Маю, то будзеце Імне асаблівым скарбам із усіх народаў, бо Мая ўся зямля;
 

А вы будзеце ў Мяне гаспадарствам сьвятароў і народам сьвятым. Гэта словы, каторыя ты скажаш сыном Ізраелявым».
 

І прышоў Масей, і згукаў старшых люду, і вылажыў перад імі ўсі тыя словы, каторыя расказаў яму СПАДАР.
 

І адказалі ўвесь люд разам і сказалі: «Усе, што сказаў СПАДАР, зробім». І перадаў Масей СПАДАРУ Словы люду.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Вось, прыйду я да цябе ў густым булаку, каб чуў люд, як я буду гукаць із табою, і каб таксама табе паверыў народ назаўсёды». І пераказаў Масей СПАДАРУ словы люду.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Пайдзі да люду і пасьвяці яго сядні й заўтра; і няхай вымыюць адзецьці свае,
 

І хай будуць гатовыя да трэйцяга дня; бо трэйцяга дня зыйдзе СПАДАР перад ачмі ўсяго народу на гару Сынай.
 

І правядзі граніцу люду наўкола, кажучы: "Сьцеражыцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да поду яе; кажны, хто дакранецца да гары, сьмерцю памрэць.
 

Хай не дакранецца да яе рука, бо напэўна ўкамянуюць яго альбо напэўна застрэляць стралою; статак гэта або чалавек, няхай не застанецца жывы". У часе гуку рогу могуць яны ўзыйсьці на гару».
 

І зышоў Масей з гары да люду, і пасьвяціў люд, і яны памылі адзецьці свае.
 

І сказаў люду: «Будзьце гатовыя да трэйцяга дня; ня бліжчася да жонкі».
 

І было на трэйці дзень: ужо нараніцы былі грымоты а маланкі а густы булак над гарою а трубны гук вельмі вялікі; і калаціўся ўвесь народ, каторы быў у табару.
 

І вывеў Масей люд із табару напярэймы Богу, і стаялі ля поду гары.
 

А гара Сынай уся дьмілася, бо зышоў на яе СПАДАР у вагню; і ўзыходзіў ад яе дым, як дым із вапельні, і ўся гара вельмі хісталася.
 

І быў гук трубны, і павялічаўся а мацнеў вельмі; Масей гукаў, а СПАДАР адказаваў яму голасам.
 

І зышоў СПАДАР на гару Сынай, на верх гары, і гукнуў СПАДАР Масея на верх гары; і Масей узышоў.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Зыйдзі й накажы люду, хай не вырываецца да СПАДАРА, бачыць, каб ня пала яго множасьць.
 

І таксама сьвятарове, што бліжацца да СПАДАРА, маюць пасьвяціць сябе, каб СПАДАР ня выступіў супроці іх».
 

І сказаў Масей СПАДАРУ: «Ня можа народ узыйсці на гару Сынай, бо Ты ваказаў нам, сказаўшы: "Правядзі граніцу наўкола гары і пасьвяці яе"».
 

І сказаў яму СПАДАР: «Пайдзі, зыйдзі і ўзыйдзі ты а Аарон з табою; а сьвятарове а люд няхай не прабіваюцца ўзыйсьці да СПАДАРА, каб ня выступіў супроці іх.
 

І зышоў Масей да люду і сказаў ім.