Выхад 38 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І зрабіў аброчнік усепаленьня зь дзерва акацы, удаўжкі пяць локцяў і ўшыркі пяць локцяў, чатыракутні, і ўвышкі тры локці.
І зрабіў рогі яго на чатырох рагох яго, ад яго былі гэтыя рогі; і пацягнуў іх медзяй.
І зрабіў усе судзьдзе аброчніка: гаршкі, лапаткі, чары да пырсканьня, відзёлкі а вуглянку; усе судзьдзе яго зрабіў ізь медзі.
І зрабіў да аброчніка крату работы пляцёнкі, мядзяную, пад вобадам далавах да палавіцы яго.
І выліў чатыры колцы на чатырох канцох да мядзянае краты, — месцы на нашуліны.
І зрабіў на шуліны зь дзерва акацы, і пацягнуў іх медзьдзю.
І ўсунуў нашуліны ў колцы на бакох аброчніка, каб насіць яго імі; пустым унутры з дашчок зрабіў яго.
І зрабіў мыцельнік ізь медзі і падложак яго зь медзі, з глядзелак грудоў жанок, што зьбіраліся ля ўходу будану збору.
І зрабіў панадворак із паўднявога боку, на паўдня, заслоны з тканага цянюсенькага палатна, на сто локцяў;
Стаўпоў да іх дваццаць і падложкаў да іх дваццаць мядзяных, кручкі на стаўпох а прывязкі іх із срэбла.
І на паўночным баку сту локцяў, стаўпоў да іх дваццаць і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі на стаўпох а прывязкі іх із срэбла.
І із заходняга боку заслоны пяцьдзясят локцяў, стаўпоў да іх дзесяць і падложкаў да іх дзесяць; кручкі на стаўпох а прывязкі іх із срэбла.
І зь пярэдняга боку на ўсход пяцьдзясят докцяў.
Да аднаго боку заслоны пятнанцацёх локцяў; стаўпоў да іх тры і падложкаў да іх тры;
І з другога боку, адсюль, ля брамы панадворку заслоны пятнанцацёх локцяў; стаўпоў да іх тры і падложкаў да іх тры.
Усі заслоны наўкола панадворку із суканага цянюсенькага палатна.
І падложкі да стаўпоў мядзяныя, кручкі на стаўпох а прывязкі іх із срэбла, і пацягнены вярхі іх срэблам, і ўсі яны былі прывязаны срэблам, усі стаўпы панадворку.
Запона а брамы панадворку ўзорнае работы з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны з тканага цянюсенькага палатна, дваццацёх локцяў удаўжкі, а ўвышкі, як і ўшыркі, пяцёх локцяў, падобна да іншых заслонаў панадворку;
І стаўпоў да іх чатыры, і падложкаў да іх чатыры мядзяных; кручкі ў іх срэбныя, і пацягнены вярхі а прывязкі іх срэблам.
Усе кольле вітальні й панадворку наўкола мядзянае.
Во вылічэньне спакмянёў тае вітальні, вітальні сьветчаньня, да служэньня Левітаў, каторыя лічылі подле словаў Масеявых пад наглядам Іфамара Ааранёнка, сьвятара.
І Бецал-эль, сын Ура Гуранка, з плямені Юдзінага зрабіў усе, што расказаў СПАДАР Масею;
І зь ім Аголяў Агісамашонак, з плямені Дановага, майстра а мастак а вышываньнік па васільковай, пурпуровай, чырвовай тканіне і цянюсенькім палатне.
Усяго золата, ужытага на работу на ўсі работы сьвятыні, — а было гэта золата нахінанае, — было дваццаць дзевяць цэнтнароў і сямсот трыццаць сыкляў, сыкляў сьвятыні.
І срэбла ж ад вылічанае грамады сто цэнтнароў і тысяча сямсот семдзясят пяць сыкляў, сыкляў сьвятыні.
Бека з галавы паў сыкля, сыкля сьвятыні, з кажнага, што прайшоў лічэньне, ад дваццацёх год і вышэй, із шасьцьсот трох тысячаў пяцьсот пяцьдзясят.
І было сто цэнтнароў срэбра ўжыта на выліцьце падложкаў сьвятыні й падложкаў запінахаў; сто падложкаў із сту цэнтнароў, па цэнтнару на падложак;
А з тысяча сямсот семдзясят пяцёх зрабіў ён кручкі на стаўпох, і пацягнуў вярхі іх, і зьвязаў іх.
А медзі нахінанае было семдзясят цэнтнароў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.
Зь яе зрабіў ён падложкі да стаўпоў ля ўходу ў будан сьвечаньня, і аброчнік мядзяны, і крату мядзяную да яго, і ўсе судзьдзе аброчніка,
І падложкі панадворку наўкола, і падложкі брамы панадворку, і ўсе кольле вітальні, і ўсе кольле наўкола панадворку.