Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Тады Ісус быў узьведзены Духам на пустыню дзеля спакусы д’явалам.
 
Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго.

І поставаў Ён сорак дзён і сорак ночаў а наапошку запрагнуў.
 
Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад.

І, дабліжыўшыся, спакусіцель сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя абярнуліся ў букаткі».
 
Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам».

Але Ён, адказуючы, адказаў: «Напісана: ’Не адзіным хлебам жыва будзе людзіна, але кажным словам, што выходзе з вуснаў Божых’».
 
А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек,а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”»

Тады бярэць Яго д’явал да сьвятога места, і станове Яго на крыле сьвятыні,
 
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні

І кажа Яму: «Калі» ты Сын Божы, кінься далоў, гэта ж напісана: ’Ангілам Сваім раскажа Ён празь Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб ты не спатыкнуўся аб камень нагою Сваей’».
 
і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе,і на руках панясуць Цябе,каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».

Сказаў яму Ісус: «Напісана яшчэ: ’Не спакушай Спадара Бога свайго’».
 
Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».

Ізноў бярэць Яго д’явал на гару надзвычайна высокую, і паказуе Яму ўсі гаспадарствы сьвету й славу іх,
 
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх.

І кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся імне».
 
І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне».

Тады кажа яму Ісус: «Вон, шайтане, бо напісана: ’Спадару Богу свайму кланяйся й Яму адзінаму служы’»
 
Але Езус сказаў яму: «Адыдзі, сатана! Бо напісана:“Пану Богу твайму пакланяйсяі Яму аднаму служы”».

Тады кідае Яго д’явал,— і вось, ангілы прыступілі й служылі Яму.
 
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.

Як Ісус дачуўся, што Яан адданы пад нагляд, Ён адыйшоў да Ґалілеі.
 
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею.

І, пакінуўшы Назарэт, прышоў і асяліўся ў Капэрнауме ўзморскім у граніцах Завулонавых а Наффалімовых,
 
Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія,

Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа:
 
каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:

«Зямля Завулонава а зямля Наффалімова, ля дарогі морскае, за Ёрданом, Ґалілея паганская,
 
«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,на шляху марскім, за Ярданам,Галілея язычнікаў,

Люд, што сядзеў у цямноце, абачыў вялікае сьвятло, і тым, што сядзелі ў краіне сьценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».
 
народ, які сядзеў у цемры,убачыў святло вялікае,над жыхарамі краіны смяротнага ценюзаззяла святло».

Адгэтуль Ісус пачаў навучаць а казаць: «Кайцеся, бо гаспадарства нябёснае дабліжылася».
 
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

І, праходзячы ля мора Ґалілейскага, Ісус абачыў двух братоў: Сымона, званага Пётрам, а Андрэя, брата ягонага, што закідалі сетку ў мора, бо былі рыбнікі;
 
Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.

І кажа ім: «Ідзіце за Імною, і Я ўчыню вас лаўбітамі, людзёў».
 
І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».

І яны зараз пакінулі сеткі й пайшлі за Ім.
 
Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

І, ідучы стуль, Ён абачыў іншых двух братоў, Якава Заведэявага а Яана, брата ягонага, у струзе із Заведэям, айцом іхным, каторыя правілі сеткі свае, і гукнуў іх.
 
Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх.

Яны ж зараз, пакінуўшы струг і айца свайго, пайшлі за Ім.
 
А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.

І хадзіў Ісус па ўсёй Ґалілеі, навучаючы ў бажніцах іхных, і абяшчаючы Евангелю гаспадарства, і ўздараўляючы ўсялякую хваробу а ўсялякае няўздоленьне памеж людзёў.
 
Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.

І галасы празь Яго разышліся па ўсёй Сыры; і прыводзілі да Яго ўсіх хворых, у каторых розныя хваробы, і мучаных рознымі болямі, і апанаваных д’явалам, і люнатыкаў, і з палярушам, і Ён уздараўляў іх.
 
Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх.

І йшоў за Ім чысьлены груд із Ґалілеі а Дзесяцімесьця а Ерузаліму а Юдэі а з-за Ёрдану.
 
За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.