Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пятнанцатага году дзяржавы цэсара Тыбэра, як Понт Пілат быў намесьнікам Юдэі, Гірад быў чацьвертнікам у Ґалілеі, а Піліп, брат ягоны, чацьвертнікам Ітурэі а Трахоніцкае краіны, а Лізан чацьвертнікам Абіленеі,
 
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены,

За найвышшых сьвятароў Ганны а Каяпы, было слова Божае да Яана Захаронка на пустыні.
 
пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

І ён праходзіў па ўсёй краіне ля Ёрдану, абяшчаючы хрэст каяты дзеля дараваньня грахоў,
 
Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,

Як напісана ў кнізе словаў Ісаі прарокі, кажучы: «Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, прастайце сьцелжі Ягоныя;
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!

Кажная даліна напоўніцца, і кажная гара а ўзгорак паніжыцца, і скрыўленыя выпрастаюцца, і драгкія дарогі стануць гладкімі;
 
Кожная даліна ўзвысіцца,кожная гара і пагорак панізяцца,і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,а ланцугі гор — далінаю.

І кажнае цела абача спасеньне Божае».
 
І ўбачыць кожнае целаБожае збаўленне”».

Тады сказаў ён гурбе, што прыходзіла хрысьціцца ў яго: «Родзе яшчарыны! хто перасьцярог вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
 
Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

Дык радзіце плады гожыя каяты. І не пачынайце гукаць сабе: "Айцец у нас Абрагам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьняць дзеці Абрагаму.
 
Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.

Ужо й сякіра да караня дзерваў прыложана; дык кажнае дзерва, што ня родзе добрага плоду, сякуць а кідаюць у цяпло».
 
Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».

І пыталіся ў яго гурбы, кажучы: «Дык што маем рабіць?»
 
І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?»

Ён, адказуючы, сказаў ім: «Хто мае дзьве адзежы, дай нямаючаму; і хто мае ежу, рабі тое самае».
 
Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае».

Тады прышлі таксама мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
 
Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?»

І сказаў ім: «Нічога не вымагайце балей за прызначанае вам».
 
Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце».

І пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А мы што маем рабіць?» І ён адказаў ім: «Не рабіце ўсілства нікому ані вінуйце хвальшыва, і будзьце здаволіўшыся з платы свае».
 
Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».

І як люд спадзяваўся, і думалі ўсі ў сэрцах сваіх празь Яана, ці ня быў можа ён Хрыстос,
 
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён,

Яан адказаў, кажучы ўсім: «Я запраўды хрышчу вас вадою, але йдзець дужшы за мяне, у Каторага я ня гожы разьвязаць рэменьчыка ў вобую Ягоным; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым а агнём.
 
Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.

Веялка Ягоная ў руццэ Ягонай, і Ён ачысьце такаўню Сваю, і пшонку зьбярэць у сьвіран, а ўмецьце спале агнём няўгасным».
 
Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

І шмат чаго іншага напамінаючы, даваў дабравесьць люду.
 
Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Гірад жа чацьвертнік, ганены ім за Гіродзяду, жонку брата свайго Піліпа, і за ўсе ліха, што Гірад зрабіў,
 
А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад,

Дадаў яшчэ да ўсяго тое, што пасадзіў Яана ў вязьніцу.
 
да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.

І сталася, як хрысьціўся ўвесь люд, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, нябёсы рашчыніліся,
 
Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба,

І ісступіў Дух Сьвяты на Яго ў цялесным выглядзе, як галуба, і прышоў голас ізь неба, кажучы: «Ты Сын Мой любовы; Цябе Я ўпадабаў!»
 
і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

А Самому Ісусу, як пачынаў, было год трыццаць веку, будучы, як думалі, сынам Язэпа Гілянка,
 
Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія,

Матфацёнка, Левянка, Мельшанка, Янянка, Язэпенка,
 
Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа,

Маттафёнка, Амасёнка, Нагумёнка, Есьлянка, Наґґаёнка,
 
Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея,

Маафёнка, Матгафёнка, Сэмеёнка, Язэпенка, Юдзянка,
 
Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды,

Яанёнка, Рысаёнка, Зэрувавеленка, Шэалфіеленка, Ніранка,
 
Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя,

Мельшанка, Адзьдзянка, Косамёнка, Елмодамёнка, Іранка,
 
Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра,

Ёсянка, Елезэранка, Ёрыменка, Матфацёнка, Левянка,
 
Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія,

Сыманёнка, Юдзянка, Язэпенка, Ёнанёнка, Елякімёнка,
 
Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма,

Малеаёнка, Менанёнка, Маттафёнка, Нафанёнка, Давідзёнка,
 
Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда,

Есянка, Овідзёнка, Воозёнка, Салмонёнка, Наасонёнка,
 
Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона,

Амінадавенка, Арамёнка, Есромёнка, Фарэсёнка, Юдзянка,
 
Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды,

Якавёнка, Ісачонка, Абрагаменка, Фаранка, Нахаронка,
 
Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора,

Сэрушонка, Раґавёнка, Фалечонка, Еверонка, Салянка,
 
Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія,

Каінанёнка, Арфаксадзенка, Сэмянка, Ноянка, Ламёшанка,
 
Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха,

Мефусаленка, Енашонка, Ярэдзёнка, Малелееленка, Каінанёнка,
 
Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама,

Еносёнка, Сыфянка, Адамёнка, каторы быў Божы.
 
Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.