2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Я маю чым хваліцца, але гэта запраўды не карысна, бо я прыйду да відзеняў і аб’яўленьняў Спадаровых.
Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да візій і аб’яўленняў Пана.
Знаю чалавека ў Хрысту, каторы чатырнанцаць год таму (ці ў целе, ня ведаю, ці вонках цела, ня ведаю; Бог ведае) быў ухоплены аж да трэйцяга неба.
Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба.
І знаю я такога чалавека (ці ў целе, ці вонках цела, ня ведаю; Бог ведае),
І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог)
Што быў ухоплены да раю і чуў нявымоўныя рэчы, каторыя не дазволена чалавеку вымаўляць.
быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.
Такім буду хваліцца, але сабою ня буду хваліцца, хіба няўздоленьнямі сваімі.
Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што сваёй слабасцю.
Бо калі я зычу хваліцца, я ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўзьдзержуюся, каб хто не падумаў празь мяне балей, чымся колькі ў імне бача, або чуе ад мяне.
Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне
І каб я не вяльмуваўся надзвычайнай вялікасьцяй аб’яўленьняў, дана імне бадзюка ў цела, пасланец шайтана, каб ён поўшыў мяне, каб я не вяльмуваўся.
на падставе мноства аб’яўленняў. Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся.
Затым я трэйчы маліў Спадара, каб яна адступіла ад мяне.
Таму я тройчы маліў Пана адхіліць ад мяне гэта.
Але Ён сказаў імне: «Досыць табе ласкі Мае, бо сіла Мая дасканаліцца ў кволасьці». І затым я буду найахватней хваліцца сваімі кволасьцьмі, каб жыхарыла ў імне сіла Хрыстова.
Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста.
Затым я маю прыемнасьць у кволасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, у вуцісках дзеля Хрыста; бо як я кволы, тады я дужы.
Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
Я стаў неразумны, хвалячыся; вы прысілілі мяне. Вы бы мелі паручаць мяне, бо я ані ня быў застаўшыся ад вышшых апосталаў, дарма што я нішто.
Я стаў неразумным. Вы мяне прымусілі да гэтага. Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто.
Запраўды пазнакі апостала паказаны памеж вас у вусёй вытрываласьці, у знакох а чудосах а магутнасьцях.
Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы.
Бо ў чым вы былі ніжшыя за засталыя цэрквы, хіба што я сам ня быў, дзяньгубячы, вялічны вам? Даруйце імне гэтую крыўду.
Бо ў чым вы горшыя за іншыя Касцёлы? Хіба толькі ў тым, што сам я не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду.
Вось, ужо трэйці раз я гатоў ісьці да вас, і ня буду, дзяньгубячы, вялічны, бо я шукаю ня вашага, але вас; бо ня дзеці маюць зьбіраць маемасьць бацьком, але бацькі дзяцём.
Вось, трэці раз я гатоў прыйсці да вас і не быць цяжарам для вас, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці павінны збіраць даброты для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
Я ж надта ахвотна буду рабіць выдаткі і супоўна высілюся за душы вашы, дарма што, надзвычайна любячы вас, я меней мілаваны вамі.
Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Калі я буду любіць вас больш, хіба я атрымаю менш любові?
Але няхай так будзе, што я вас не цяжарыў, але, будучы хітры, браў вас падходам.
Няхай будзе так. Я не абцяжарыў вас. Але, будучы хітрым, я подступам здабыў вас.
Ці выкарыстаў я вас кім-колечы з тых, каторых пасылаў да вас?
Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я выкарыстоўваў вас?
Я ўпрасіў Ціта і паслаў зь ім таго брата: ці Ціт выкарыстаў чым вас? ці не хадзілі мы ў тым самым духу? ня тымі самымі сігамі?
Я папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці вас Ціт выкарыстоўваў? Ці не ў тым жа духу мы паступалі? Ці не тымі ж слядамі хадзілі?
Ці ня думаеце ўжо, што мы правімся перад вамі? Мы гукаем перад Богам, у Хрысту, і ўсе, любовыя, да збудаваньня вашага.
Ужо доўгі час вы думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысце: усё, умілаваныя, дзеля вашага збудавання.
Бо я баюся, каб, можа, прышоўшы, не засьпеў вас такімі, якімі ня зычу, і каб вы не знайшлі мяне такім, якім ня зычыце, каб ня было сьпярэчак, завідасьцяў, гневаў, звадаў, абмоваў, удаваньняў, пыхі, неўпакояў,
Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы, не знайсці вас не такімі, як хачу. Ды і вы каб не знайшлі мяне, якім не хочаце. Каб не было ў вас спрэчкі, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, абмоваў, пыхі, бязладдзя.
Каб ізноў, як прыйду, мяне не паніжыў у вас Бог мой, і каб я ня плакаў па шмат із тых, што ізграшылі ўперад і не пакаяліся за нечысьць, бязулства а распусту, якія рабілі.
І калі зноў прыйду, каб не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб не аплакваў я многіх з тых, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасці, распусце і ў разбэшчанасці, якую ўчынілі.