Да Каласянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Значыцца, калі вы суўскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце гарыннага, ідзе Хрыстос сядзіць паправе Бога.
 
Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога;

Праз гарыннае думайце, а не празь земнае.
 
пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное,

Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу.
 
бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу!

Як жа Хрыстос зьявіцца, жыцьцё нашае, тады й вы зьявіцеся зь Ім у славе.
 
Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.

Дык памярцьвіце земныя чаланы вашыя: бязулства, нечысьціню, жарсьць, нягодную жадлівасьць а гальлівасьць, каторая балвахвалства,
 
Таму зрабіце мёртвым тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, пажадлівасць, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам.

За каторыя гнеў Божы прыйдзе на сыноў непаслухменства,
 
З-за гэтых рэчаў гнеў Божы сыходзіць на сыноў непаслухмянасці,

У каторых вы калісь абарачаліся, як жылі ў іх.
 
сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі жылі сярод іх.

Але цяпер і вы адкладзіце ўсе: абурэньне, гнеў, злоснасьць, блявузґаньне, брыдкую мову з вуснаў сваіх.
 
Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых.

Не маніце адны адным, зьдзеўшы старую людзіну з учынкамі ейнымі,
 
Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі

І адзеўшыся ў новую, што аднаўляецца ў супоўным знацьцю подле абраза Таго, Каторы стварыў яе,
 
і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго.

Ідзе няма Грэка ані Жыда, абразаньня ані неабразаньня, барбара, ськіта, нявольніка, вольніка, але ўсе і ў вусім Хрыстос.
 
І тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім — Хрыстус.

Дык адзеньцеся, як абранцы Божыя, сьвятыя а любовыя, у нутр міласэрдзя, дабрыню, пакору, лагоднасьць, цярплівосьць,
 
Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць,

Маючы выбачнасьць адно аднаму і даруючы адно аднаму, калі хто мае жалабу на каго: як Хрыстос, запраўды дараваў вам, таксама й вы.
 
церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.

А над усім гэтым майце любосьць, каторая ё зьвязак дасканальнасьці.
 
А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці.

І няхай супакой Хрыстоў мае правод у сэрцах вашых, да каторага вы й пагуканы ў вадным целе, і будзьце ўдзячныя.
 
І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.

Слова Хрыстова няхай жыхара ў вас багата, з усёй мудрасьцяй, навучаючы а дамяняючы адно аднаму псальмамі, гімнамі, духоўнымі песьнямі, з ласкаю пяючы ў сэрцах сваіх Богу.
 
Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу.

І што-колечы вы робіце словам альбо ўчынкам, рабіце ўсе ў імя Спадара Ісуса, дзякуючы перазь Яго Богу Айцу.
 
І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Жонкі, будзьце падданыя мужом, як прыходна ў Спадару.
 
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам, як належыць у Пану.

Мужы, любіце жонкі свае і не дапушчайце да сябе гарчэлі да іх.
 
Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх.

Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у вусім, бо гэта люба Спадару.
 
Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану.

Бацькі, не квяліце дзяцей сваіх, каб яны не безахоціліся.
 
Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам.

Слугі, слухайце ў вусім гаспадароў сваіх подле цела, ня дзеля вока, як угоднікі людзкія, але ў прасьціні сэрца, баючыся Спадара.
 
Нявольнікі, падпарадкоўвайцеся ва ўсім сваім гаспадарам паводле цела, служыце ім не для выгляду, нібы жадаючы спадабацца людзям, але ад шчырага сэрца, баючыся Пана.

Што-колечы робіце, рабіце шчыра, як Спадару, а ня людзём,
 
Усё, што б вы не рабілі, рабіце ад душы, як для Пана, а не для людзей,

Ведаючы, што ад Спадара адзяржыце заплату спадку: Спадару Хрысту вы служыце.
 
ведаючы, што ад Пана атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну. Будзьце нявольнікамі Хрыста Пана.

Бо крыўднік адзяржыць подле тога, што ён крыўдзіў, бо няма прыяньня асобам.
 
Той, хто робіць крыўду, расплаціцца за зробленую крыўду, без увагі на яго асобу.