Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І вялікі знак быў відаць на небе: жонка, адзеўшыся ў сонца; і пад нагамі ейнымі месяц, і на галаве ў яе карона з двананцацёх гвездаў.
Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак.
І, будучы ўцяжку, яна крычэла ў трудненьню, у болю раджэньня.
Яна была цяжарная і крычала ад болю і родавых пакутаў.
І другі знак быў відаць на небе: вось, вялікі чырвоны смок ізь сяма галавамі і дзесяцьма рагамі, і на галавах у яго сем дыядэмаў;
З’явіўся таксама другі знак на небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над галавой яго сем дыядэм.
І хвост ягоны павалок ізь неба трайціну гвездаў і кінуў іх на зямлю. І смок гэты стаў перад жонкаю, каторая мела радзіць, каб, як яна народзе, зжэрці дзецянё ейнае.
Хвост ягоны змятае траціну нябесных зорак і кідае іх на зямлю. Цмок стаў перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі яна народзіць.
І нарадзіла яна хлопчыка, каторы меў пасьціць усі народы зямлі прутом зялезным, і ўхоплена было дзецянё ейнае да Бога й пасаду Ягонага.
І нарадзіла яна сына, мужчыну, які будзе пасвіць усе народы жалезным кіем. Яе дзіця было забрана да Бога і да Ягонага трона.
А жонка ўцякла на пустыню, ідзе Бог прыгатаваў ёй месца, каб яны жывілі яе там тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.
А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ёй было падрыхтавана месца Богам, каб яе кармілі там тысячу дзвесце шэсцьдзясят дзён.
І зьдзеялася на небе вайна: Міхайла а ангілы ягоныя ваявалі із смокам, і смок і ангілы ягоныя ваявалі.
Узнялася бітва на небе. Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам. Ваяваў цмок і ягоныя анёлы,
І ён не перамог, і не знайшлося ўжо месца іхнага на небе.
але не перамаглі, і не знайшлося ўжо месца для іх на небе.
І ськінены быў на зямлю вялікі смок, старавечны гад, званы дзявалам а шайтаном, каторы зводзіў увесь сьвет, ськінены на зямлю, і ангілы ягоныя ськінены зь ім.
Таму скінуты быў вялікі цмок, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною. Той, які зводзіць увесь свет, быў скінуты на зямлю, і разам з ім былі скінуты ягоныя анёлы.
І чуў я вялікі голас на небе, каторы казаў: «Цяпер настала спасеньне а магутнасьць а гаспадарства Бога нашага а ўлада Хрыста Ягонага, бо ськінены вінаваньнік братоў нашых, каторы вінаваў іх перад Богам нашым дзень і ноч;
І пачуў я моцны голас, які казаў з неба: «Цяпер настала збаўленне і сіла, і валадаранне Бога нашага,і ўлада Памазаніка Ягонага,бо скінуты абвінаваўца братоў нашых,які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым.
І яны перамаглі яго крывёю Баранчыкавай і словам сьветчаньня свайго, і ня ўмілавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
Яны перамаглі яго дзякуючы крыві Баранкаі дзякуючы слову сведчання свайго;і не палюбілі жыцця свайгоаж да смерці.
Дык весяліцеся нябёсы і жыхарачыя на іх! Бяда Зямлі й мору, бо дзявал зышоў да вас у вялікай злосьці, ведаючы, што мала ў яго часу!»
Таму радуйцеся, нябёсыі ўсе, хто насяляе іх.Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што кароткі яго час!»
Як смок абачыў, што ськінены на зямлю, пачаў перасьледаваць жонку, каторая нарадзіла мужчыну.
Калі цмок убачыў, што ён скінуты на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, якая нарадзіла мужчыну.
І даны былі жонцы два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ад віду гадавага на пустыню на свае месца, і йдзе яе жывілі б час а часы а поў часу.
А жанчыне былі дадзены два вялікія арліныя крылы, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яе будуць карміць час, і часы, і палову часу здалёк ад цмока.
І пусьціў гад ізь ляпы свае за жонкаю ваду, як раку, каб захапіць яе ракою.
Тады пусціў змей са сваіх вуснаў за жанчынай ваду, быццам раку, каб яе панесла рака.
Але зямля памагла жонцы, і рашчыніла зямля вусны свае, праглынула раку, што пусьціў смок ізь ляпы свае.
Але зямля дапамагла жанчыне. Адкрыла зямля свае вусны і паглынула раку, якую выпусціў цмок са сваіх вуснаў.
І ўзлаваўся смок на жонку, і пайшоў ваяваць із засталымі ад семені ейнага, каторыя заховуюць расказаньні Божыя і маюць сьветчаньне Ісусава.
Тады раззлаваўся цмок на жанчыну і распачаў бітву з астатнімі яе нашчадкамі, якія захоўваюць запаведзі Бога і маюць сведчанне Езуса.