Выслоўяў Саламонавых 11 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
Хвальшывая вага — агідна СПАДАРУ, але супоўны камень — любата Яму.
Фалшывая вага агідная Госпаду, а правільныя адважнікі падабаюцца Яму.
Прыйдзе пыха, і прыйдзе сорам, але ізь сьціплымі — мудрасьць.
За гордасьцяй прыходзіць ганьба, а з пакорнымі ёсьць мудрасьць.
Беззаганнасьць пасьцівых будзе весьці іх, але папсаванасьць выступнікаў зьнішча іх.
Шчырасьць бяззаганных вядзе іх, а хітрасьць злачынцаў згубіць іх.
Багацьце не даець карысьці ў дзень гневу, але справядлівасьць вывальняе ад сьмерці.
Не паможа ў дзень гневу багацьце, але справядлівасьць збаўляе ад сьмерці.
Справядлівасьць беззаганных раўнуе дарогу іхную, але ў нягоднасьці сваёй паваліцца нягодны.
Справядлівасьць бяззаганнага раўнуе яму дарогу, а бязбожны згіне ад сваёй бязбожнасьці.
Справядлівасьць пасьцівых вывальняе іх, але нягоднасьць выступнікаў злове іх.
Справядлівасьць шчырых збавіць іх, а хітрых ловіць іх злосьць.
Як нягодны чалавек памірае, спадзева загіне, і надзея несправядлівых гіне.
Калі памірае бязбожны чалавек, гіне ягоная надзея, а чаканьне бяззаконных гіне.
Справядлівы вывальнены зь немарасьці, і луча нягодны замест яго.
Справядлівы выбаўляецца з бяды, а замест яго трапляе бязбожны.
Вуснамі падлыжніка гіне прыяцель ягоны, але ведаю справядлівага будзе вывальнены.
Аблуднік вуснамі губіць свайго бліжняга, а справядлівы збаўляецца прадбачлівасьцяй.
З дасьпеху справядлівых цешыцца места, і як гінуць нягодныя — вяселіцца.
Са шчасьця справядлівых цешыцца места, а калі гінуць бязбожныя, бывае радасьць.
Дабраславенствам пасьцівых места павышаецца, але вуснамі нягодных бурыцца,
Багаслаўленьнем справядлівым уздымаецца места, а разбураецца вуснамі бязбожных.
Хто грэбуе прыяцелям сваім; у тога не стаець розуму, але людзіна разумная маўчыць.
Дурны пагарджае бліжнім сваім, а разумны чалавек маўчыць.
Язычнік адкрые тайну, але верны дух пакрывае справу.
Хто абыходзячы абмаўляе, той адкрывае тайніцу, але чалавек вернага сэрца трымае ў тайніцы давераную справу.
Ідзе няма парадаў, люд упадае, але помач ад шмат параднікаў.
Калі не стае дастатковае рады, народ занепадае, а дзе шмат райцаў, там дабрабыт.
Ліха будзе таму, хто паручыўся за чужніка, але бясьпечны, хто ненавідзе рукаемства.
Сам сабе шкодзіць той, хто паручаецца за чужога, а хто высьцерагаецца парукаў, той бязпечны.
Пасьцівая жонка заховуе пасьцівасьць, а дужы заховуе багацьце.
Чэсная жанчына набывае славу, а хто любіць працу набывае багацьце.
Дзее добра душы сваёй людзіна міласэрная, але немарасьце цела свае неміласьціўны.
Міласэрны чалавек добра робіць сваёй душы, а жорсткі нішчыць сваё цела.
Нягодны робе ашукаю работу, але сяўбіт справядлівасьці — праўдзівая заплата.
Бязбожны робіць памылковую справу, а хто сее праўду, мае пэўную ўзнагароду.
Справядлівасьць да жыцьця, а хто жанецца за ліхам — да свае сьмерці.
Як справядлівасьць ёсьць да жыцьця, так той, хто імкнецца да благога, ёсьць да сьмерці.
Агіда СПАДАРУ крутадушныя сэрцам, але зычлівасьць Яго да пасьцівых у дарозе сваёй.
Агідныя Госпаду хітрыя сэрцам, а падабаюцца яму беззаганныя.
Можна паручыцца, што ліхадзей ня будзе непакараны, насеньне ж справядлівых будзе вывальнена.
Злосьнік, хаця возьме на дапамогу іншых, не застанецца бяз кары, а насеньне справядлівых захаваецца.
Залатая жуковіна ў лычу сьвіньні — харошая жонка без разважнасьці.
Жанчына прыгожая і дурная ёсьць як сьвіньня з пярсьцёнкам у носе.
Жаданьне справядлівых — адно дабро, спадзева нягодных — гнеў.
Пажаданьне справядлівых заўсёды да добрага, але чаканьне бязбожных — гнеў.
Ё шчодры, і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, адылі галее.
Не адзін шчодры дае і яму яшчэ прыбывае, а іншы скупы больш чым трэба і аднак бяднее.
Дабрадзейная душа ўесца; і хто даець піць, таму дадуць.
Шчодры чалавек бывае багацейшы і хто насычывае, будзе і сам насычаны.
Хто задзержуе збожжа, таго клінець люд; але дабраславенства на галаву таго, хто прадаець.
Хто затрымлівае ў сябе збожжа, таго кляне народ, але багаславенства на галаве прадаючага.
Хто ўлегліва шукае дабра, шукае зычлівасьці; але хто шукае ліха, да тога яно прыйдзе.
Хто імкнецца да дабра, набывае ласку, а хто імкнецца да благога, да таго яно прыходзіць.
Хто спадзяецца на свае багацьце, упадзець; але, як зяленіва, справядлівыя заквітуць.
Хто палягае на сваім багацьці, той упадзе, а справядлівыя будуць зелянець, як парасткі.
Хто бурае дом свой, таму спадзець вецер, і дурны будзе слугою мудраму сэрцам.
Хто робіць непарадак у сваім доме, атрымлівае ў спадчыне вецер, а дурны мусіць служыць мудраму.
Плады справядлівага — дзерва жыцьця, і мудры прыдбаець душы.
Плод справядлівых — дрэва жыцьця і мудры прыцягівае душы.
Вось, справядлівы будзе мець адплату на зямлі, пагатове нягоднік а грэшнік.
Калі справядліваму прыходзіць узнагарода на зямлі, дык пагатове бязбожнаму і грэшніку.