Эклезіяста 3 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Усяму пара, і час кажнаму зычаньню пад небам:
Пара радзіцца, і пара паміраць; пара садзіць, і пара вырываць пасаджанае;
Пара забіваць, і пара лячыць; пара бураць, і пара будаваць;
Пара плакаць, і пара сьміяцца; пара галасіць, і пара скакаць;
Пара кідаць каменьне, і пара зьбіраць каменьне; пара абыймаць, і пара здаляцца ад абыймаў;
Пара шукаць, і пара губляць; пара шчаджаць, і пара раськідаць;
Пара ірваць, і пара сшываць; пара маўчэць, і пара гукаць;
Пара любіць, і пара ненавідзіць; пара вайны, і пара міру.
Што за перавага працуючаму з тога, што ён працуе?
Бачыў я дзейнасьць, каторую даў Бог сыном людзкім, каб яны спраўляліся зь ёю.
Усе ўчыніў Ён харошым упару сваю, таксама ўлажыў Ён сьвет у сэрца іхнае так, што ня можа людзіна адкрыць справаў, каторыя Бог спраўляе ад пачатку аж да канца.
Ведаю, што нямаш ім іншага дабра, як весяліцца й рабіць дабро ў жыцьцю сваім.
І калі якая людзіна есьць а п’ець а бача дабро з гарапашнасьці свае, то гэта дар Божы.
Ведаю, што ўсе, што робе Бог, застаецца на векі; да яго няма чаго дабаўляць і ад яго няма чаго адыймаць; і Бог зрабіў так, каб баяліся Яго.
Што было, даўно яно; і што мае быць, ужо было; і Бог спаганяе зь мінуласьці.
Яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там нягоднасьць; і месца справядлівасьці — нягодны там.
Я сказаў у сэрцу сваім: «Справядлівага й нягоднага будзе судзіць Бог, бо пара там на кажнае зычаньне й на кажны ўчынак там».
Быў сказаўшы я ў сэрцу сваім праз справы сыноў людзкіх, што Бог спрабаваў іх і паказаў, што яны жывёла самы па сабе;
Бо тое, што прылучаецца сыном людзкім, прылучаецца жывёле, і адна прылука ўсім: як адныя паміраюць, так паміраюць і другія; але, усі маюць адзін дух; і ня мае людзіна перавагі над жывёлаю; бо ўсе марнаеьць.
Усе йдзець у вадно месца: усе паўстала з пылу, і ўсе абернецца ў пыл.
Хто ведае, ці дух сыноў людзкіх узыходзе ўгару і ці дух жывёлы зыходзе далоў, да зямлі?
Дык я бачыў, што нічога няма лепшага, як што людзіна цешылася б з працаў сваіх; бо гэта дзель ейная; бо хто прывядзець яе пабачыць, што будзе просьле яе?