Яна 14 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

«Няхай не парушаецца сэрца вашае; верце ў Бога і ў Мяне верце.
 
Няхай не трывожыцца ваша сэрца: веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.

У доме Айца Майго гасподаў шмат. Калі б ня так было, Я сказаў бы вам; бо йду прыгатаваць вам месца.
 
У доме Майго Бацькі жылля шмат; а калі б не, Я сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць вам месца.

І як пайду й прыгатую вам месца, прыйду ізноў і прыйму вас да Сябе Самога, каб ідзе Я, і вы былі.
 
І калі пайду і падрыхтую месца вам, зноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб, дзе Я, і вы былі.

А вы ведаеце, куды Я йду, і ведаеце дарогу».
 
І куды [Я] іду, вы дарогу ведаеце.

Хама кажа Яму: «Спадару, мы ня ведаем, куды Ты йдзеш, як жа можам дарогу ведаць?»
 
Фама кажа Яму: Госпадзе, мы не ведаем, куды Ты ідзеш; як можам мы ведаць дарогу?

Ісус кажа яму: «Я — дарога а праўда а жыцьцё; ніхто ня прыходзе да Айца, адно перазь Мяне.
 
Ісус кажа яму: Я — дарога, і праўда, і жыццё; ніхто не прыходзіць да Бацькі, як праз Мяне.

Калі б вы зналі Мяне, зналі б і Айца Майго. І адгэтуль вы знаеце Яго й бачыце Яго».
 
Калі б вы ведалі Мяне, то ведалі б і Майго Бацьку; і з гэтага часу вы ведаеце Яго і бачылі Яго.

Піліп кажа Яму: «Спадару, пакажы нам Айца, і гэтага даволі нам».
 
Філіп кажа Яму: Госпадзе, пакажы нам Бацьку, і нам даволі.

Ісус кажа яму: «Ці цеперся Я з вамі, і ты ня знаеш Мяне, Піліпе? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: "Пакажы нам Айца"?
 
Ісус кажа Яму: Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не ведаеш Мяне, Філіпе? Хто мяне ўбачыў, убачыў Бацьку; як ты кажаш: «Пакажы нам Бацьку?»

Ня верыш ты, што Я ў Вайцу, а Айцец у Імне? Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу, але Айцец, што перабывае ў Імне, чыне справы.
 
Ці не веруеш ты, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу: Бацька, што застаецца ўва Мне, робіць Свае справы.

Верце, што Я ў Вайцу, і Айцец у Імне; калі ж не, дзеля тых самых справаў верце Імне.
 
Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце [Мне] з-за саміх Маіх ўчынкаў.

Запраўды, запраўды кажу вам: хто вера ў Мяне, будзе чыніць справы, што Я чыню, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо Я йду да Айца.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за гэтыя зробіць, бо Я іду да Бацькі;

І чаго толькі папросіце ў імя Мае, Я ўчыню, каб Айцец быў услаўлены ў Сыну.
 
і пра што ні папросіце ў імя Маё, Я зраблю, каб праславіўся Бацька ў Сыне.

Калі чаго папросіце ў імя Мае, Я ўчыню.
 
Калі што папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю.

«Калі вы мілуеце Мяне, расказаньні Мае дзяржыце.
 
Калі вы Мяне любіце, вы будзеце выконваць Мае запаведзі;

А Я буду прасіць Айца, і дасьць вам другога Пацяшыцеля, каб быў з вамі на векі,
 
і Я папрашу Бацьку, і Ён дасць вам другога Абаронцу, каб быў40 з вамі навекі,

Духа праўды, Каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня бача Яго ані знае Яго; але вы знаеце Яго, бо Ён перабывае з вамі і ў вас будзе.
 
Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо не бачыць Яго і не ведае; вы [ж] ведаеце Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас.
 
Я не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

Яшчэ крыху, і ўжо сьвет Мяне ня бача; але вы абачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць.
 
Яшчэ нядоўга, і ўжо свет Мяне не ўбачыць; але вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць.

Таго дня вы пазнаеце, што Я ў Вайцу Сваім, і вы ў Імне, і Я ў Вас.
 
У той дзень вы ўведаеце, што Я ў Маім Бацьку, і вы ўва Мне і Я ў вас.

Хто мае расказаньні Мае й дзяржыць іх, тый мілуе Мяне; а хто мілуе Мяне, таго будзе мілаваць Айцец Мой, і Я буду мілаваць яго, і зьяўлю яму Самога Сябе».
 
Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне; а таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Бацька, і Я буду любіць яго і з’яўлюся яму Сам.

Юда (не Іскарыёт) кажа Яму: «Спадару, як гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»
 
Іуда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе, што здарылася, што ты збіраешся паказаць Сябе нам, а не свету?

Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто мілуе Мяне, дзяржыць слова Мае, і Айцец Мой будзе мілаваць яго, і Мы да яго прыйдзем, і гасподу Сабе ў яго ўчынім.
 
Адказаў Ісус і сказаў Яму: Калі хто любіць Мяне, ён будзе выконваць Маё слова, і Мой Бацька будзе любіць яго, і да яго Мы прыйдзем і жыллё ў яго зробім Сабе.

Хто ня мілуе Мяне, не дзяржыць словаў Маіх; а слова, што вы чуеце, не Мае, але Айца, Каторы паслаў Мяне.
 
Хто не любіць Мяне, той Маіх слоў не выконвае; а слова, якое чуеце, не Маё, а Бацькі, што паслаў Мяне.

«Гэта Я сказаў вам, перабываючы з вамі.
 
Гэта Я сказаў вам, будучы з вамі.

Пацяшыцель жа, Дух Сьвяты, Каторага пашлець Айцец у імя Мае, навуча вас усяго і прыпомне вам усе, што сказаў Я вам.
 
Абаронца ж, Святы Дух, Якога пашле Бацька ў Маё імя, навучыць вас усяму і прыгадае вам усё, што сказаў вам [Я].

«Супакой пакідаю вам, супакой Свой даю вам; не, як сьвет даець, Я даю вам. Няхай сэрца вашае не парушаецца і не лякаецца.
 
Мір пакідаю вам, Мой мір даю вам: не так, як свет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца ваша сэрца і не баіцца.

Вы чулі, што Я сказаў вам: "Я йду і прыйду да вас". Калі б вы мілавалі Мяне, вы цешыліся б, што Я йду да Айца, бо Айцец вялікшы за Мяне.
 
Вы чулі, што Я сказаў вам: «Адыходжу і прыйду да вас». Калі б вы любілі Мяне, вы ўзрадаваліся б, што Я [сказаў:] іду да Бацькі, бо [Мой] Бацька большы за Мяне.

«І цяпер Я сказаў вам уперад, чымся сталася, каб, як станецца, вы ўверылі.
 
І Я сказаў вам цяпер, раней, чым збылося, каб, калі збудзецца, вы ўверавалі.

Я ўжо ня буду шмат мужаваць із вамі, бо йдзець князь сьвету і ў Імне ня мае нічога.
 
Я ўжо не буду шмат гаварыць з вамі, бо ідзе князь [гэтага] свету; і ён ува Мне не мае нічога,

Але каб пазнаў сьвет, што Я мілую Айца, і, як расказаў Імне Айцец, так чыню: устаньце, пайдзіма адгэтуль.
 
але каб свет уведаў, што Я люблю Бацьку і, як Бацька запаведаў Мне, так раблю. Уставайце, хадзем адсюль.