Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
«Тады падобнае будзе гаспадарства нябёснае да дзесяцёх дзявушчых, што, узяўшы лянпы свае, вышлі на пярэймы маладому.
Тады Ўладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу жаніха.
Зь іх пяць было мудрых і пяць неразумных.
Пяць-жа зь іх было разумных, а пяць недарэкіх.
Неразумныя, узяўшы лянпы свае, не ўзялі із сабою алівы.
Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею.
Мудрыя ж узялі алівы ў судзінах ізь лянпамі сваімі.
Разумныя-ж узялі й алею ў пасудзінах да сьвяцільнікаў сваіх.
І як малады задлякаўся, то задрымалі ўсі й паснулі.
А як жаніх замарудзіў, то задрамалі ўсе й паснулі.
І а поўначы разьлёгся крык: "Гля, малады йдзець, выходзьце на пярэймы яму!’
Поўначчу пачуўся моцны голас: «Вось жаніх ідзе! Выходзьце на спатканьне яго».
Тады ўсталі дзявушчыя тыя і агледзелі лянпы свае.
Тады ўсталі ўсе дзевы, і паправілі сьвяцільнікі свае.
Неразумныя ж сказалі мудрым: "Дайце нам алівы вашае, бо лянпы нашыя гаснуць’.
Недарэкія-ж сказалі разумным: «Дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць».
А мудрыя адказалі: "Калі б нам і вам ня стала, валей пайдзіце да прадаўнікоў і купіце сабе’.
Але разумныя адказалі: «Каб не забракла й нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе».
А як пайшлі яны купляць, прышоў малады, і гатовыя ўвыйшлі зь ім на вясельную чэсьць, і дзьверы замкнуліся.
Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі зь ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачыненыя.
Потым прыходзяць і іншыя дзявушчыя, кажучы: "Спадару, спадару! адчыні нам’.
Потым прыходзяць і іншыя дзевы й кажуць: «Госпадзе, Госпадзе! Адчыні нам».
Ён жа адказаў ім і сказаў: "Запраўды кажу вам: ня знаю вас’.
Ён-жа сказаў ім у адказ: «Сапраўды, кажу вам, ня знаю я вас».
Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, каторае прыйдзе Сын Людзкі.
Дык не драмлеце, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе.
«Бо Ён учыне, як чалавек, што, пакідаючы дом, гукнуў слугаў сваіх і паручыў ім маемасьць сваю:
Гэта падобна да чалавека, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю.
І аднаму даў ён пяць таланёў, другому два і іншаму адзін, кажнаму подле здольнасьці ягонае; і зараз пакінуў дом.
І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму — два, а яшчэ іншаму — адзін — кожнаму паводле яго магчымасьці.
Тый, што адзяржаў пяць таланёў, зараз пайшоў, і таргаваў на іх, і прыдбаў другія пяць таланёў.
Той, які атрымаў пяць талянтаў, пусьціў іх у справу, і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў.
Чыста так і тый, што адзяржаў два талані, прыдбаў другія два.
Таксама й той, які атрымаў два, прыдбаў яшчэ два.
Тый жа, што адзяржаў адзін талань, пайшоў, і пакапаў зямлю, і схаваў срэбла спадара свайго.
Той-жа, які атрымаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю й схаваў серабро гаспадара свайго.
Па даўгім часе, прыходзе спадар слугаў тых і вымагае ў іх лічбы.
Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку.
І тый, што адзяржаў пяць таланёў, падышоўшы, прынёс другія пяць таланёў, кажучы: "Спадару! пяць таланёў ты перадаў імне; во другія пяць таланёў я прыдбаў’.
І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў, і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: «Гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх».
Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
І сказаў яму гаспадар: «Добра, добры й верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
Прышоў і тый, што адзяржаў два талані, і сказаў: "Спадару! два талані ты перадаў імне; во другія два талані я прыдбаў на іх’.
Падыйшоў таксама й той, які дастаў два талянты й сказаў: «Гаспадару! Два талянты ты мне даў, вось я здабыў на іх другіх два».
Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
Сказаў яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры й верны! У малым ты быў верны. Над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
Падыйшоў і тый, што адзяржаў адзін талань, і сказаў: "Спадару! я знаў цябе, што ты чалавек стродкі, жнеш, ідзе ня сеяў, і зьбіраеш, ідзе не рассыпаў;
Той-жа, які дастаў адзін талянт, падыйшоўшы, сказаў: «Гаспадару! Я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.
І, баяўшыся, пайшоў і схаваў талань гвой у зямлі; во табе твае’.
Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, і вось маеш тваё».
Спадар жа, адказуючы, сказаў яму: "Нягодны а ляны слуга! ты ведаў, што я жну, ідзе не пасеяў, і зьбіраю, ідзе не рассыпаў;
Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: «Злы слуга й лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
Затым належыла табе аддаць срэбла мае пенязяменам, і я прышоўшы, адзяржаў бы маё з прыбыткам.
Дзеля гэтага трэба было табе аддаць мае грошы купцом, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам.
Дык вазьміце ў яго талань і дайце маючаму дзесяць таланёў,
Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў.
Бо кажнаму маючаму дасца, і ён будзе мець дастатак, а ў нямаючага адыймецца й тое, што мае.
Бо ўсякаму, хто мае, дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мог-бы мець.
А некарыснага слугу кіньце да цемрадзі навоннае; там будзе плач а скрыгот зубамі’.
А нягоднага слугу ўкіньце у цемру бяздонную, там будзе плач і скрыгат зубоў». Гэта сказаўшы, усклікнуў: «Хто мае вушы, хай слухае.
«Як Сын Людзкі прыйдзе ў славе Сваёй, і ўсі сьвятыя ангілы зь Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае;
Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы зь Ім, тады сядзе на Пасадзе славы свае.
І зьбяруцца перад Ім усі народы; і адлуча адны ад адных, як пастыр адлучае авечкі ад казлоў;
І зьбяруцца прад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад іншых, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.
І пастанове авечкі па правіцы Свае, а казлы — па лявіцы.
І паставіць авец па правым баку ад Сябе, а казлоў — па левым.
Тады скажа Кароль тым, што па правіцы Ягонае: «Прыйдзіце, дабраславёныя Айца Майго, адзяржыце на спадак гаспадарства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету;
Тады скажа Ўладар тым, хто направа ад Яго: «Прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету.
Бо Я прагнуў, і вы далі Імне есьці; сьмяг, і вы далі Імне піць; быў чужанінам, і вы частавалі Мяне;
Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне. Я меў смагу, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне.
Быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы даведаліся Мяне; у вязьніцы быў, і вы прышлі да Мяне».
Быў нагім, і вы адзелі Мяне; быў хворым, і вы наведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне».
Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, і далі есьці? альбо ўсьмяглага, і далі піць?
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці смаглым — і напаілі?
Калі мы бачылі Цябе чужанінам, і частавалі? альбо голага, і аддзелі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным, і прынялі, ці нагім, і адзелі?
Калі мы бачылі Цябе хворага альбо ў вязьніцы, і даведаліся Цябе?’
Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы й прыйшлі да Цябе?»
І, адказуючы, Кароль скажа ім: "Запраўды кажу вам: на колькі вы зрабілі гэта аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, то зрабілі Імне’.
І Ўладар скажа ім ў адказ: «Папраўдзе кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму зь меншых братоў Маіх — Мне зрабілі».
Тады скажа й тым, што па лявіцы: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны нячысьціку а ангілам ягоным;
Тады скажа й тым, якія па левым баку Яго: «Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д’яблу й ангелам яго.
Бо Я прагнуў, і вы не далі Імне есьці; сьмяг, і вы не далі Імне піць;
Бо Я быў галодны, і вы не накармілі Мяне; хацеў піць, і вы не падалі Мне вады.
Быў чужанінам, і не пачаставалі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў вязьніцы, і не даведаліся Мяне’.
Быў падарожным, і вы ня прынялі Мяне; быў нагім, і вы не адзелі Мяне; быў хворым і ў вязьніцы, і вы не наведалі Мяне».
Тады й яны, адказуючы, скажуць: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, альбо сьмягнучага, альбо як чужаніна, альбо голага, альбо хворага, альбо ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?’
Тады й яны скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?»
Тады, адкажа ім, кажучы: "Запраўды кажу вам: як не зрабілі гэтага аднаму з гэтых найменшых, то не зрабілі Імне’.
Тады скажа ім у адказ: «Папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то й Мне не зрабілі».
І пойдуць гэтыя на кару вечную, а справядлівыя да жыцьця вечнага»
І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі — у жыцьцё вечнае.