Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Як настала раніца, усі найвышшыя сьвятары а старцы люду мелі нараду празь Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць.
 
Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары й старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць.

І, зьвязаўшы Яго, завялі й выдалі Пілату Понцкаму, намесьніку.
 
І, зьвязаўшы Яго, павялі й перадалі Яго Понцію Пілату, правіцелю.

Тады Юда, што ізрадзіў Яго, абачыўшы, што Ён засуджаны, і каючыся, зьвярнуў трыццаць срэбнінікаў найвышшым сьвятаром а старцом,
 
Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням;

Кажучы: «Ізграшыў я, ізрадзіўшы кроў нявінную». А яны сказалі яму: «Што нам да таго? ты абачыш».
 
сказаўшы: «Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную». Яны-ж сказалі яму: «Што нам да таго, глядзі сам».

І, кінуўшы срэбнікі ў доме Божым, ён вышаў і, адышоўшыся, засіліўся.
 
І, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў ды пайшоў і павесіўся.

Сьвятары ж, узяўшы срэбнікі, гукалі: «Нельга ўкінуць іх да скарбніцы царкоўнае, бо гэта цана крыві».
 
Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, гаварылі: «Не па праву будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві».

Парадзіўшыся, купілі за іх поле ганчарова на пахоў чужан.
 
І, зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў.

Затым і завецца поле тое «Поле Крыві» дагэтуль.
 
Таму й завецца поле тое полем крыві й па сёньняшні дзень.

Тады спаўнілася сказанае прарокам Ярэмам, што кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацанаванага, Каторага ацанавалі сынове Ізраеля,
 
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбранікаў — цану Ацэненага — Якога ацанілі сыны Ізраіля.

І далі іх за поле ганчарова, як Спадар прызначыў імне».
 
І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад».

Ісус жа стаў перад намесьнікам. І папытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: «Ці ты Кароль Юдэйскі?» Ісус сказаў яму: «Ты кажаш».
 
Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: «Ці Ты князь Юдэйскі?» Ісус сказаў яму: «Ты кажаш».

І як вінавалі Яго найвышшыя сьвятары а старцы, Ён нічога не адказаваў.
 
І калі зьвінавачвалі Яго архісьвятары й старшыні, Ён нічога не адказаў.

Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьветчаньняў на Цябе?»
 
Тады кажа Яму Пілат: «Ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?»

І не адказаваў яму на ні воднае слова, ажно намесьнік вельма дзіваваўся.
 
І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго намесьнік быў моцна зьдзіўлены.

На сьвята ж Пасхі намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, каторага хацелі.
 
На сьвята-ж Пасхі намесьнік меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць.

Быў тады ў іх ведамны астрожнік, званы Вараўва.
 
На той час быў у іх ведамы арыштант, званы Вараўва.

Дык, як былі зьбершыся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?»
 
І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: «Каго з двух хочаце адпусьціць вам: Вараўву ці Ісуса, званага Хрыстос?»

Бо ведаў, што із завідасьці Яго выдалі.
 
Бо, ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць.

Прымеж таго, як сядзеў ён на судовым седаве, жонка ягоная паслала яму сказаць: «Не рабі нічога Справядліваму гэнаму, бо я сядні ў сьне шмат цярпела за Яго».
 
Тым-часам, калі сядзеў ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго».

Але найвышшыя сьвятары а старцы падвучылі груды прасіць Вараўвы, а Ісуса загубіць.
 
Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса — на загубу.

Тады намесьнік, адказуючы, сказаў ім: «Каго з двух хочаце, каб я выпусьціў вам?» Яны сказалі: «Вараўву».
 
І, калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? Яны сказалі: Вараўву.

Кажа ім Пілат: «Што ж я зраблю Ісусу, званаму Хрыстом?» Кажуць усі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
 
Тады Пілат прамовіў да іх: «Што я зраблю зь Ісусам, названым Хрыстом?» І сказалі ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Намесьнік сказаў: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычэлі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
 
Правіцель сказаў ім: «Якое-ж зло ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Пілат, бачачы, што нічога не паможа, але паўстаець замятня, узяў вады і ўмыў рукі перад грудам, кажучы: «Ня вінен я ў крыві справядлівага гэтага; абачыце вы».
 
Пілат, бачачы, што нічога не парадзіць, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады памыў рукі прад народам і сказаў: «Не вінаваты я ў крыві Праведніка гэтага, самі глядзеце».

І, адказуючы, увесь люд сказаў: «Кроў Яго на нас а на дзеці нашы».
 
А ў адказ увесь народ крычаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых».

Тады выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў на ўкрыжаваньне.
 
Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне.

Тады жаўнеры намесьнікавы, узяўшы Ісуса да месцкае рады, зьберлі на Яго цэлую вятку.
 
Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на Яго поўную кагорту войска.

І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго шкарлатны ахілім;
 
І, распрануўшы Яго, накінулі на Яго чырвоную накідку.

І, зьвіўшы карону зь церні, узлажылі Яму на галаву Ягоную, і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, клякаючы перад Ім, насьміхаліся зь Яго, кажучы: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
 
І, сплёўшы вянок зь церняў, узлажылі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку Ягоную, і становячыся прад Ім на калені, насьміхаліся зь Яго, кажучы: «Радуйся, Кароль Юдэйскі!»

І плівалі на Яго, і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве.
 
І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве.

І, як назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго шкарлатны ахілім, і адзелі ў вадзецьці Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
 
А калі назьдзекваліся зь Яго, зьнялі зь Яго чырвоную накідку й апранулі Яго ў вопратку Ягоную й павялі Яго на ўкрыжаваньне.

Выходзячы, яны стрэлі аднаго Кірынеяніна, імям Сымона; гэтага прысілілі несьці крыж Ягоны.
 
Выходзячы-ж, яны сустрэлі чалавека кірынейца, на імя Сымон; гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны.

І, прышоўшы на месца, званае Ґолґота, што знача «Чарэпнішча»,
 
І прыйшлі на месца, званае Гальгофа, што значыць Чараповішча.

Далі Яму піць віна, зьмешанага з жоўцяй; і, паспытаўшыся, не хацеў піць.
 
І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць.

Тыя, што Яго ўкрыжавалі, дзялілі адзецьці Ягоныя, кідаючы на жэрабя;
 
Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каб збылося сказанае праз прарока: «Разьдзялілі вопратку маю й на вопратку маю кінулі жэрабе».

І, седзячы, сьцераглі Яго там.
 
І, пасеўшы, сьцераглі Яго там.

І, прыбілі над галавою Ягонай надпіс віны Ягонае: «Гэта Ісус, Кароль Юдэйскі».
 
І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: «Гэта Ісус Кароль Юдэйскі».

Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго справа, а другога зьлева.
 
Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў: аднаго — з правага боку, а другога — зь левага.

Праходзячыя ж насьміхаліся зь Яго, ківаючы галавамі сваімі,
 
І людзі, праходзячы міма, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі,

І кажучы: «Ты, што бураеш Дом Божы і за тры дні становіш яго! спасі Самога Сябе; калі Ты Сын Божы, дык іступі з крыжа».
 
і кажучы: «Сьвятыні руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, выбаві Сам Сябе, калі Ты

Падобна й найвышшыя сьвятары з кніжнікамі а старцамі, насьміхаючыся, гукалі:
 

«Іншых спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! калі кароль Ізраельскі Ён, хай цяпер іступе з крыжа, і ўверым у Яго;
 
Таксама й архісьвятары з кніжнікамі й старшынямі ды фарысеі зьдзекліва гаварылі:

Спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбаве Яго, калі Ён любы Яму. Бо Ён Сказаў: "Божы Я Сын’».
 
«Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можаш выбавіць; калі Ён кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго.

Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, вярнулі на Яго.
 
Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён — угоднік Яго, бо-ж Ён казаў: «Я Сын Божы».

Ад шостае ж гадзіны цемра стала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
 
Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя побач, зьневажалі Яго.

А каля дзявятае гадзіны загукаў Ісус голасам вялікім, кажучы: «Ілі, Ілі, лэма савахфані», што знача: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
 
Ад шостае-ж гадзіны стала цемра на над усёю зямлёю аж да гадзіны дзявятай.

Некатрыя з тых, што стаялі, чуючы гэта, гукалі: «Ільлю гукае Ён».
 
А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: «Ілі, Ілі, лімá савахвані!» Гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! Чаму пакінуў Мяне?

І якга пабег адзін ізь іх, узяў губку, змачыў яе воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даў Яму піць.
 
Некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: «Ільлю кліча Ён».

А засталыя казалі: «Пажджы, паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасьці Яго».
 
І ўраз пабег адзін зь іх і ўзяў губку, памачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць.

Ісус жа, ізноў загукаўшы голасам вялікім, выпусьціў дух.
 
А іншыя гаварылі: «Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго».

І вось, запона ў Доме Божым разьдзерлася на дзьве часьці, з гары аж да далоўя; і зямля затрэслася; і скалы раськяпіліся;
 
Ісус-жа ізноў, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў дух Свой.

І грабы рашчыніліся; і шмат якія целы заснулых сьвятых ускрэсьлі;
 
І вось заслона ў сьвятыні разадралася на дзьве часткі ад верху да нізу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся,

І, вышаўшы з грабоў па ўскрысеньню Ягоным, увыйшлі да сьвятога места, і зьявіліся шмат каму.
 
і труны адкрыліся, і многія целы супачыўшых сьвятых ўваскросьлі,

Сотнік жа й тыя, што сьцераглі зь ім Ісуса, бачачы трасеньне зямлі і ўсе, што прылучылася, надта спалохаліся й казалі: «Запраўды Сын Божы быў Ён».
 
і, выйшаўшы з трунаў па Ўваскрасеньні Ягоным, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім.

Там былі таксама й глядзелі зводдаль шмат якія жанкі, што йшлі за Ісусам із Ґалілеі, паслугуючы Яму;
 
Сотнік-жа і ўсе, якія зь Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрасеньне й на ўсё, што сталася, моцна спалохаліся й гаварылі: «Запраўды Ён быў Сын Божы».

Памеж іх былі Марыя Магдалена а Марыя маці Якавава а Язэпава, і маці сыноў Зэведэевых.
 
Былі там і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі й прыслугоўвалі Яму.

Як жа настаў вечар, прышоў багаты чалавек із Арымафеі, імям Язэп, што таксама вучыўся ў Ісуса.
 
Былі між імі Марыя Магдалена й Марыя, маці Якуба й Язэпа, і маці сыноў Завядэевых.

Ён, прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
 
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.

І, узяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно;
 
Ён прыйшоў да Пілата й прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела.

І палажыў яго ў новым сваім гробе, што высек ён у скале; і, прыкаціўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адышоў.
 
І, узяўшы Цела, Язэп ахінуў Яго чыстаю плашчаніцаю,

Была ж там Марыя Магдалена а другая Марыя, што сядзелі супроці гробу.
 
і палажыў Яго ў новым сваім гробе, высечаным у скале, і, прываліўшы да дзьвярэй гробу вялікі камень, адыйшоў.

Наступнога дня, што быў па дню прыгатовы, зьберліся найвышшыя сьвятары а фарысэі да Пілата,
 
Была-ж там Марыя Магдалена й другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу.

Кажучы: «Спадару! мы ўспомнелі, што ашуканец гэны, яшчэ будучы жывы, сказаў: ‘За тры дні ўскрэсну’.
 
А назаўтра, пасьля пятніцы, раніцою зыйшліся архісьвятары й фарысеі да Пілата.

Затым раскажы абясьпечыць гроб да трэйцяга дня, каб вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу: ’Ускрэс ізь мертвых’; і будзе апошняя ашука горшая за першую».
 
І сказалі: «Спадару! Мы прыпомнілі, што падманшчык той, калі быў яшчэ пры жыцьці, казаў: «Па трох днёх уваскросну!»

Сказаў ім Пілат: «Маеце варту; пайдзіце, абясьпечча, як знаеце».
 
Дык накажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу — уваскрос зь мёртвых, і будзе апошні падман, горшы за першы.

Яны пайшлі, абясьпечылі гроб, прыклаўшы да каменя пячаць, і вартаю.
 
Пілат-жа сказаў: «Маеце варту, ідзеце й вартуйце, як знаеце». Яны пайшлі, паставілі пры гробе варту й прылажылі да каменя пячаць.