Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Няхай вас ня шмат будзе вучыцелямі, браты мае, ведаючы, што цяжшы суд адзяржым,
 
Браты мае́! не многія станавíцеся вучы́целямі, ве́даючы, што мы атрыма́ем бо́льшае асуджэ́нне,

Бо мы ўсі часта спатыкаемся, Хто не спатыкаецца ў слове, тый дасканальны муж, дуж закілзаць і ўсе цела свае.
 
бо ўсе мы многа грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той даскана́лы чалавек, здольны ўтаймава́ць і ўсё цела.

Гля, мы кілзаем коні, каб яны слухалі нас і кіруем усе цела іхнае.
 
Вось, мы ўклада́ем цу́глі ко́ням у рот, каб яны падпарадко́ўваліся нам, і ўсім це́лам іх кіру́ем;

Вось, і караблі, такія вялікія і гнаныя буйнымі вятрамі, кіруюць малюсенькім штырном, куды хоча штырнік.
 
вось, і караблі, хоць яны такія вялікія і такімі моцнымі вятра́мі гна́ныя, а невялікім рулём накіро́ўваюцца, куды рулявы́ хоча;

Так і язык — малюсенькі арґан, а вялікімі рэчамі вяльмуецца. Гля, малюсенькі агонь як шмат лесу пале.
 
так і язык — мала́я частка це́ла, а на вялікае адва́жваецца; вось, невялікі агонь, а які вялікі лес падпа́львае;

язык — агонь, сьвет несправядлівасьці; язык так пастаноўлены памеж арґанаў нашых, што брудзяне ўсе цела і запаляе кола прыроды, запаляны агнём пекляным.
 
і язык — агонь, свет няпра́веднасці. Язык, знахо́дзячыся паміж часткамі це́ла нашага, апага́ньвае ўсё цела і запа́львае кругаваро́т жыцця́, бу́дучы сам запа́леным ад гее́ны;

Бо ўсялякая прырода зьвяроў і птушак, паўзуноў і морскае жывёлы слышыцца і ўслышана прыродаю людзкой,
 
і ўсякая прырода звяроў і птушак, паўзуно́ў і марскіх жывёлін утаймо́ўваецца і ўтаймава́на прыро́дай чалаве́чай,

А языка ніхто зь людзёў услышыць ня можа: гэта няўзьдзержнае ліха, поўны сьмяротнае атруты.
 
язык жа ніхто з людзей утаймава́ць не можа: гэта нястры́мнае зло, поўнае атру́ты смертано́снай.

Ім дабраславім Спадара а Айца, ім клінем людзёў, на падобнасьць Божую ўчыненых:
 
Ім благаслаўля́ем Бога і Айца, і ім пракліна́ем людзе́й, ство́раных па падабе́нству Божаму:

З тых жа вуснаў выходзе добраславенства й кляцьба. Ня мае так быць, браты мае.
 
з тых са́мых ву́снаў выхо́дзіць благаславе́нне і пракля́цце. Не павінна, браты́ мае́, каб так было́.

Ці пырскае з тае самае адтуліны жарала салодкая й гаркая вада?
 
Ці дае́ крыніца з аднаго жарала́ ваду салодкую і горкую?

Ня можа, браты мае, фіґа радзіць аліўкі альбо віно фіґі? Гэтак, жарало салонае й салодкае вады не вылівае.
 
Хіба́ можа, браты мае́, смако́ўніца радзíць маслíны альбо вінагра́дная лаза́ — смоквы? Так і адна крыніца не можа даваць салёную і салодкую ваду́.

Хто мудры а разумны з вас? пакажы добрым паступкам учынкі свае ў лагоднай мудрасьці.
 
Хто мудры і разу́мны сярод вас? — няхай пака́жа до́брымі паво́дзінамі спра́вы свае ў лаго́днай му́драсці.

Але калі ў сэрцу сваім вы маеце гаркую завідасьць а звадлівасьць, не хваліцеся й не маніце на праўду:
 
А калі за́йздрасць горкую і зва́длівасць ма́еце вы ў сэ́рцы сваім, то не хвалíцеся і не хлусíце су́праць ісціны:

Гэта ня мудрасьць, што зыходзе згары, але земная, прыродная, дзявальская;
 
гэта не тая мудрасць, што сыхо́дзіць звыш, а зямна́я, душэ́ўная, дэ́манская;

Бо йдзе завідасьць а звадлівасьць, там вераск і ўсе благое.
 
бо дзе за́йздрасць і зва́длівасць, там разла́д і ўсяля́кае лíха.

Але мудрасьць згары, першае, чыстая, адлі супакойная, лагодная, падаўкая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстароньняя, нядвудушная.
 
А тая му́драсць, што сыходзіць звыш, найпе́рш чы́стая, заты́м мірная, лаго́дная, пако́рная, поўная мíласці і добрых пладо́ў, непрадузя́тая і некрываду́шная.

Плод жа справядлівасьці ў супакою сеецца тым, што чыняць супакой.
 
Плод жа пра́веднасці се́ецца з мірам у тых, якія тво́раць мір.