2 летапісаў 21 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І супачыў Ясапат із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.
І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
І ў яго браты, сыны Ясапатавы: Азара а Егіель а Захара а Азара а Міхайла а Шэфата; усі гэтыя сыны Ясапатавы, караля Ізраельскага.
І ў яго былі браты, сыны Ёсафата: Азарыя і Ехііл, і Захар і Азарыя і Міхаіл і Сафатыя: усе гэтыя сыны Ёсафата, цара Ізраілевага.
І даў ім айцец іхны вялікія дары срэбрам а золатам а дарагімі рэчмі, разам із умацаванымі местамі ў Юдэі; каралеўства ж аддаў Егораму, бо ён пяршак.
І даў ім бацька іхні вялікія дарункі срэбрам і золатам і каштоўнасьцямі, разам з умацаванымі гарадамі ў Юдэі; а царства аддаў Ёраму, бо ён першынец.
І ўступіў Егорам на каралеўстава айца свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, а таксама з князёў Ізраелявых.
І ўступіў Ёрам на царства бацькі свайго і ўмацаваўся, і ўсьмерціў усіх братоў сваіх мячом і таксама некаторых з князёў Ізраілевых;
Трыццаць два гады было Егораму, як загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
трыццаць два гады было Ёраму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;
І хадзіў ён дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабіў дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонай, і рабіу ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
і хадзіў ён шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонка яго, — і рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх.
Не хацеў, адылі, СПАДАР выгубіць дому Давідавага дзеля змовы, каторую ўчыніў із Давідам, і затым што абяцаў даць сьветач яму а сыном ягоным на ўсі часы.
Аднак жа не хацеў Гасподзь загубіць дом Давідаў дзеля запавета, які заключыў з Давідам, і таму што абяцаў даць яму сьвяцільню і сынам ягоным на ўсе часы.
За дзён ягоных вышаў Едом з-пад рукі Юды, і ўстанавілі над сабою караля.
У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад улады Юды, і паставілі над сабою цара.
Тады пайшоў Егорам із князьмі сваімі, і ўсі цялежкі ягоныя зь ім, і ўстаў ночы, і разьбіў Едомлян, каторыя акружылі яго, і вайводцаў цялежак.
І пайшоў Ёрам з ваеначальнікамі сваімі, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаўшы ўначы, пабіў Ідумэян, якія акружалі яго, і начальных над калясьніцамі.
Вышаў, адылі, Едом з-пад рукі Юды дагэтуль. Таго-ж часу вышла й Ліўна з-пад рукі ягонае, бо ён пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
Аднак выйшаў Эдом з-пад улады Юды да сёньня. У той час выйшла і Ліўна з-пад улады ягонай, бо ён пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх.
Таксама ён узвышшы рабіў на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у бязулства жыхараў Ерузаліму, і сіліў Юдэю.
Таксама вышыні зладзіў ён на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у заблуду жыхароў Ерусаліма і спакусіў Юдэю.
І прышло пісаньне да яго ад Ільлі прарокі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "За тое, што ты не хадзіў дарогамі Ясапата, айца свайго, ані дарогамі Асы, караля Юдэйскага,
І прыйшло да яго пісьмо ад Ільлі прарока, у якім было сказана: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: за тое, што ты не пайшоў шляхамі Ёсафата, бацькі твайго, і шляхамі Асы, цара Юдэйскага,
А пайшоў дарогаю каралёў Ізраельскіх і ўвёў у бязулства Юдэю а жыхараў Ерузаліму, як уводзіў у бязулства дом Агаваў; дый братоў сваіх, дом айца свайго, каторыя лепшыя за цябе, ты забіў:
а пайшоў шляхам цароў Ізраільскіх і ўвёў у заблуду Юдэю і жыхароў Ерусаліма, як уводзіў у заблуду дом Ахаваў, а яшчэ і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія лепшыя за цябе, аддаў сьмерці,
Вось, вытне СПАДАР вялікаю ліпучкаю люд твой а сыноў тваіх а жонкі твае а ўсю маемасьць тваю;
за тое вось Гасподзь пабіў паражэньнем вялікім народ твой і сыноў тваіх, і жонак тваіх і ўсю маёмасьць тваю,
А ты захварэеш на вялікую хваробу, на хваробу нутра, аж нутр твой будзе вывалевацца з прычыны хваробы дзень пры дню"».
а цябе самога — хваробаю моцнаю, хваробаю вантробаў тваіх да таго, што будуць выпадаць вантробы твае ад хваробы дзень у дзень.
І збудзіў СПАДАР на Егорама дух Пілішчан а Арабаў, што блізка Ефіоплян;
І ўзбунтаваў Гасподзь супроць Ёрама дух Філістымлянаў і Аравіцянаў, сумежных Эфіопам;
І яны ўзышлі на Юдэю, уварваліся ў яе, і захапілі ўсю маемасьць, што была ў доме каралёвым, таксама й сыноў ягоных, і жонкі ягоныя; і не засталося ў яго сына, апрача Егоагаза, найменьшага із сыноў ягоных.
і яны пайшлі на Юдэю і ўварваліся ў яе, і захапілі ўсю маёмасьць, якая была ў доме цара, таксама і сыноў ягоных, і не засталася ў яго сына, акрамя Ахозіі, меншага з сыноў ягоных.
А просьле ўсёга гэтага выцяў СПАДАР нутр ягоны хваробаю невылячальнаю.
А пасьля ўсяго гэтага пабіў Гасподзь вантробы яго хваробаю нявылечнаю.
Гэтак было дзень пры дню, а пад канец другога году выпаў нутр ягоны ад хваробы ягонае, і ён памер ад благое хваробы; і люд ягоны не спаліў паленьня яму, як паленьне айцом ягоным.
Так было дзень у дзень, а пад канец другога года выпалі вантробы ягоныя ад хваробы ягонай, і ён памёр у ліхіх пакутах; і не спаліў дзеля яго народ ягоны пахошчаў, як рабіў гэта дзеля бацькоў ягоных;
Трыццаць два гады было яму, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў у Ерузаліме восьмі год, і адышоў зьбезахочаны. Пахавалі яго, адылі, у месьце Давідавым, але не ў грабох каралеўскіх.
трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме, і адышоў неаплаканы, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым, але ня ў царскіх магільніцах.