Эклезіяста 12 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І памятуй Стварыцеля свайго за дзён маладосьці свае, пакуль ня прышлі цяжкія дні, і не насталі гады, празь якія ты скажаш: «Нямаш імне любаты ў іх»;
 
І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: «няма мне ад іх асалоды!»,

Пакуль не зацьмелі сонца а сьветла а месяц а гвезды, ані булакі не зьвярнуліся па дажджу;
 
пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.

У дзень, калі задрыжаць дамаверы, і скрывяцца дужасілы, і мелючыя перастануць, бо іх мала, і пацямнеюць выглядаючыя з акна;
 
У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;

І замкнёныя дзьверы будуць ад вуліцаў, як і змоўкне гук жорнаў; і ўстануць на крык птушкі, і будуць паніжаны гукі песьняў;
 
і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;

Таксама будуць баяцца вышыняў і страхаў на дарогах; і мігдаль заквіціць, і казельчык пацяжэе; і шчэзьне зычаньне, бо людзіна адыходзе да вечнага дому свайго, і плачучыя абходзяць вуліцы;
 
і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, — бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;

Аж пакуль срэбны ланцуг ня скволее, і залатая чара не патрышчыцца, і жбан не разаб’ецца ля жарала, і ня зломіцца кола ў студні.
 
пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.

І абернецца парахно ў зямлю, як яно было, а дух зьвернецца да Бога, Каторы быў даўшы яго.
 
І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.

Марнасьць марнасьцяў, сказаў Казаньнік, усе марнасьць.
 
Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць!

Апрача тога, што Казаньнік быў мудры, ён вучыў яшчэ люд веды. Ён уважаў, скумаў, склаў шмат прыказяў.
 
Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.

Казаньнік стараўся знайсьці жаданыя словы, і напісаў пасьціва словы праўды.
 
Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.

Словы мудрых падобныя да дзідаў, і да ўбітых гваздоў падобныя словы складаньнікаў; даны ад адзінага пастыра.
 
Словы мудрых — што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх — ад адзінага пастыра.

Звыш усёга гэтага, сыну мой, сьцеражыся: складаць шмат кнігаў — няма канца і шмат занятку — стома целу.
 
А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг — канца ім ня будзе, і многа чытаць — стамляецца цела.

Канец усяго паслухаем: бойся Бога й расказаньні Ягоныя дзяржы, бо ў гэтым усе чалавеку;
 
Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым — усё.

Бо кажны ўчынак Бог прывядзець на суд, кажную патайную рэч, добрая яна ці благая.
 
Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.