Эклезіяста 3 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Усяму пара, і час кажнаму зычаньню пад небам:
Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі — пад небам.
Пара радзіцца, і пара паміраць; пара садзіць, і пара вырываць пасаджанае;
Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае.
Пара забіваць, і пара лячыць; пара бураць, і пара будаваць;
Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць;
Пара плакаць, і пара сьміяцца; пара галасіць, і пара скакаць;
пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць;
Пара кідаць каменьне, і пара зьбіраць каменьне; пара абыймаць, і пара здаляцца ад абыймаў;
пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў;
Пара шукаць, і пара губляць; пара шчаджаць, і пара раськідаць;
пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць;
Пара ірваць, і пара сшываць; пара маўчэць, і пара гукаць;
пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць;
Пара любіць, і пара ненавідзіць; пара вайны, і пара міру.
пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру.
Што за перавага працуючаму з тога, што ён працуе?
Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?
Бачыў я дзейнасьць, каторую даў Бог сыном людзкім, каб яны спраўляліся зь ёю.
Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.
Усе ўчыніў Ён харошым упару сваю, таксама ўлажыў Ён сьвет у сэрца іхнае так, што ня можа людзіна адкрыць справаў, каторыя Бог спраўляе ад пачатку аж да канца.
Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.
Ведаю, што нямаш ім іншага дабра, як весяліцца й рабіць дабро ў жыцьцю сваім.
Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.
І калі якая людзіна есьць а п’ець а бача дабро з гарапашнасьці свае, то гэта дар Божы.
І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта — дар Божы.
Ведаю, што ўсе, што робе Бог, застаецца на векі; да яго няма чаго дабаўляць і ад яго няма чаго адыймаць; і Бог зрабіў так, каб баяліся Яго.
Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.
Што было, даўно яно; і што мае быць, ужо было; і Бог спаганяе зь мінуласьці.
Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.
Яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там нягоднасьць; і месца справядлівасьці — нягодны там.
Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду — а там беззаконьне; месца праўды — а там няпраўда
Я сказаў у сэрцу сваім: «Справядлівага й нягоднага будзе судзіць Бог, бо пара там на кажнае зычаньне й на кажны ўчынак там».
І сказаў я ў сэрцы маім: «Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю».
Быў сказаўшы я ў сэрцу сваім праз справы сыноў людзкіх, што Бог спрабаваў іх і паказаў, што яны жывёла самы па сабе;
Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны — жывёлы:
Бо тое, што прылучаецца сыном людзкім, прылучаецца жывёле, і адна прылука ўсім: як адныя паміраюць, так паміраюць і другія; але, усі маюць адзін дух; і ня мае людзіна перавагі над жывёлаю; бо ўсе марнаеьць.
бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін — доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё — марнасьць!
Усе йдзець у вадно месца: усе паўстала з пылу, і ўсе абернецца ў пыл.
Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.
Хто ведае, ці дух сыноў людзкіх узыходзе ўгару і ці дух жывёлы зыходзе далоў, да зямлі?
Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?
Дык я бачыў, што нічога няма лепшага, як што людзіна цешылася б з працаў сваіх; бо гэта дзель ейная; бо хто прывядзець яе пабачыць, што будзе просьле яе?
І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта — доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?