Езэкііля 1 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася трыццатага году, чацьвертага месяца, пятага дня месяца, як я быў меж палоненікаў ля ракі Хевар, што адчыніліся нябёсы, і я бачыў Божыя відзені.
 
І было: на трыццатым годзе, на чацьвёртым месяцы, на пяты дзень месяца, калі я быў сярод перасяленцаў над ракой Хавар, разамкнуліся нябёсы — і я пабачыў уявы Божыя.

Пятага дня месяца, каторы пятага году палону караля Егояхіна,
 
У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону цара Ёакіма),

Выразьліва было слова СПАДАРОВА Езэкіелю Вузянку, сьвятару, у зямлі Хальдэйскай, ля ракі Хевар, і рука СПАДАРОВА была там на ім.
 
было слова Гасподняе Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар; і была там на ім рука Гасподняя.

І бачыў я, і вось, буйны вецер веяў з поўначы, вялікі булак, і падаючы агонь ізь зіхценьням навокал яго, а ізь сярэдзіны яго штось бліскала, як бліскучы бруштын, ізь сярэдзіны цяпла.
 
І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго,

Таксама ізь сярэдзіны яго вышла падобнасьць чатырох жывых стварэньняў, і такі быў выгляд іх: падобнасьць людзіны ў іх;
 
а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, — і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека;

і ў кажнага зь іх чатыры крылы;
 
і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы;

І ногі іхныя — простыя ногі, і ступы ног іхных — як ступы нагі цяляці, і блішчэлі, як бліск паліраванае бронзы;
 
а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія).

І рукі людзкія пад крыламі на чатырох старанах іхных, чатыры віды а чатыры крылы ў вусіх чатырох;
 
І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх;

Крылы іхныя датыкакаліся адно да аднаго; яны не абарачаліся, як яны йшлі; ішлі кажны проста наперад.
 
і твары ў іх і крылы ў іх — ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою.

Што да падобнасьці відаў іхных, то від чалавека й морда лява з права ў вусіх чатырох; і пыск вала зь лева ў вусіх чатырох; і ґлюґа арла таксама ў вусіх чатырох.
 
Падабенства абліччаў іхніх — аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку — аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох.

Гэткія былі віды іхныя. І віды іхныя, і крылы іхныя выцягненыя ўгару, два кажнага датыкаліся адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхныя.
 
І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія.

І йшлі кажны проста наперад; куды дух меў ісьці, туды яны йшлі; ідучы не абарачаліся.
 
І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.

Што да падобнасьці жывых стварэньняў, то выгляд іх як жарыны, як выгляд палаючых сьветачаў, што хадзілі памеж жывых стварэньняў; цяпло блішчэла, і зь цяпла выходзіла маланка.
 
І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню.

І жывыя стварэньні беглі й зварачаліся, як выгляд бліску маланкі.
 
І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка.

І як я глядзеў на жывыя стварэньне абачыў адно кола на зямлі каля жывых стварэньняў у чатырох выглядаў іх.
 
І я глядзеў на жывёлін, — і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі тварамі.

Што да выгляду колаў, то падобныя да колеру бэрылу, і падобнасьць адна ў вусіх чатырох; і выгляд іх і выраб іх, быццам было кола ў сярэдзіне кола.
 
Выгляд колаў і будова іхняя — як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох — адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле.

Як яны йшлі, яны хадзілі на чатыры стараны свае; як яны йшлі, яны не абарачаліся.
 
Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся.

Што да абадоў, то яны былі такія высокія, што былі страшныя; і ў вусіх чатырох абадоў было поўна ачоў навокал.
 
А абады на іх — высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй.

І як ішлі жывыя стварэньне ішлі й колы ля іх; і як падыймаліся ізь зямлі жывыя стварэньні, падыймаліся й колы.
 
І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы.

Куды духу надабе было йсьці, яны йшлі туды; і колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
 
Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах.

Як ішлі гэныя, ішлі гэтыя; і як гэныя стаялі, стаялі гэтыя; і як гэныя падыймаліся ізь зямлі, колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
 
Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах.

І падобнасьць над галавамі жывых стварэньняў — прасьцяг, як падобнасьць зумяваючага крышталю, прасьцягненага зьверху над галавамі ў іх.
 
Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх.

І пад прасьцягам былі крылы іхныя, проста адно ля аднаго; у кажнага два — пакрыцьце ім на целы іхныя.
 
А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія.

І як яны йшлі, чуў шум крылаў іхных, як шум вялікіх водаў, як голас Усемагучага, гом сумятні, гоман табару; як яны адзержаваліся — апушчалі крылы свае.
 
І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, — апускалі крылы свае.

І быў голас зьверху прасьцягу, каторы над галавамі іхнымі; як яны адзержаваліся, апушчалі крылы свае.
 
І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы.

І над прасьцягам, што над галавамі іхнымі, быў выгляд шафіру, падобнасьць пасаду; і на падобнасьці пасаду падобнасьць выгляду чалавека, зьверху над ім.
 
А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім.

І я бачыў падобнасьць бруштыну, як выгляд цяпла навокал яго ў ім, ад выгляду сьцёгнаў ягоных угару; і ад выгляду сьцёгнаў ягоных далоў я бачыў быццам выгляд цяпла, і было зьзяньне навокал яго.
 
І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго.

Як выгляд вясёлкі, што ў булаку ў дзень дажджу, такі быў выгляд зьзяньня навокал. Гэта быў выгляд падобнасьці сьці СПАДАРОВАЕ. І як я абачыў, паў на від і чуў голас гукаючага,
 
У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол.