Аўдзея 1 разьдзел
Кніга прарока Аўдзея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Відзень Аўдава. Гэтак кажа Спадар Едому: дзейкі мы чулі ад СПАДАРА, і пасол меж народаў пасланы: «Устаньце й станьма на бітву зь ім!
Уява Аўдзею. Так кажа Гасподзь Бог пра Эдома: вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам: «уставайце, і пойдзем супраць яго вайною!»
Вось, малым даў цябе меж народаў, цябе вельма ўлегцы замелі.
Вось, Я зрабіў цябе малым сярод народаў, і ты ў вялікай пагардзе.
Гордасьць сэрца твайго зьвяла цябе, о жывучы ў раськепінах скалы, што на вышыні гаспода ягоная, што кажа ў сэрцу сваім: "Хто зьвядзець мяне на зямлю?"
Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе; ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: «хто скіне мяне на зямлю?»
Калі ўзвышшыся, як арол, і калі меж гвездаў заўеш сабе гняздо, стуль Я зьвяду цябе», — агалашае СПАДАР.
Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Гасподзь.
«Калі б злодзеі прышлі да цябе, калі б ночныя глабаньнікі, дык як быў бы ты загублены? Ці ня ўкралі б яны, колькі ім даволі? Калі б абіраньнікі віна прышлі да цябе, то ці не пакінулі б яны недабіркі?
Ці ня злодзеі прыходзілі да цябе, ці не начныя рабаўнікі, што ты так абабраны? Але яны ўкралі б столькі, колькі ім трэба. Калі б да цябе залезьлі абіральнікі вінаграду, дык і яны ці ж бы не пакінулі некалькіх ягадзін?
Як мы вышукалі Ісава, і як раскрыліся схаваныя ягоныя!
Як абабрана ўсё ў Ісава і абшуканы ўсе патайнікі ягоныя!
Аж да граніцы прагналі цябе ўсі мужы змовы твае, ашукалі цябе, перамаглі цябе, каторыя былі ў міру з табою; тыя, што елі хлеб твой, расьцягнулі сеці пад табою, няма цямлівасьці ў яго.
Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе, адолеюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу!
Ці ня будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, што Я загублю мудрых ізь Едому і цямлівасьць ад гары Ісавовае?
Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Гасподзь, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава?
І зьлякаюцца дужасілы твае, Фемане, каб была адцята людзіна ад гары Ісавовае ўбіўствам.
Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам.
За ўсілства тваё да брата твайго Якава пакрые цябе сорам, і ты будзеш адцяты на векі.
За ўціск брата твайго, Якава, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды.
Таго дня, як ты стаяў насупроці, дня, як чужаземцы забралі ў палон маемасьць ягоную, і чужыя ўвыйшлі брамамі ягонымі і на Ерузалім кідалі на жэрабя, то й ты быў як адзін ізь іх.
У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін зь іх.
І ты ня бачыў у дзень брата свайго, у дзень, калі ён стаў чужым; і ты ня меў цешыцца із сыноў Юдзіных у дзень загубы іх, ты ня меў павялічыць роту свайго ў дзень бяды.
Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго; ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства.
Ты ня меў увыйсьці ў брамы люду Майго ў дзень няшчасьця іхнага, ня меў і ты глядзець на ліха ягонае ў дзень няшчасьця ягонага, ты ня меў выцягнуць рукі свае па маемасьць ягоную ў дзень няшчасьця ягонага;
Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага.
Ты ня меў стаяць на ростанях, каб заскочыць дарогу ўцекачом ягоным, Ты ня меў перадаваць засталых ягоных у дзень бяды;
Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго, ні выдаваць ацалелых ад яго ў дзень бедства.
Бо блізкі дзень СПАДАРОЎ на ўсі народы: як ты зрабіў, будзе зроблена табе, адплата зьвернецца на галаву тваю;
Бо блізкі дзень Гасподні на ўсе народы: як ты рабіў, так будзе зроблена і з табою; аддача твая абернецца на галаву тваю.
Бо як вы п’янчыліся на сьвятой гары Маёй, так будуць заўсёды п’янчыцца ўсі народы і будуць піць а глытаць; і яны будуць, бы ня былі.
Бо як вы пілі на сьвятой гары Маёй, так усе народы заўсёды піцьмуць, будуць піць, праглынуць і будуць — як бы іх ня было.
А на гары Сыёне будзе прытулішча, і будзе сьвятая; і дом Якаваў адзяржыць спадак свой.
А на гары Сіёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якава атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю.
І будзе дом Якаваў цяплом і дом Язэпаў — поламям, а дом Ісавоў — умецьцям: і запаляць іх, і пажаруць іх, і ня будзе астачы дому Ісавоваму», — бо СПАДАР кажа.
І дом Якава будзе агнём і дом Язэпа — полымем, а дом Ісава — саломаю: запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Гасподзь сказаў гэта.
І спадзець паўднявым гара Ісавова, а даліне — Пілішчане; і спадзець поле Яхрэмскае й поле Самарскае, а Веняміну — Ґілеад.
І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне — Філістымлянамі; і завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Веньямін завалодае Галаадам.
І палону войска гэтага сыноў Ізраелявых спадуць Канааняне аж да Сарэфату, і палону Ерузаліму, што ў Сэфарадзе, спадуць месты паўднявыя.
І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя зь Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя.
І ўзыйдуць ратаваньнікі на гару Сыён, каб судзіць гару Ісавову, і будзе СПАДАРУ каралеўства.
І прыйдуць ратавальнікі на гару Сіён, каб судзіць гару Ісава, — і будзе царства Госпада.