Міхея 1 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Слова СПАДАРОВА, што было да Міхея Морасьфяніна за дзён Ёфама, Агаза, Гэзэкі, каралёў Юдэйскіх, каторае ён відзеў узглядам Самары а Ерузаліму.
Слова Гасподняе, якое было Міхею Марастыціну ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і якое адкрыта яму ў Самарыі і Ерусаліме.
Слухайце, усі люды, прыслухайся, зямля і ўсе, што на ёй! І няхай будзе Спадар СПАДАР сьветкаю супроці вас, Спадар ізь сьвятога палацу Свайго;
Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Гасподзь Бог сьведка супроць вас, Госпадзе зь сьвятога храма Свайго!
Бо, вось, СПАДАР выходзе зь месца свайго, і зыходзе, і ступае па вышынях зямлі.
Бо вось, Гасподзь выходзіць зь месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі,
І горы растаяць пад Ім, і даліны папокаюць, як воск перад цяплом, як воды, што ільлюцца далоў із стромы.
і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча.
За выступ Якаваў усе гэта і за грахі дому Ізраелявага. Што за выступ Якаваў? ці не Самара? І што за ўзвышшы ў Юдэі? ці не Ерузалім?
Усё гэта — за грэшнасьць Якава, за грэх дому Ізраілевага. Ад каго грэшнасьць Якава? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?
Пастанаўлю Самару як кучу на полю, як месца на саджэньні віна, і ськіну ў даліну камяні яе, і поды яе агалю.
За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду; скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе.
І ўсі выразаныя яе будуць пабіты на кавалкі, і ўсі заплаты бязулі яе спалены цяплом, і ўсі балваны яе зраблю пустынёю, бо яна зьберла із заплаты бязулі, затым на заплату бязулі аберне іх.
Усе балваны яе будуць разьбіты і ўсе любадзейныя дары яе спалены будуць агнём, і ўсіх ідалаў яе аддам на разбурэньне, бо зь любадзейных дароў яна рабіла іх; на любадзейныя дары яны і будуць абернуты.
З гэтае прычыны я плачу а выю, хаджу абдзерты а голы; зраблю жалобу, як смокі, і плач, як совы;
За гэта я буду плакаць і галасіць, буду хадзіць як абрабаваны і аголены, выць, як шакалы, і плакаць, як страўсы,
Бо раны ейныя невылячальныя, бо прышло аж да Юды, дасьпела аж да брамы люду Майго, аж да Ерузаліму.
бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават да брамы народу майго, да Ерусаліма.
Не абяшчайце ў Ґафе, ані ня плачча; у доме Офра качайся ў пыле.
Не абвяшчайце пра гэта ў Гэце, ня плачце там уголас; а ў селішчы Офра пакрый сябе попелам.
Пераходзь сабе, жыхарка Шафіру, маючы сорам свой заголены; ня выйдзе й жывучая ў Цаанане; плач у Беф-Ецэлю ня дасьць вам адзяржацца ў ім.
Перасяляйцеся, жыхаркі Шафіра, сорамна аголеныя; не ўцячэ і тая, што жыве ў Цаане; плач у селішчы Эцаль ня дасьць вам спыніцца ў ім.
Бо чакаў у клопаце дабра жыхар Марофы, але ліха зышло ад СПАДАРА да брамы Ерузаліму.
Бядуе па сваім дабры жыхарка Мароты, бо сышло бедства ад Госпада да брамы Ерусаліма.
Запражы ў цялежкі борздую жывёлу, жыхарка Лахішу; яна пачатак грэху дачцэ Сыёну, бо ў цябе знойдзены выступы Ізраеля.
Запрагай у калясьніцу борздых, жыхарка Лахіса; ты — пачатак грэху дачкі Сіёнавай, бо ў цябе паявіліся злачынствы Ізраіля.
Затым ты будзеш пасылаць дары да Морэшэф-Ґафу; дамы Ахзыва будуць маніць каралём Ізраельскім.
Таму ты пасылаць будзеш дары ў Марэшэт-Гэт; але селішчы Ахзіва будуць падманам царам Ізраілевым.
Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхару Морэшы, ён прыйдзе да Одуламу, славы Ізраелявае.
Яшчэ нашчадка прывядуць да цябе, жыхарка Марэша; ён пройдзе да Адалама, славы Ізраіля.
Аблысей, астрыжыся па кунежных дзяцёх сваіх; пашыр лысіну, як у варла, бо яны пойдуць у палон ад цябе.
Здымі зь сябе валасы, астрыжыся, смуткуючы па пяшчотналюбасных сынах тваіх; пашыры дзеля іх лысіну, як у лінялага арла, бо яны пераселены будуць ад цябе.