Абакума 1 разьдзел

Кніга прарока Абакума
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Цяжар, каторы відзеў Гавакук прарока.
 
Прарочая ўява, якую бачыў прарок Абакум.

Пакуль, СПАДАРУ, буду я галасіць, і Ты ня будзеш слухаць, загукаю да Цябе праз ўсілства, і Ты не вывальняеш?
 
Дакуль, Госпадзе, я буду заклікаць — і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насільле — і Ты не ратуеш?

Чаму даеш імне бачыць бяспраўе і на гароту глядзець? бо глабаньне а ўсілства перад імною; і ўзьнімаецца вада а сьпярэчка.
 
Навошта даеш мне бачыць зладзейства і глядзець на гароты? Рабунак і насільле перад мною, і паўстае варожасьць і падымаецца разлад.

Ад гэтага перастаець дзеяць Права, і суд не перамагае; бо нягодныя абступілі справядлівага, дык суд выходзе скрыўленым.
 
Ад гэтага закон страціў сілу, і суду правільнага няма: як што бязбожны адольвае праведнага, дык і суд адбываецца перакручаны.

«Гляньце на народы й прыгледзьцеся, і зумейцеся дзівуючыся; бо спраўлю справу за дзён вашых, што не паверыце, як раскажуць вам.
 
Паглядзеце паміж народамі і ўважліва ўгледзьцеся, і вы моцна зьдзівіцеся; бо Я ўчыню ў дні вашыя такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі.

Бо, гля, Я ўзьніму Хальдэяў, народ гаркі а борзды, што пройдзе па ўсёй шырыні зямлі, каб апанаваць селішчы не свае.
 
Бо вось, Я падыму Халдэяў, народ жорсткі і неацугляны, які ходзіць па шырынях зямлі, каб завалодаць селішчамі, якія яму не належаць.

Страшныя а жахлівыя яны; суд іхны а годнасьць іхная выйдзе ад іх самых.
 
Страшны і грозны ён; ад яго самога паходзіць суд ягоны і ўлада ягоная.

І быстрэйшыя за леопарды коні іхныя і айстрэйшыя за вячэрныя ваўкі; і шырака расьцягнуцца коньнікі іхныя, і коньнікі прыйдуць здалеку, палятуць, як арол, што барзьдзіць есьці.
 
Хутчэйшыя за барсаў коні яго і баржджэйшыя за ваўкоў; скача ў розныя бакі коньніца ягоная; здалёку прыходзяць верхаўцы ягоныя, прылятаюць як арол, што кідаецца на здабычу.

Усі дзеля ўсілства прыйдуць; кірунак відаў іхных — на ўсход; і зьбіраюць, як пясок, палоненікаў.
 
Вось ён ідзе на рабунак; памкнуўшы аблічча сваё наперад, ён забірае палонных, як пясок.

І з каралёў яны сьмяюцца, і князі будуць насьмехам ім; з кажнага моцнага гораду будуць сьміяцца, бо насыпяць вал і возьмуць яго.
 
І з цароў ён зьдзекуецца, і князі служаць яму пасьмешышчам; з усякае крэпасьці ён сьмяецца: насыпае абложны вал і бярэ яе.

Тады адменіцца дух ягоны, і загардзее, і ізгрэша думаючы, што Сіла ягоная ад бога ягонага».
 
Тады пышыцца дух ягоны, і ён ходзіць і буяніць; сіла ягоная — бог ягоны.

Ці ня Ты спрадвеку, СПАДАРУ, Божа мой? Сьвяты мой? мы не памрэм; СПАДАРУ, Ты прызначыў іх на суд; Моцны! Ты ўмацаваў іх дзеля паправы.
 
Але ці ж ня Ты здавён Гасподзь Бог мой, Сьвяты мой? мы не памром! Ты, Госпадзе, толькі дзеля суду папусьціў яго. Скала мая! дзеля пакараньня Ты назначыў яго.

Чыстыя вочы Твае, каб бачыць ліха, і глядзець на гароту ня можаш; чаму глядзіш Ты на тых, што дзеюць ізрадліва, маўчыш, як нягодныя глытаюць справядліўшых за іх,
 
Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго,

І чыніш людзёў, як рыбу ў мору, як паўзуны, што няма дзяржаўцы над імі?
 
і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?

Выцягнуць усіх іх вудою, загартаюць іх у сець сваю і забіраюць іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешацца а веселяцца.
 
Усіх іх цягне вудаю, хапае ў сетку сваю і забірае іх у нераты свае, і ад таго радуецца і трыюмфуе.

За тое абракаюць сеці сваёй і кадзяць трыгубіцы сваёй, бо ад іх сытая дзель іхная і сытая ежа іхная.
 
За тое прыносіць ахвяры сеткі сваёй і кадзіць нерату свайму, бо ад іх тлустая частка яго і раскошная ежа ягоная.

Ці дзеля таго спаражняюць сець сваю і кажнага часу забіваць народы не жалеюць?
 
Няўжо дзеля гэтага ён павінен спаражняць сваю сетку і няспынна пабіваць народы бязь літасьці?