Лікі 30 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў Масей сыном Ізраелявым подле ўсяго, што расказаў СПАДАР Масею.
 
І пераказаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што загадаў Гасподзь Майсею.

І гукаў Масей галавам плямёнаў сыноў Ізраелявых, кажучы: «Во слова, што расказаў СПАДАР:
 
І сказаў Майсей правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых, кажучы: вось, што загадаў Гасподзь:

Калі мужчына абяцае абятніцу СПАДАРУ, альбо прысягне прысягаю ўзяць зарок на душу сваю, то ня мае збудзеніць слова свайго; подле ўсяго, што вышла з вуснаў ягоных, няхай зробе.
 
калі хто дасьць абяцаньне Госпаду, альбо прысягне клятваю, паклаўшы зарок на душу сваю, дык ён не павінен парушаць слова свайго, а павінен выконваць усё, што выйшла з вуснаў ягоных.

І калі жонка абяцае абятніцу СПАДАРУ, і зарокам зарачэцца ў доме айца свайго ў дзявоцтве сваім;
 
Калі жанчына дасьць абяцаньне Госпаду і накладзе на сябе зарок у доме бацькі свайго, у маладосьці сваёй,

І пачуе ацец абятніцу ейную й зарок ейны, каторым яна заракла душу сваю, і прамоўча ёй айцец ейны, то збудуцца ўсі абятніцы ейныя і ўсі зарокі, каторымі яна заракла душу сваю, збудуцца.
 
і пачуе бацька абяцаньне яе і зарок, які яна наклала на душу сваю, і змоўчыць пра тое бацька яе, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і кожны зарок яе, які яна паклала на душу сваю, збудзецца;

А калі забароне ёй ацец ейны таго дня, каторага пачуў, то ўсі абятніцы ейныя й зарокі, каторымі яна заракла душу сваю, ня збудуцца, і СПАДАР даруе ёй, бо забараніў ёй ацец ейны.
 
калі ж бацька яе, пачуўшы, забароніць ёй, дык усе абяцаньні яе і зарокі, якія яна паклала на душу сваю, ня збудуцца, і Гасподзь даруе ёй, бо забараніў ёй бацька яе.

І калі яна замужка, а на ёй абятніца ейная альбо шпаркое слова вуснаў ейных, каторым яна зарок узяла на душу сваю,
 
Калі яна выйдзе замуж, а на ёй абяцаньне яе, альбо слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе,

І пачуе муж ейны, і прамоўча ёй таго дня, каторага ён чуў, то збудуцца абятніцы ейныя й зарокі ейныя, каторымі яна заракла душу сваю, збудуцца.
 
і пачуе муж яе і, пачуўшы, змоўчыць, дык абяцаньні яе збудуцца, і зарокі яе, якія яна наклала на душу сваю, збудуцца;

А калі муж ейны таго дня, каторага пачуў, забароне ёй, дык узруша абятніцу ейную, каторая на ёй, і шпаркое слова вуснаў ейных, каторым яна заракла душу сваю, і СПАДАР даруе ёй.
 
а калі муж яе, пачуўшы, забароніць ёй і адкіне абяцаньне яе, якое на ёй, і слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе, і Гасподзь даруе ёй.

Абятніца ж удавы а разьведзенай, чым заракла душу сваю, збудзецца.
 
А абяцаньне ўдавы і разьведзенай, які б яна ні паклала зарок на душу сваю, адбудзецца.

І калі ў доме мужа свайго зрабіла абятніцу, і заракла зарокам душу сваю з прысягаю,
 
Калі жонка ў доме мужа свайго дала абяцаньне, альбо паклала зарок на душу сваю з клятваю,

І муж ейны чуў, І прамоўчыў ёй праз тое, і не забараніў ёй, то збудуцца ўсі абятніцы, і кажны зарок, каторым яна заракла душу сваю, збудзецца.
 
і муж яе чуў, і змоўчаў пра тое, і не забараніў ёй, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і ўсякі зарок, які яна паклала на душу сваю, адбудзецца;

Каліж муж ейны чыста ўзрушыў іх таго дня, каторага чуў, то ўсе, што вышла з вуснаў ейных што да абятніцаў ейных, і зарок душы яе ня збудзецца; муж ейны ўзрушыў іх, і СПАДАР даруе ёй.
 
а калі муж яе, пачуўшы, адхіліў іх, дык усе абяцаньні яе, што выйшлі з вуснаў яе, і зарокі душы яе не адбудуцца: муж яе зьнішчыў іх, і Гасподзь даруе ёй.

Кажную абятніцу й кажнае з прысягаю абавязаньне, дзеля марэньня душы, муж ейны можа пацьвердзіць і муж ейны можа ўзрушыць.
 
Кожнае абяцаньне і кожны зарок з клятваю, каб упакорыць душу, муж яе можа сьцьвердзіць, і муж яе можа адхіліць;

І калі чыста прамоўчыў муж ейны ёй дзень у дзень, то ён пацьвердзіў усі абятніцы ейныя або ўсі зарокі ейныя, каторыя на ёй, ён пацьвердзіў іх, бо ён прамоўчыў ёй у дзень, як чуў гэта.
 
а калі муж яе маўчаў пра тое дзень у дзень, дык ён тым самым сьцьвердзіў усе абяцаньні яе і ўсе зарокі яе, якія на ёй, сьцьвердзіў, бо ён, пачуўшы, маўчаў пра тое;

Калі ж чыста адхінуў іх, просьле тога як пачуў, то ён панясець на сабе бяспраўе яе».
 
а калі адхіліў іх, пасьля таго як пачуў, дык ён узяў на сябе грахі яе.

Гэта ўставы, каторыя расказаў СПАДАР Масею меж мужа й жонкі ягонае, меж айца й дачкі ягонае ў дзявоцтве, у доме айца ейнага.
 
Вось устанаўленьні, якія Гасподзь наказаў Майсею пра адносіны паміж мужам і жонкаю ягонай, паміж бацькам і дачкою ягонай у маладосьці яе, у доме ў бацькі яе.